Top.Mail.Ru

Роля прыватнага бізнесу ў беларускай эканоміцы істотна вырасла

Прыватны бізнес займае немалую долю ў беларускай эканоміцы. Недзяржаўны сектар фарміруе палову ВУП, забяспечвае 37 працэнтаў прамысловай вытворчасці, менавіта на яго прыпадаеф трэць усіх інвестыцый. «Таму развіццё камфортнага бізнес-асяроддзя — адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай эканамічнай палітыкі», — гэтыя словы Прэзідэнта на сустрэчы з прадстаўнікамі прадпрымальніцкай супольнасці дзяржава не раз падтрымала канкрэтнымі справамі. Прэферэнцыі, якія даюцца прыватнікам, ільготныя крэдыты, лагодная падатковая палітыка — усё гэта дазваляе бізнесу развівацца, адкрываць новыя прадпрыемствы, ствараць дзясяткі, а то і сотні новых працоўных месцаў, што асабліва важна для рэгіёнаў. З 208 праектаў, якія рэалізоўваюцца ў рэгіёнах паводле ініцыятывы Прэзідэнта «Адзін раён — адзін праект», 116 — малога і сярэдняга бізнесу.


Ад прыватнікаў Прэзідэнт патрабуе няшмат: быць дзяржаўнымі людзьмі. Працаваць на краіну, якая дала магчымасць развівацца, і яе жыхароў. Выпускаць прадукцыю, аказваць паслугі, патрэбныя гэтай краіне. Пакідаць заробленыя грошы тут, укладваць іх у карысныя справы, а не выводзіць іх за мяжу. А ў прынцыпе, калі любіш сваю краіну, калі хочаш, каб у ёй жылі твае дзеці і ўнукі, — хіба можна рабіць неяк інакш?

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі прадпрымальніцкай суполкі, на якой Прэзідэнт вельмі дакладна абазначыў умовы існавання і развіцця прыватнага бізнесу ў нашай краіне, абмяркоўваецца і ў асяроддзі «прыватнікаў», і ў дзяржаўных кабінетах. «Звязда» сабрала меркаванні экспертаў. Сярод іх — і дзяржслужачыя, і прадстаўнікі прыватнага сектара, некаторыя з якіх прысутнічалі непасрэдна на сустрэчы ў Палацы Незалежнасці.

Сяргей Налівайка, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці:

— У краіне створана камфортнае асяроддзе для падтрымкі і развіцця бізнесу. І прыватны бізнес наглядна дэманструе гэта на практыцы. Інвестараў задавальняе стабільнасць, празрыстасць, прадказальнасць. 

Самае галоўнае, каб у інвестараў была ініцыятыва. А калі ёсць нейкія складанасці, мясцовыя і рэспубліканскія органы ўлады падтрымаюць. Адзінае патрабаванне, каб прадпрымальнікі былі законапаслухмяныя і сацыяльна адказныя. 

Любы вытворца, які сёння прысутнічае на рынку, канкурыруе, развіваецца, можа таксама ўплываць на якасць жыцця нашых грамадзян: стварэннем працоўных месцаў, годнай зарплатай, імпартазамяшчальнай прадукцыяй. Усё гэта ўпісваецца ў катэгорыю паляпшэння якасці жыцця беларусаў, таму што моцныя суб’екты гаспадарання — гэта моцныя рэгіёны. А моцныя рэгіёны — моцная краіна.

Павел Ашурык, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама, член Савета Рэспублікі:

— Адным з драйвераў росту эканомікі побач з іншымі фактарамі ў нашай краіне заўсёды выступаў бізнес. Сустрэча з прадстаўнікамі прыватных прадпрыемстваў нашай краіны, якая прайшла на такім высокім узроўні, сведчыць аб намеры дзяржавы на роўных умовах кансалідаваць намаганні прыватных і дзяржаўных рэсурсаў для далейшага паступальнага развіцця эканомікі нашай краіны. 

Па сутнасці, гэта сігнал усёй прадпрымальніцкай супольнасці і дзяржаўным структурам аб пацвярджэнні магчымасці дзяржавы і прыватных прадпрыемстваў супрацоўнічаць на ўзаемавыгадных умовах, абмяркоўваць існуючыя праблемы і вызначаць канцэптуальныя асновы для стварэння зразумелых, камфортных умоў работы бізнесу. 

Трэба звярнуць увагу, што на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы прысутнічалі не толькі прадстаўнікі прыватных структур, дзе раней пабываў Прэзідэнт, але і іншыя паспяховыя прадпрымальнікі.

Істотным уяўляецца меркаванне, што цяпер у развіцці прыватнага бізнесу ў нашай краіне найбольш важнай з’яўляецца ў першую чаргу вытворчасць тавараў. Відавочна, пры стварэнні вытворчасці з’яўляюцца новыя працоўныя месцы, якія сёння неабходны ў рэгіёнах. Існуючая сістэма фінансавых і нефінансавых інструментаў падтрымкі прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці дае магчымасць гаварыць аб паўнацэнным супрацоўніцтве дзяржавы і прадпрымальнікаў у нашай краіне. Сустрэча з кіраўніком дзяржавы дэманструе напрацаваную практыку адносін бізнесу і дзяржавы і гатоўнасць далей абмяркоўваць існуючыя бар’еры для далейшага канструктыўнага супрацоўніцтва, чаго нельга сказаць пра некаторыя суседнія краіны, дзе дзяржава гатова пайсці на радыкальныя меры для прасоўвання неабдуманых палітычных амбіцый на шкоду інтарэсам сваіх людзей і эканоміцы.

Валянцін Байко, намеснік дырэктара па развіцці СТАА «Контэ Спа», член Савета па развіцці прадпрымальніцтва, член Савета Рэспублікі:

— Сустракаючыся з прадстаўнікамі прыватных прадпрыемстваў, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што развіццё камфортнага бізнес-асяроддзя — адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай эканамічнай палітыкі. 

Я цалкам згодзен, што ў нас у краіне няма так званых недзяржаўных прадпрыемстваў, ёсць прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці, і ўсе яны нясуць адказнасць перад краінай, перад беларускім народам. Усім, хто працуе на карысць грамадства, дзяржава заўсёды падставіць фінансавае плячо.

Многія лічаць, што будаваць сумленны бізнес немагчыма, але гэта не так. У Беларусі створаны роўныя ўмовы для тых, хто працуе добрапрыстойна і па законе. Сёння СТАА «Контэ Спа» — брэнд, які ведаюць і любяць мільёны жанчын не толькі ў Беларусі, але і па ўсім свеце. І гэта дзякуючы працы нашых людзей і той падтрымцы, якая аказваецца дзяржавай. У Прэзідэнта да нас адно галоўнае патрабаванне: «Працуйце сумленна». І мы працуем. Абсалютна празрыста і адкрыта. У нас няма слова «схема», мы працуем з «белымі» пастаўшчыкамі і прадаём прадукцыю «белым» пакупнікам, таму спім спакойна.

Займацца бізнесам павінны тыя, хто разумее меру адказнасці за свае прадпрыемствы, за людзей, якія там працуюць, за Беларусь. Я думаю, што менавіта гэты найважнейшы пасыл жадаў данесці да ўсіх нас Прэзідэнт, уздымаючы тэму развіцця прадпрымальніцкага сектара эканомікі.

Дзяніс Карась, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў:

— Сустрэча Прэзідэнта з прадпрымальнікамі сведчыць аб тым, што для кіраўніка дзяржавы важны і каштоўны кожны чалавек. І дзяржаўныя ўлада гатова да дыялогу з кожным.

У нашай краіне кожны чалавек павінен прыняць меры для таго, каб будучаму пакаленню тут жылося камфортна і бяспечна, няважна, у якім сектары эканомікі ты працуеш: прыватным ці дзяржаўным. 

Я шмат маю зносін з кіраўнікамі прыватных прадпрыемстваў, у тым ліку і ў сваёй акрузе. І падтрымка з боку дзяржавы, якая праяўляецца як пэўнымі нарматыўна-прававымі актамі, так і фінансавай дапамогай (калі ўзнікае патрэба), вельмі станоўча ўспрымаецца прыватным бізнесам. Здаровая канкурэнцыя, якая ёсць у нашай краіне, дае магчымасць цывілізавана, спакойна развіваць прыватны бізнес, таму што прыстойнасць кіраўніка дзяржавы, нашых законаў у гэтым пытанні гаворыць сама за сябе. Таму не мае значэння, якой формы ўласнасці прадпрыемства. Калі мы нацэлены на стварэнне камфортнай будучыні нашай дзяржавы, то працаваць павінен кожны.

З вопыту свайго камунікату з прадстаўнікамі прыватнага сектара магу сказаць: яны дзейнічаюць у інтарэсах нашай дзяржавы. А значыць, яны ўжо дзяржаўныя людзі.

Днямі абмяркоўвалі гэта пытанне ў акрузе. Бізнесмены хочуць жыць у сваёй краіне, хочуць, каб іх дзеці атрымалі ў гэтай краіне адукацыю, каб яны засталіся тут, а не з’ехалі за мяжу. Таму яны гатовы рабіць усё, што ў іх сілах, каб дзяржава квітнела і была эталонам тых магчымасцяў, якія створаны для чалавека.

Людміла Сапега, генеральны дырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя», член Савета Рэспублікі:

— Сам факт адкрытай гутаркі Прэзідэнта з прадстаўнікамі прыватнага сектара эканомікі сведчыць аб тым, што дзяржава не мае намеру пакідаць айчынных прадпрымальнікаў сам-насам з іх праблемамі. 

Упэўнена, што канструктыўны дыялог паслужыць справе якаснай мадэрнізацыі экасістэмы для айчыннага бізнесу, які, як было агучана, з’яўляецца істотнай часткай беларускай эканомікі, на чыю долю прыпадае амаль палова ВУП краіны.

Але роля прыватных прадпрымальнікаў у дзяржаўным будаўніцтве не павінна абмяжоўвацца толькі адлічэннем падаткаў у казну. Менавіта такую выснову можна зрабіць з заявы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што ў Беларусі няма і не можа быць недзяржаўных прадпрыемстваў. Па форме ўласнасці — так, але не па змесце. Як было сказана на нарадзе, калі грошы зарабляюцца ў Беларусі, то і траціцца яны павінны тут. На дабрачыннасць, на сацыяльна значныя праекты, на аказанне дапамогі мясцовым органам улады ў добраўпарадкаванні тэрыторый, вырашэнні іншых пытанняў. Па меншай меры, гэта будзе сумленна ў адносінах да краіны і яе народа.

Алена Стальбоўская, начальнік філіяла Банка развіцця Рэспублікі Беларусь у Гродне, член Савета Рэспублікі:

— Сёння ў Беларусі дзейнічаюць шматлікія інструменты і формы падтрымкі бізнес-ініцыятыў. Гэта, перш за ўсё, базавыя інструменты аказання садзейнічання суб’ектам інвестыцыйнай дзейнасці ў частцы атрымання падатковых і мытных ільгот, арэндных і іншых прэферэнцый як па тэрытарыяльным прынцыпе — для рэзідэнтаў спецыяльных тэрыторый (свабодныя эканамічныя зоны, тэхнапаркі, аграрныя і хуткарослыя рэгіёны, напрыклад), так і для рэалізацыі канкрэтных праектаў, прэферэнцыйныя інвестыцыйныя дагаворы і г. д.

Існуе магчымасць прыцягваць для фінансавання інвестыцыйных праектаў спецыяльныя крэдытныя прадукты, якія выдзяляюцца на камфортных для бізнесу ўмовах. Адным з такіх і з’яўляецца прадукт «Інвестыцыйнае развіццё», які даецца пад 8 працэнтаў гадавых у беларускіх рублях для мэт рэалізацыі праектаў ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». Рэалізацыя такіх праектаў мае важнае для краіны значэнне, паколькі яны накіраваны на стварэнне новых тэхналагічных інавацыйных вытворчасцяў у кожным рэгіёне краіны са стварэннем дадатковых рабочых месцаў з колькасцю не менш як 20 чалавек і забеспячэннем лакалізацыі імпартазамяшчэння. І сёння мы з упэўненасцю канстатуем, што магчымасць выкарыстоўваць спецыяльны крэдытны прадукт з’явілася дадатковым стымулам інвестыцыйнай актыўнасці бізнесу ў рэгіёнах.

Найважнейшым элементам эфектыўнай эканомікі нашай краіны сёння з’яўляецца экспарт. І тут дзяржава таксама «падстаўляе плячо» бізнесу, сфарміраваўшы сістэму шматузроўневай падтрымкі беларускіх вытворцаў, уключаючы інструменты фінансавай падтрымкі экспарцёраў, механізмы, якія стымулююць канчатковага пакупніка беларускіх тавараў і паслуг за мяжой.

Фарміраванне і развіццё камфортнага бізнес-асяроддзя было і застаецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай эканамічнай палітыкі. Асноўны пасыл — запоўніць унутраны рынак уласнай вытворчасцю. Любое прадпрыемства — дзяржаўнай або прыватнай формы ўласнасці — павінна працаваць на карысць Беларусі і беларускага народа. І галоўнае тут, як сказаў Прэзідэнт, «працаваць сумленна».

Ала Смаляк, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, член Савета Рэспублікі:

— Прапановы, ініцыятывы, бачанне пэўных крокаў, якія паступаюць ад прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, заўсёды знаходзяць водгук і нярэдка затым атрымліваюць рэальнае ўвасабленне. Прыкладам таму можа паслужыць і мінулы канструктыўны дыялог улады і бізнесу па Законе «Аб змене законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці».

Акрамя таго, пастаянна пашыраецца спектр інструментаў падтрымкі бізнесу, ільгот і прэферэнцый. Усё больш магчымасцяў і пунктаў росту. Адна з іх — удзел бізнесу ў ініцыятыве Прэзідэнта «Адзін раён — адзін праект». Аб гэтым у тым ліку ішла размова і на сустрэчы ў Прэзідэнта. Як было адзначана, прыватны бізнес актыўна падтрымаў дадзеную ініцыятыву. 

Па праграме «Адзін раён — адзін праект» у рэгіёнах менавіта малы і сярэдні бізнес рэалізоўвае больш за палову праектаў. Калі ў лічбах, то гэта 116 праектаў з 208. Ёсць упэўненасць, што такая практыка будзе пашырацца. 

Бо яна адкрывае мноства даляглядаў і для самога прадпрымальніка, і для тэрыторыі, дзе рэалізоўваецца той ці іншы праект. І галоўная ўмова, якая прад’яўляецца да прыватнай ініцыятывы і ў дадзенай праграме, і ў цэлым да бізнес-супольнасці, — гэта адказны падыход і сумленная, празрыстая праца.

Андрэй Сідараў, дырэктар прыватнага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Вітбудтэхмаш», член Савета Рэспублікі:

— Адным з драйвераў росту эканомікі разам з іншымі фактарамі заўсёды выступаў бізнес. Нядаўняя сустрэча на найвышэйшым узроўні з прадстаўнікамі прыватных прадпрыемстваў нашай краіны сведчыць аб намеры кіраўніцтва дзяржавы на роўных умовах кансалідаваць намаганні прыватных і дзяржаўных рэсурсаў.

Прагучала меркаванне, што ў цяперашні час у развіцці прыватнага бізнесу ў Беларусі найбольш важным з’яўляецца ў першую чаргу вытворчасць тавараў. А пры стварэнні новай вытворчасці з’яўляюцца працоўныя месцы, якія сёння так неабходны ў рэгіёнах. 
Сустрэча з Прэзідэнтам дэманструе напрацаваную практыку адносін бізнесу і дзяржавы, гатоўнасць абмяркоўваць праблемы, каб супрацоўніцтва было канструктыўным.

Наша прадпрыемства «Вітбудтэхмаш» амаль 90 % прадукцыі — пад’ёмнай тэхнікі, спецыялізаваных машын — пастаўляе ў Расію, закрываючы пры гэтым патрэбы ўнутранага рынку. Для вытворчасці тэхнікі ў Расіі закупляем ліставы метал і некаторыя электракамплектуючыя, якія не выпускаюцца ў Беларусі. У астатнім імкнёмся максімальна абыходзіцца сваімі сіламі, распрацоўваем праграмнае забеспячэнне і электраабсталяванне.

Я поўнасцю згодны з заклікам кіраўніка дзяржавы аб сумленным вядзенні бізнесу і годным стаўленні да сваіх работнікаў, бо «мы ўсе з народа і калісьці былі беднымі, таму разумеем цану поспеху і чалавечага рэсурсу».

Святлана Жыцінец, намеснік старшыні Хойніцкага райвыканкама:

— У Хойніцкім раёне праводзіцца сістэмная работа па стварэнні новых юрыдычных асоб, прыцягненні інвестараў. Дзейнічае Савет па развіцці прадпрымальніцтва пры райвыканкаме. На 1 лютага 2025 года зарэгістравана 373 суб’екты прадпрымальніцтва, у тым ліку 100 мікра-, малых і сярэдніх арганізацый і 273 індывідуальныя прадпрымальнікі. На пачатак бягучага года зарэгістравана больш за 200 фізічных асоб як самазанятых. Удзельная вага паступленняў ад дзейнасці суб’ектаў малога, сярэдняга бізнесу ў бюджэт раёна складае каля 20 %.

Адзін з прыкладаў эфектыўнасці — вытворчая дзейнасць таварыства з абмежаванай адказнасцю «СПЕЦСлавія». Гэта адно з вядучых беларускіх вытворцаў сертыфікаванага спецадзення і сродкаў абароны рук. На пастаяннай аснове кампанія ўдасканальвае і пашырае асартымент уласнай вытворчасці. На прадпрыемстве заняты 60 чалавек. Таварыства — не толькі паспяховая вытворчасць, але і актыўны ўдзельнік сацыяльнага жыцця Хойніцкага раёна, бярэ ўдзел у важных мерапрыемствах, праектах, накіраваных на развіццё культуры, патрыятычнага выхавання моладзі, адукацыі і спорту. Адзін з кірункаў работы — аказанне спонсарскай дапамогі маламаёмасным сем’ям і людзям, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Ігар Абрамчык, кіраўнік сялянскай фермерскай гаспадаркі «Спартан-Агра» Маладзечанскага раёна:

— Сам Прэзідэнт кажа, што мы гатовыя разглядаць прыватны бізнес як дзяржаўны, а гэта сапраўды вялікі плюс для нас. Калі з боку дзяржавы ствараюцца такія годныя ўмовы для работы прыватнага бізнесу, калі ніхто не ўстаўляе палкі ў колы — грэх не працаваць. 

У нашай краіне ёсць вялікая колькасць кірункаў дзейнасці бізнесу. Мы ў сваю чаргу прыкладаем усе намаганні, каб развіваць увесь бізнес, у тым ліку і экспартаарыентаваны. Нашу беларускую прадукцыю заўжды рады бачыць на замежных рынках. Як гаворыцца, бяры ды рабі, а дзяржава будзе дапамагаць і даваць табе зялёнае святло.

Падтрымка прыватнага бізнесу з боку дзяржавы вельмі важная і для нашай сялянскай фермерскай гаспадаркі. Пасля наведвання яе Прэзідэнтам у верасні мінулага года былі дадзены даручэнні, якія ўжо рэалізоўваюцца. Тады кіраўнік дзяржавы паставіў задачу больш працаваць над айчыннымі сартамі яблык, каб перастаць кланяцца імпартнай садавіне. Таксама не павінна быць недахопу яблыкаў у нашай краіне. Акрамя таго, былі павялічаны праграмы падтрымкі ў раёне субсідзіравання. Дзякуючы такой велізарнай падтрымцы бізнесу з боку дзяржавы з’явілася магчымасць узяць у банку льготны крэдыт, што дае добрае і патрэбнае фінансаванне для закладкі саду. Такіх умоў ніколі не было! Сёння ўсё робіцца для развіцця садаводства! Аднак пры гэтым узнікае пытанне: дзе захоўваць прадукцыю? У сувязі з гэтым распрацоўваецца праграма льготнага фінансавання садавінасховішчаў, якая дасць магчымасць узяць крэдыт пад добры працэнт, каб стварыць тое сховішча.

Вельмі прыемна, што нас падтрымліваюць, ніякіх бар’ераў і перашкод для развіцця бізнесу няма. Ёсць нават магчымасць хутка атрымаць адказ на ўсе хвалюючыя пытанні, а гэта вельмі важна. У нашай краіне ўлады чуюць бізнес і імкнуцца аператыўна вырашаць праблемы. Галоўнае, напэўна, — не замоўчваць, а задаваць пытанні. І яны будуць заўсёды вельмі хутка вырашацца, калі, як сказаў Прэзідэнт, мы не будзем маўчаць.

Па паведамленнях нашых карэспандэнтаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю