У прадпрыемстваў узнікаюць праблемы не толькі з-за знешніх абставін, дрэннай кан’юнктуры рынку, слабай тэхналагічнай базы і інш. Нярэдка кампанія пачынае прыходзіць у заняпад, калі супрацоўнікі перастаюць у яе верыць. Карпаратыўны дух — катэгорыя псіхалагічная, паддаецца алічбоўцы вельмі ўмоўна і абстрактна. Тым не менш уцягнутасць супрацоўнікаў — адзін з ключавых фактараў, які ўплывае на эканамічныя паказчыкі, перш за ўсё на інавацыйнасць і прадукцыйнасць працы. А праз іх на іншыя фінансава-эканамічныя вынікі работы кампаніі.
Даследаванні аналітычнай кампаніі Gallup дэманструюць: адна з бед сусветнай эканомікі практычна незалежна ад рэгіёна — зніжэнне ўцягнутасці супрацоўнікаў. Людзі прыходзяць на работу, выконваюць нейкія функцыі, але не цікавяцца ні вынікамі сваіх дзеянняў, ні іх мэтазгоднасцю, ні поспехамі або няўдачамі прадпрыемства... Словам, кампанія жыве сваім жыццём, супрацоўнікі — сваім. І іх інтарэсы, па вялікім рахунку, практычна ніяк не перасякаюцца. Агульная тэндэнцыя ў свеце — калі чалавек ператвараецца ў працоўны рэсурс, а яго эмоцыі, інтэлект, творчыя магчымасці застаюцца за кадрам. Фактычна супрацоўнік прыраўноўваецца да абсталявання, якое валодае пэўным функцыяналам. Вядома, так адбываецца не заўсёды, не ўсюды і не ва ўсіх карпарацыях, але сусветны трэнд прысутнічае. І, на думку экспертаў Gallup, такая тэндэнцыя каштуе сусветнай эканоміцы каля 8-10 працэнтаў ВУП. Напрыклад, ЗША не далічваюцца штогод каля 2 трыльёнаў долараў! Зрэшты, ва ўсіх рэгіёнах гэты паказчык не на вышыні.

Уласна кажучы, карпаратыўная культура — адзін з магутных рэзерваў, які можна задзейнічаць. Прычым, у адрозненне ад глыбокай мадэрнізацыі, фарміраванне якаснага эмацыянальнага асяроддзя патрабуе хутчэй інтэлектуальных намаганняў, як магутных фінансавых патокаў. Вялікая памылка сучаснай эпохі, на якую трапляецца нямала менеджараў (нават дасведчаных), — празмерная вера ў тэхналагічнае развіццё. Станкі з магутнымі працэсарамі, вытворчыя лініі з выкарыстаннем магчымасцяў нейрасетак, робаты, аўтаматычныя і аналітычныя сістэмы пераварочваюць з ног на галаву практычна ўсе індустрыі. Але якімі б ні былі разумнымі, хуткімі і кемлівымі электронныя сістэмы, яны ўсё роўна застаюцца рукатворнымі. Алгарытмы, па якіх працуе ШІ, распрацоўваюцца і ўкараняюцца людзьмі. Самы дасканалы робат патрабуе наладжвання, абслугоўвання, сэрвісу і рамонту. Для гэтага неабходны не проста кваліфікаваны, але і матываваны персанал. Прычым стымулы павінны быць не толькі матэрыяльныя, але і маральныя. У адваротным выпадку самая сучасная і дарагая тэхніка вельмі хутка выходзіць са строю і замест прарыву прыносіць вытворчасці адны страты: інвестыцыі вялізныя, таму прастоі такога абсталявання абыходзяцца вельмі дорага.
Інавацыйныя прадукты ствараюцца таксама людзьмі. Розныя лічбавыя рашэнні аблягчаюць жыццё наватараў, хутка выконваюць руцінныя вылічэнні, аперацыі. Аднак ініцыятарам новых тэхналогій і прадуктаў з’яўляецца па-ранейшаму чалавек. Штучны інтэлект, безумоўна, — наймагутнейшы рухавік прагрэсу сучаснай эпохі, але ў нейкіх момантах яго, прама скажам, пераацэньваюць (прынамсі, пакуль) і празмерна піяраць — у фінансава-біржавых і палітычных мэтах. Нейрасеткі не ўсёмагутныя. Высветлілася, што, нягледзячы на вялізныя ўкладанні ў ІT-складнік, чыста лічбавая распрацоўка тых жа новых прэпаратаў грашыць дастаткова вялікімі памылкамі і тупіковымі хадамі. Яны выяўляюцца на стадыі клінічных выпрабаванняў. Даказана: ШІ ў фармакалогіі не настолькі моцны, як гэта ўяўлялася. І для распрацоўкі новых сродкаў, спосабаў лячэння патрабуецца па-ранейшаму задзейнічаць вялізны інтэлектуальны чалавечы патэнцыял.

Рабатызацыя і аўтаматызацыя таксама не здольныя вырашыць усе праблемы прамысловасці. Высокапрадукцыйнае і дакладнае абсталяванне эфектыўнае толькі тады, калі ёсць тэхналогія вытворчасці тых ці іншых вырабаў; калі ўвесь вытворча-тэхналагічны працэс адпрацаваны поўнасцю, у тым ліку ў ручным рэжыме. Праведзены ўсе замеры, неабходныя выпрабаванні, канструктарскія дапрацоўкі і цэлы шэраг іншых працэсаў. Калі тэхналогіі няма ці яна «сырая», робат будзе хутка вырабляць тавар, але вось якасным апошні не будзе.
Словам, у эканоміцы па-ранейшаму вядучую ролю займае чалавек. Са сваімі перавагамі, недахопамі, марамі, чаканнямі, расчараваннямі, радасцямі і бедамі... З усім наборам эмоцый, якія наўпрост ці ўскосна ўплываюць на яго настрой, а, адпаведна, і на прадукцыйнасць працы, і на ўспрымальнасць інавацый, і на лаяльнасць да кампаніі. Дарэчы, гэта датычыцца не толькі шараговых супрацоўнікаў, але і менеджараў сярэдняга, і нават найвышэйшага звяна. Так, кіраўнік таксама часта не поўнасцю ўцягнуты ў сваю работу.
Пры ўяўнай прастаце і відавочнасці праблема карпаратыўнага асяроддзя далёка не простая. Псіхалагічная атмасфера ў калектыве залежыць ад мноства фактараў і з’яўляецца шматслаёвай. Неабходна ўлічваць і вытворчую спецыфіку, і сацыяльны партрэт супрацоўнікаў, і мноства іншых нюансаў. Ёсць нейкія агульныя падыходы і правілы, але кожны калектыў з’яўляецца ўнікальным. Карпаратыўны дух — адзін з важных канкурэнтных фактараў кампаніі на рынку працы, асабліва ў беларускіх рэаліях. Будзем рэалістамі: мы мяжуем з дзвюма вельмі магутнымі эканомікамі — расійскай і еўрапейскай. Апошняя знаходзіцца не ў самым лепшым стане, але валодае дастаткова магутным рэсурсам для прыцягнення супрацоўнікаў. Расійскі вектар яшчэ больш беспраблемны: адсутнічаюць візавыя, моўныя і іншыя бар’еры. І кожны з нашых суседзяў мае патрэбу ў кваліфікаваных работніках. У сілу розных прычын выйграць выключна за кошт заработнай платы многім нашым кампаніям не пад сілу, паколькі вялікія заходнія і ўсходнія карпарацыі валодаюць больш магутным фінансавым рэсурсам. Таму карпаратыўнае асяроддзе, псіхалагічны камфорт з’яўляюцца адной з сур’ёзных нашых магчымасцяў па ўтрыманні і прыцягненні кадраў.
Акрамя таго, відавочная неабходнасць у глыбокай мадэрнізацыі нашай эканомікі. Запушчаны інвестыцыйныя цыклы, на нацыянальным узроўні вызначаны прыярытэты, дзяржаўныя праграмы, мэты і задачы. І зараз іх неабходна рэалізоўваць на карпаратыўным узроўні. Укараненне робатаў, лічбавых рашэнняў, нейрасетак і розных іншых інавацый апошняй хвалі, з аднаго боку, павінна змяніць наш рэальны сектар. З другога боку, калектывам прадпрыемстваў давядзецца выходзіць з зоны камфорту, са звыклых, гадамі адпрацаваных бізнес-працэсаў. Мадэрнізацыя — працэс тэхналагічны, матэрыяльны, але адначасова з вялікім псіхалагічным складнікам. Паспяховыя кейсы (у тым ліку і беларускія) дэманструюць: тэхнічнае пераўзбраенне праходзіць найбольш паспяхова і эфектыўна, калі ўвесь калектыў уцягнуты ў працэс — ад дырэктара да падсобнага рабочага. Калі кожны супрацоўнік разумее, што адбываецца на прадпрыемстве, з якой мэтай і якія бенефіцыі ўзнікнуць асабіста ў яго ў выпадку поспеху праекта, а таксама сваю ролю ў гэтым працэсе. І карпаратыўны дух, асяроддзе нярэдка з’яўляюцца ледзь ці не вызначальнымі ў інавацыйных праектах. Іншае пытанне, што не ва ўсіх кампаніях гэтаму аддаюць належную і прафесіянальную ўвагу. А па гэтым жа кірунку ў нас ёсць сур’ёзны рэзерв. І яго неабходна выкарыстоўваць.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ