Прагляд навагодніх фільмаў — адна з магчымасцяў знайсці святочны настрой і нават ізноў паверыць у казку ці хоць ненадоўга пажыць у атмасферы аўтарскіх фантазій.
Таму даём рэкамендацыі, дзе і што падобнай тэматыкі можна ўбачыць у найбліжэйшыя выхадныя. Напрыклад, у эфіры сацыякультурнага тэлеканала ў суботу нас чакае паказ мультыплікацыйнага фільма «Дванаццаць месяцаў». Кінагісторыю па матывах аднайменнай казкі С. Я. Маршака ад рэжысёраў Івана Іванова-Вано і Міхаіла Ботава 1956 г. зможам убачыць на тэлеканале «Беларусь 3» раніцай 4 студзеня. А ў нядзелю нам пакажуць казку Аляксандра Роу «Варвара краса, доўгая каса» (1969 г.). Гісторыя прыгод і цудаў па матывах балады Васілія Жукоўскага «Казка пра цара Берандзея» — на нашых тэлеэкранах 5 студзеня.
Дарослым у вячэрнім эфіры ў гэты дзень таксама цікава будзе паглядзець музычную казку-прытчу «Звычайны цуд» (1978 г.) ад рэжысёра Марка Захарава. Кінематаграфічная, але разам з тым вельмі тэатральная версія мудрай і шматпланавай п’есы Яўгенія Шварца дае гледачам магчымасць апынуцца ў атмасферы чароўных прыгод, дзе галоўны цуд — каханне, здольнае перамагчы любое злое чараўніцтва.
У эфіры тэлеканала «Расія-Культура» ў суботу 4 студзеня пакажуць мастацкі фільм «Па шчупаковым загадзе» Аляксандра Роу, зняты па матывах рускіх народных казак. А вось у нядзелю
5 студзеня на тэлеканале «Беларусь 1» нас чакае прэм’ерны паказ мастацкага фільма з такой жа назвай, але ўжо ў сучасным прачытанні рэжысёра (у жанры фэнтэзі) Аляксандра Вайцінскага.
Фота БелТА