Top.Mail.Ru
233

Рэспубліканскі форум сельскай моладзі праходзіць у Столінскім раёне

25–26 лістапада Столін стаў цэнтрам прыцягнення актыўнай сельскай моладзі з усёй краіны. Тут праходзіць рэспубліканскі форум «Вёска — тэрыторыя развіцця», які сабраў перспектыўных спецыялістаў аграрнай і сацыяльнай сферы.


Арганізатарамі форуму выступаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі сумесна са Столінскім райвыканкамам пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Форум аб’яднаў каля 100 маладых работнікаў аграпрамысловага комплексу і сацыяльнай сферы вёскі. У яго рабоце прымаюць удзел кіраўнікі профільных міністэрстваў, выканаўчай улады, БРСМ. Падчас мерапрыемства адзначылі пераможцаў рэспубліканскага конкурсу БРСМ «Моладзь за ўраджай». Пераможцамі ў намінацыі «Маладзёжны экіпаж камбайнераў, які дасягнуў найбольшага намалоту» сталі камбайнеры ААТ «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага» (Магілёўская вобласць) Андрэй Дрозд і Аляксандр Краўцоў з вынікам 4330 т намалочанага збожжа. 

У намінацыі «Малады вадзіцель, які перавёз найвышэйшую колькасць зернебабовых культур» перамог вадзіцель ААТ «Таргуны» (Віцебская вобласць) Аляксандр Маскалёнак, які перавёз 5525 т збожжа.

«Праграма форуму нацэлена на наглядную дэманстрацыю найлепшага вопыту па стварэнні ўмоў для пражывання і работы моладзі ў вёсцы, падтрымку ініцыятыў сельскай моладзі, абмен сучаснымі практыкамі, якія садзейнічаюць фарміраванню кадравага рэзерву для галіны сельскай гаспадаркі і замацаванню моладзі на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу», — адзначылі ў прэс-службе БРСМ.

Сённяшняя праграма для ўдзельнікаў мерапрыемства ўключае экскурсіі па ўрочышчы Стасіна, наведванне аб’ектаў КСУП «Беражное» — шматпрофільнага сельскагаспадарчага прадпрыемства, якое спецыялізуецца на жывёлагадоўлі мяса-малочнага кірунку, раслінаводстве, садоўніцтве. Там арганізаваны тэматычныя секцыі з абмеркаваннем актуальных пытанняў з кіраўніцтвам прадпрыемстваў і ўстаноў аб новых падыходах у рабоце з моладдзю Столінскага раёна. Таксама маладых людзей чакаюць інтэлектуальны турнір і забаўляльная праграма.

Заўтра, 26 лістапада, адбудзецца сустрэча са старшынёй Столінскага райвыканкама, дзе ў фармаце адкрытага дыялога будуць абмяркоўвацца тэмы, якія хвалююць моладзь, рэалізацыя дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў рэгіёне, у тым ліку работа з маладымі спецыялістамі. Тэматычныя секцыі пройдуць на тэрыторыі Давыд-Гарадка. Удзельнікі абмяркуюць актуальныя пытанні і новыя падыходы ў рабоце з моладдзю з кіраўніцтвам пры наведванні ПГУП «Палескія вострыя прыправы», Дома культуры і бальніцы ў Давыд-Гарадку. Астатняя частка праграмы пройдзе ў аграгарадку Альшаны. Тут удзельнікі наведаюць КФГ «АльшаныАгра», дзе азнаёмяцца з аб’ектамі, рэалізаванымі па праграме «Адзін раён — адзін праект». Таксама запланавана наведванне ААТ «Новая Прыпяць». Цырымонія закрыцця адбудзецца ў Альшанскім сельскім Цэнтры культуры і вольнага часу.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю