Top.Mail.Ru

Роўныя і празрыстыя ўмовы. Мінадукацыі аб папярэдніх выніках уступнай кампаніі ў ВНУ

14.08.2025 | 11:47

Уступная кампанія праведзена ў поўнай адпаведнасці з задачамі, пастаўленымі кіраўніком дзяржавы па забеспячэнні роўных умоў для паступлення абітурыентаў. Пра гэта заявіў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч, паведамляе БелТА.



Першы намеснік міністра падкрэсліў, што Мінадукацыі сумесна з органамі дзяржкіравання, ВНУ, заказчыкамі кадраў былі створаны ўсе неабходныя ўмовы для якаснай арганізацыі прыёмнай кампаніі. «Асноўны вынік — прыём у ВНУ завяршыўся практычна 100 % выкананнем плана. Студэнтамі сталі больш за 45,5 тыс. чалавек, з іх бюджэтнай формы — звыш 30,5 тыс., на платнай аснове — 15 тыс. Кожны чацвёрты паступіў у ВНУ Беларусі — гэта будучы інжынер, кожны дзясяты — педагог, медык або работнік АПК. Сёння структура прыёму ў ВНУ адпавядае не толькі жаданням і патрэбам абітурыентаў і іх бацькоў, але і структуры нашай эканомікі. І гэта найважнейшая задача сістэмы адукацыі», — сказаў Аляксандр Бахановіч.

Ён нагадаў, што прыёмная кампанія ў сельскагаспадарчыя ВНУ на завочную форму будзе праведзена ў лістападзе--снежні. Плануецца прыняць каля 2,4 тыс. абітурыентаў, у тым ліку каля 1,1 тыс. — на бюджэт.

«Аналіз уступнай кампаніі паказаў, што яна прайшла вельмі актыўна. Пра гэта сведчаць конкурсы і прахадныя балы, — канстатаваў першы намеснік міністра. — Асаблівая ўвага была ўдзелена прыёму абітурыентаў па спецыяльнасцях, якія, перш за ўсё патрэбныя галінам эканомікі нашай краіны. Па-першае — гэта кадры для АПК, якія забяспечваюць нашу харчовую, а значыць і нацыянальную бяспеку. У выніку залічана каля 3 тыс. Гэта рэкордна высокі паказчык за ўсе апошнія гады. Мы бачым, што меры, якія прымаюцца на дзяржаўным узроўні па падтрымцы працаўнікоў вёскі, работнікаў АПК, даюць свае станоўчыя вынікі».

Таксама сярод рэкордаў — набор на педагагічныя спецыяльнасці, на якія залічана каля 4 тыс. першакурснікаў. Тут высокія конкурсы зарэгістраваныя на спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя», у педагагічным універсітэце конкурс склаў 1,4 чалавека на месца. Запатрабаваны таксама філалагічны кірунак. У БДПУ на спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура» адзначаны конкурс 1,7 чалавека на месца, 1,4 чалавека на месца — на перакладчыцкім кірунку ў БДУ. Акрамя таго, сёлета быў значна павялічаны набор будучых настаўнікаў у БДУ. На кожным профільным факультэце сфарміраваны па дзве групы настаўнікаў фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, біялогіі, хіміі і геаграфіі.

Пры гэтым істотна вырасла колькасць залічаных матываваных і адораных маладых людзей, якія дасягнулі высокіх вынікаў падчас навучання ў школах і каледжах. Такіх абітурыентаў залічана больш за 6,8 тыс., з іх 22 пераможцы міжнародных алімпіяд і конкурсаў, звыш 270 пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд, каля 4,5 тыс. медалістаў, 1,7 тыс. уладальнікаў дыпломаў каледжаў з адзнакай, 135 найлепшых выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, больш за 20 пераможцаў конкурсаў прафмайстэрства.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю