Улады Украіны прынялі рашэнне аб канфіскацыі актываў беларускага холдынга «Гомсельмаш». Пра гэта паведаміла БелТА.
Раней Вышэйшы антыкарупцыйны суд (ВАКС) Украіны прыняў да разгляду іскавую заяву Мінюста аб спагнанні ў даход дзяржавы актываў «Гомсельмаша». Адзначалася, што іскавая заява да «Гомсельмаша» пададзеная ў рамках закона «Аб санкцыях», якім прадугледжана «канфіскацыя ўсёй маёмасці Расіі і звязаных з ёй краін». Пры гэтым вядома, што «Гомсельмаш» ужо знаходзіцца пад украінскімі санкцыямі з мая 2023 года.
ВАКС 27 кастрычніка цалкам задаволіў іскавую заяву Мінюста. «Вышэйшым антыкарупцыйным судом прынятая пастанова, якой цалкам задаволена іскавая заява Міністэрства юстыцыі Украіны аб прымяненні санкцыі да Беларускага дзяржаўнага прадпрыемства ААТ «Гомсельмаш», — гаворыцца ў паведамленні.
Указваецца, што апеляцыйная скарга на рашэнне суда можа быць пададзена ў апеляцыйную палату на працягу пяці дзён з дня складання поўнага рашэння і яго апублікавання на афіцыйным вэб-сайце ВАКС.
Раней стала вядома, што ВАКС 9 красавіка задаволіў іск Мінюста Украіны да ААТ «Беларуськалій» па прымяненні санкцыі ў выглядзе спагнання ў даход дзяржавы маёмасці падсанкцыйнай асобы. У выніку ў даход украінскай дзяржавы, у прыватнасці, спагналі больш за 70 тыс. т калію хлорыстага, грашовыя сродкі ў эквіваленце больш чым 250 млн грн (каля $4,2 млн), 1545 чыгуначных вагонаў і 48 % статутнага капіталу ТАА «Аграрозквіт» (даччынае гандлёвае прадпрыемства Беларускай калійнай кампаніі).