Top.Mail.Ru

Рэйтынг адабрэння дзеянняў ЗША сярод саюзнікаў падае, а Пекіна — расце

Вашынгтон губляе НАТА

Нягледзячы на ваенна-палітычнае саюзніцтва, у эканамічнай і фінансавай сферы ЗША і Еўропа з’яўляліся канкурэнтамі на мяжы антаганізму. Уласна кажучы, адзін са значных матываў паглыблення і пашырэння Еўрапейскага саюза, з’яўленне еўра было жаданнем пазмагацца за месца на геаэканамічным алімпе. Нельга сказаць, што спроба ўвянчалася поспехам. Мудрагелістая знешняя палітыка Дональда Трампа ўжо паставіла Стары Свет у значную залежнасць ад амерыканскіх энерганосьбітаў, сваіх высокатэхналагічных карпарацый, з якімі Брусель вядзе амаль непрымірымую барацьбу. Але маральна-псіхалагічна Амерыка губляе Еўропу. 

З саюзніка-канкурэнта Вашынгтон ператвараецца ў жорсткага саперніка. На гэтым сыходзяцца не толькі палітычная эліта, якая гнутка ўмее мяняць сваё меркаванне, погляды і дыпламатычны вектар, а і грамадская думка, больш устойлівая ў сваіх сімпатыях і непрыязнасці.

Аналітычнае агенцтва Gallup апублікавала даныя маштабнага сацыялагічнага апытання з нагоды адабрэння палітыкі жыхароў краін — членаў НАТА цэнтраў палітычнай і эканамічнай сілы. Рэйтынг ЗША, які ў апошняе дзесяцігоддзе не адрозніваўся фенаменальным узроўнем, катастрафічна падае: ён за мінулы год знізіўся на 14 працэнтных пунктаў. Толькі кожны пяты грамадзянін (21 %) краін — удзельніц Паўночнаатлантычнага альянсу падтрымлівае палітыку Вашынгтона. Больш за ўсё ЗША страцілі ў Германіі (-39 працэнтных пунктаў), Партугаліі (-38 працэнтных пунктаў) і ў Нідэрландах (-20 працэнтных пунктаў). Лідарамі ў групе падтрымкі Белага дома апынулася Турцыя — плюс 12 працэнтных пунктаў. Але жыхары гэтай краіны сталі яшчэ ў большай ступені сімпатызаваць Кітаю — рэйтынг Пекіна вырас на 21 працэнтны пункт.

Калі ж браць настроі ў 27 краінах ЕС, то знешнія складанасці прымусілі іх хутчэй згуртавацца, чым раз’яднацца. Давер Бруселю павышаецца і складае звыш 60 % (у 2012 годзе было каля 40 %). Прычым у 19 краінах рэйтынг Еўрасаюза перавышае 50 %. У астатніх 8 дзяржавах рэйтынг ніжэй сярэдніх паказчыкаў, але дэманструе станоўчую дынаміку, за выключэннем Венгрыі, Румыніі і Балгарыі.

Адабрэнне дзеянняў ЗША ў дзяржавах Еўрапейскага блока імкліва падае: з больш чым 40 % у 2023 годзе да 20 % у 2025 годзе. А вось Кітай некалькі палепшыў свой імідж і абагнаў амерыканцаў з вынікам у 22 %. Нават Расія прырасла ў даверы еўрапейцаў на цэлых тры працэнтныя пункты! Атрымліваецца, што тактычныя і стратэгічныя апаненты Вашынгтона (прынамсі, так прапісана ў іх стратэгіі нацыянальнай бяспекі) выйграюць псіхалагічную барацьбу за розумы і душы Старога Свету. Пакуль з еўрапейскіх краін НАТА толькі ў дзвюх больш палавіны грамадзян падтрымліваюць палітыку ЗША — Польшча (68 %) і Албанія (64 %). Горшы для амерыканцаў вынік дэманструюць Швецыя (9 %), Ісландыя (9 %) і Нарвегія (10 %), прычым апытанне праводзілася ў сакавіку—кастрычніку мінулага года. Яшчэ да аперацыі па выкраданні прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры (да гэтай аперацыі еўрапейцы паставіліся стрымана негатыўна) і гучных заяў аб Грэнландыі з боку Белага дома. Калі ж браць, так бы мовіць, камандны залік, то Кітай ужо выйграе ў ЗША ў НАТА. У Пекіна значна больш высокія рэйтынгі даверу, чым у Вашынгтона, у 8 краінах, а ЗША толькі ў трох значна апярэджваюць Кітай (мінімум на 10 працэнтных пунктаў). Яшчэ дваццаць дзяржаў альянсу даюць падобныя ацэнкі двум сусветным лідарам у межах статыстычнай хібнасці.

Мяркуючы па ўсім, у Штатах вельмі занепакоеныя разваротам еўрапейскіх саюзнікаў, якіх так і хочацца назваць былымі. Ці амаль былымі. ЕС адрозніваецца бюракратыяй, нястрымным пратэкцыянізмам у эканамічнай сферы і глыбокім эгаізмам у мностве іншых пытанняў, як і пэўным дагматычным стылем мыслення ў некаторых пытаннях маральнага 

характару і поглядамі на палітычны лад сваіх партнёраў. Цалкам годны пералік, каб выклікаць раздражненне, асабліва ў такога экспрэсіўнага чалавека, як Дональд Трамп. Але ў геапалітыцы перамагаюць не эмоцыі, а халодны, прагматычны, часам нават цынічны разлік. Выказаўшы неаднаразова на працягу мінулага года грэбаванне да Старога Свету, амерыканцы раптам усвядомілі, што перагнулі палку і саюзнікаў у іх не вельмі і шмат. А кажучы прасцей — такія адсутнічаюць наогул. Між тым у Еўропы багаты гістарычны вопыт і канфрантацыі, супрацоўніцтва і з краінамі Азіі, і з Расіяй, і з Блізкім Усходам. І палітычныя, эканамічныя, культурныя сувязі на Еўразійскім мацерыку існавалі яшчэ з тых часоў, калі лічылася, што за геркулесавымі слупамі (старажытная назва Гібралтарскага праліва) зямлі больш няма. Сувязі на еўразійскай прасторы няпростыя, поўныя драматычных перыядаў у мінулым, але і нямала было пазітыўных кантактаў. Таму ёсць аснова для аднаўлення зносін на новым узроўні.

Цяпер амерыканцы імкнуцца адыграць назад. І вось ужо на Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы едзе не экспрэсіўны да грубасці Джэй Дзі Вэнс, а дыпламатычны дзяржсакратар Марка Рубіа. І калі летась экспрэсіўна-ганарысты Джэй Дзі Вэнс дзёрзка апусціў еўрапейскую палітыку, кідаючы амаль абвінавачванні ў яе памылках і агрэхах (трэба адзначыць, у значнай ступені выкарыстоўваючы праўдзівую фактуру), то сёлета гаворка прадстаўніка ЗША будавалася кампліментарна да ліслівасці. Успаміналіся і стварэнне каланіяльнай Амерыкі еўрапейскімі каланістамі, адзінства генетычнае і культурнае, прыхільнасць амаль адным і тым жа маральна-этычным каштоўнасцям... Выснова — трэба неяк дамаўляцца. Што з’яўляецца цалкам лагічным, але як паступіць з меркаваннем еўрапейскіх абывацеляў, якія ўжо не вельмі давяраюць ЗША? І сёння ў многіх краінах ЕС палітыкі, публічна і цёпла паціснуўшы руку Вашынгтону, могуць страціць унутраны давер. Магчыма, нават да ўзроўню палітычнага крызісу. Мяркуючы па рэйтынгах, у ЕС ЗША ўжо асцерагаюцца не менш Кітая ці Расіі. Першы — далёка. Другая, пры ўсіх асцярогах, пакуль не прад’яўляе да еўрапейцаў нейкіх тэрытарыяльных або маёмасных прэтэнзій. У той час як ЗША цалкам выразна выказваюць гатоўнасць да новых набыткаў за чужы кошт. І ў цэлым паводзяць сябе досыць рашуча і агрэсіўна. Вельмі цікавая канфігурацыя складваецца ў геапалітычнай прасторы. Парадаксальная да такой ступені, што адзіная Еўразійская прастора ад Жоўтага мора да Ла-Манша не здаецца такой ужо і недасяжнай.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю