Top.Mail.Ru

Робаты не заменяць чалавека, а зробяць яго працу эфектыўнай і камфортнай

Да 2030 года ў Беларусі плануецца не менш за сто робатаў на кожныя 10 тысяч работнікаў. Дзяржава гатова стымуляваць актыўную рабатызацыю.



Аднак, адзначаюць эксперты, спачатку трэба вызначыць крытэрыі эфектыўнасці ўкаранення разумных машын. Аб нюансах замены чалавека робатам на айчынных вытворчасцях адбыўся дыялог на пляцоўцы тэлеканала «Першы інфармацыйны».

Даніна модзе або вытворчая неабходнасць?

Асноўная прычына рабатызацыі, мяркуюць эксперты, — аптымізацыя вытворчых працэсаў з мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі беларускіх вытворцаў. Уплыў гэтага трэнду наўпрост звязаны з павелічэннем прамысловага патэнцыялу краіны.

— Пры выкарыстанні робатаў прыкладна ў тры разы скарачаецца неабходнасць у прыцягненні працоўных рэсурсаў, — аргументаваў папулярны пункт гледжання першы намеснік міністра эканомікі Іван Вежнавец. — Акрамя таго, дзякуючы рабатызацыі мяняецца ўвесь бізнес-працэс. У выніку ўкаранення робата ў тэхналагічны ланцужок пад яго патрабуецца пэўная сыравіна і якасць камплектуючых. А па выніках вытворчага цыкла выстаўляецца высокі ўзровень кантролю.


Зніжэнне сабекошту, аптымізацыя працоўных затрат, рост прадукцыйнасці працы пры высокіх стандартах якасці і, як вынік, — павышэнне канкурэнтаздольнасці. Такой бачаць эксперты логіку развіцця рабатызацыі вытворчага сектара краіны. Укараненне робатаў — не проста трэнд. Гэта перспектыва. Для дзяржавы рабатызацыя — інструмент паскоранага эканамічнага росту. Для чалавека — магчымасць больш поўна рэалізаваць уласны патэнцыял. Дзякуючы разумным машынам можна будзе кардынальна змяніць працоўныя месцы, замясціць людзей на небяспечных і шкодных вытворчасцях рабатызаванымі сістэмамі. Для навукі новы павеў адкрые шлях да развіцця мноства сумежных галін, напрыклад сферы інжынірынгу.

Стымулы для стварэння рабатызаваных вытворчасцяў, лічыць Іван Вежнавец, павінны быць, у першую чаргу, эканамічныя. Гэты прынцып дакладна адлюстраваны ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 198 «Аб стымуляванні рабатызацыі». Дакумент, як пракаменціраваў спікер, дае магчымасць паскорана ўключаць у амартызацыю асноўных сродкаў затраты на ўкараненне робатаў з павышальным каэфіцыентам. «Калі прадпрыемства ўкараняе робата, панесеныя затраты памнажаюцца на 1,5, за кошт гэтага зніжаецца падаткаабкладальная база, — растлумачыў Іван Вежнавец. — На кожныя 100 рублёў, якія ўклаў уласнік у тое ці іншае абсталяванне для рабатызацыі, дзяржава для мэт падаткаабкладання дадае яшчэ 50 рублёў». Наступная мера падтрымкі — вызваленне ад увазнога ПДВ робатаў або камплектуючых для іх стварэння на тэрыторыі краіны, а таксама — магчымасць прыняцця да заліку ў поўным аб’ёме ПДВ па ўкаранёным робаце або робататэхнічнай сістэме. Гэта дазволіць прадпрыемствам сэканоміць абаротныя сродкі.


У сваю чаргу рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій змогуць займацца не толькі непасрэдна стварэннем робатаў, але і спадарожнымі паслугамі: пастаўкай камплектуючых, сэрвісным і гарантыйным абслугоўваннем.

— Кампаніі ПВТ гатовы ўкараняць свае рашэнні ўнутры краіны, — падкрэсліў намеснік начальніка сакратарыята Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій Віталь Тульвінскі. — ІT-сектар актыўна супрацоўнічае з рэальным сектарам эканомікі. Рэзідэнты ПВТ пастаўляюць прадпрыемствам праграмныя апаратныя комплексы, якія ўключаюць як софт, так і «жалеза». І, думаю, хуткім часам мы ўбачым істотныя зрухі ў гэтым кірунку. Размова ідзе аб прамысловых робатах. Проста так «увязаць» такое абсталяванне ў вытворчы працэс немагчыма. У ПВТ ужо напрацаваны адпаведныя кампетэнцыі. Нашы спецыялісты раскладваюць цалкам бізнес-працэс, глядзяць, як туды ўкараніць робата, і пішуць праграмны прадукт для яго. Дадзенае ПЗ незалежнае і цалкам адаптавана пад патрэбы канкрэтнага заказчыка. Шэраг прамысловых прадпрыемстваў не мае магчымасці несці капітальныя выдаткі на набыццё робатаў. У гэтым выпадку можна ўзяць абсталяванне ў арэнду.


У аснове — эканамічная мэтазгоднасць

У Беларусі ўжо ёсць паспяховыя прыклады ўкаранення разумных машын у вытворчасць. І згаданы досвед усяляе ўпэўненасць, што працэс рабатызацыі не забуксуе. Як вядома, у лёгкай прамысловасці традыцыйна пераважала манатонная ручная праца. Але тэхнічны прагрэс, запэўнівае старшыня канцэрна «Беллегпрам» Надзея Лазарэвіч, кардынальна мяняе сітуацыю:

— Лёгкая прамысловасць — не проста швейная вытворчасць. Гэта стварэнне і выпуск тэхналагічных тканін. І вось у названы працэс на прадпрыемствах ужо даўно ўкаранёны робаты. «Магатэкс», «Стужка», «Гранітэкс», Аршанскі льнокамбінат — таму прыклады. У першую чаргу рабатызацыя дазваляе своечасова адсачыць вытворчы брак. Тое, што можа не заўважыць вока чалавека, не прапусціць разумная машына. На сёння ў галіне рабатызавана не больш за дзесяць працэнтаў тэхналагічных працэсаў. Аднак па колькасці запланаваных да набыцця робатаў у найбліжэйшай перспектыве наш сектар у ліку першых. Нашы прадпрыемствы выпускаюць невысокамаржынальны прадукт. І, вядома ж, нам патрэбны і рэсурсы, і магчымасці, каб скарэкціраваць затратную частку, каб быць больш канкурэнтаздольнымі. Стымулюючыя льготы, прадугледжаныя дзяржавай, павінны ў гэтым дапамагчы.

Рашэнне аб правядзенні аўтаматызацыі або рабатызацыі спалучана з дэталёвымі эканамічнымі разлікамі. Што больш выгадна з пункту гледжання канчатковага выніку на канкрэтным вытворчым участку: каманда спецыялістаў або адна машына? Паводле слоў Івана Вежнаўца, падрыхтаваны рэкамендацыі па ацэнцы эканамічнай эфектыўнасці ўкаранення робатаў не постфактум, а на стадыі прыняцця рашэння. Цяпер дакумент праходзіць экспертнае абмеркаванне, дапрацоўваюцца нюансы. Фармальная рабатызацыя, сышліся ў меркаванні спікеры, нікому не патрэбная. Калі, скажам, на паточных вытворчасцях рабатызаваныя лініі неабходныя, то там, дзе выпускаецца адзінкавы тавар, чалавека машына не заменіць.

Пры гэтым ёсць галіны, дзе высокая дакладнасць аперацый, якую можа забяспечыць толькі складаны электронны механізм, жыццёва важная. Адна з іх — медыцына. Робат-памочнік, які з’явіўся ў красавіку гэтага года ў Мінскай абласной клінічнай бальніцы, замяняе цэлую брыгаду медыкаў. Падчас умяшання ў аперацыйным блоку знаходзіцца толькі адзін хірург, які бачыць усё, што адбываецца, у 3D-раздзяляльнасці. Робат дазваляе не толькі павысіць якасць умяшання, але і ў разы паскорыць і сам працэс, і рэабілітацыю пацыентаў. У дадзеным выпадку рабатызаваны комплекс выконвае значную сацыяльную функцыю — захоўвае здароўе людзей.


Асобных прыкладаў прымянення прагрэсіўных праграмна-апаратных комплексаў у нас у краіне нямала. Аднак наколькі спрыяльным для развіцця рабатызацыі з’яўляецца ўнутранае асяроддзе ў цэлым? Першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Яўген Зенчанка прапануе разглядаць такое асяроддзе як адзіную экасістэму:

— Кампаненты такой сістэмы ў цэлым сфарміраваны і знаходзяцца на розным узроўні сталасці. У нас дастаткова моцныя навуковыя школы па гэтым кірунку. Ёсць назапашаны досвед па стварэнні рабатызаваных комплексаў і аўтаматызаваных сістэм. Шэраг НДІ і ВНУ праводзяць даследаванні па машынным зроку, навігацыі, робататэхніцы. Але існуе праблема — хуткасць камерцыялізацыі. Навуковыя распрацоўкі павінны хутчэй ператварацца ў канкрэтныя прадукты і тэхналогіі для нашай прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Цяпер распрацоўваецца комплекс мер па гэтым кірунку. Мы пераходзім ад разрозненых ініцыятыў да стварэння паўнавартаснай экасістэмы рабатызацыі. І тут ад усіх нас залежыць паслядоўнае і скаардынаванае развіццё навукі, вытворчасці і кадраў.

Такім чынам, цяжкую манатонную працу чалавек аддасць робатам. А сярод запатрабаваных прафесійных навыкаў акажацца ўсё, што звязана з кіраваннем бізнес-працэсамі і выбудоўваннем стратэгій развіцця асобных вытворчасцяў і эканомікі ў цэлым. У гэтым і заключаецца сэнс цеснай калабарацыі людзей і машын.

Таццяна ШЧАДРАНОК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю