Зялёнаму багаццю ў нашай краіне аддаецца асаблівая ўвага з боку дзяржавы. «Лес ёсць лес. Амаль палова краіны — гэта лес. Гэта наш здабытак, дадзены нам Богам», — казаў Прэзідэнт Беларусі, падкрэсліваючы неабходнасць гаспадарскага стаўлення да гэтага рэсурсу. Летась, падчас знаёмства з ходам работ па ўстараненні наступстваў стыхіі ў Мазырскім раёне Гомельскай вобласці, кіраўнік дзяржавы даў даручэнне аператыўна заняцца лесааднаўленнем і прыцягнуць да гэтага ў тым ліку насельніцтва, працоўныя калектывы, студэнтаў. «Мы павінны за будучы год усё гэта аднавіць, — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. — Трэба парадак навесці».
Даручэнне Прэзідэнта пачалі выконваць безадкладна — увосень правялі першы этап лесааднаўлення ў пацярпелых ад леташняй стыхіі рэгіёнах. З 21 сакавіка ў нашай краіне праходзіць грамадская добраахвотная акцыя «Дай лесу новае жыццё!», у рамках якой плануецца завяршыць аднаўленне пашкоджаных ліпеньскім ураганам лясоў, а гэта 6 тысяч гектараў. З гэтай мэтай будзе высаджана 35–40 мільёнаў саджанцаў, паведамляе БелТА са спасылкай на міністра лясной гаспадаркі Аляксандра КУЛІКА.
У суботу 29 сакавіка — першыя цёплыя выхадныя пасля халадоў — валанцёры, прафсаюзы і кіраўнікі рэгіёнаў з энтузіязмам далучыліся да высакароднай справы.
Лес ад прафсаюза
Больш за 30 тысяч сеянцаў хвоі і бярозы пасадзіла прафсаюзная каманда паўднёва-ўсходняга рэгіёна на падрыхтаванай пасля леташняга буралому тэрыторыі ў Гомельскім раёне, паведамляе БелТА. Каля 50 прадстаўнікоў прафсаюзнага руху Гомельскай вобласці працавалі на плошчы ў Даўгалескім лясніцтве Гомельскага вопытнага лясгаса. Новы лес на гэтай тэрыторыі закладзены з лёгкай рукі прадстаўнікоў абласнога аб’яднання прафсаюзаў сумесна са старшынямі абласных арганізацый галіновых прафсаюзаў, членамі маладзёжнага савета, лідарамі «пярвічак» і прадстаўнікамі прафсаюзнага актыву рэгіёна.
Галоўны тэхнічны інспектар працы абласнога аб’яднання прафсаюзаў Анатоль Лапуць упэўнены: кожны чалавек цягам жыцця павінен пасадзіць хоць бы адно дрэва. «Мы сёння калектыўна вырашаем пытанне аднаўлення ляснога багацця нашай вобласці, нашай краіны. Стваральная і карысная праца абавязкова прынясе вынікі ў будучым», — сказаў ён.
Генеральны дырэктар Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Ігар Дзегцярык не сумняваецца, што пастаўленыя перад галіной задачы па лесааднаўленні будуць выкананы. «Так, на месцы, дзе сёння прафсаюзныя каманды высаджваюць хвоі і бярозы, да ўрагану быў добры, саспелы лес. Пасля разгулу стыхіі ўсе бураломныя ўчасткі распрацавалі, а цяпер ідзе аднаўленне. Складанасцяў ніякіх няма, удзельнічае шмат валанцёраў. Мы адчуваем гэту падтрымку і дапамогу», — падкрэсліў ён.
У асобных рэгіёнах мерапрыемствы па лесапасадцы былі праведзены раней. Напрыклад, на тэрыторыі Воранаўскага лясніцтва Віцебскага лясгаса прадстаўнікі абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання высадзілі больш за 17 тысяч саджанцаў. А калектыў і прафактыў Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка навялі парадак пасля зімы на тэрыторыях Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага раёнаў і высадзілі каля 70 тысяч сеянцаў хвоі звычайнай. Да акцыі далучыліся і калектывы філіялаў «Мазырскія электрычныя сеткі» і «Мазырская ЦЭЦ» РУП «Гомельэнерга». Энергетыкі высадзілі каля 10 тысяч сасновых саджанцаў на найбольш пацярпелых участках лясоў Мазыршчыны.
Каля 1,6 мільёна саджанцаў высадзяць падчас рэспубліканскай акцыі «Дай лесу новае жыццё!» у Магілёўскай вобласці. У цэлым па вобласці ў вясновы лесакультурны фонд запланавана пасадка на больш як 2,7 тысячы гектараў. З іх каля 1 тысячы гектараў — гэта аднаўленне лясоў на пацярпелых ад леташняй непагадзі тэрыторыях. Дарэчы, магілёўскія лесаводы прыдумалі для валанцёраў тэматычныя конкурсы: самы актыўны клас і школа і індывідуальны фотаконкурс.
Сімволіка мірных дзесяцігоддзяў
У паўночным рэгіёне месцам шырокага старту рэспубліканскай акцыі стала тэрыторыя Суражскага лясгаса ў Віцебскім раёне. На тэрыторыі ў 1,4 гектара старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін разам з намеснікамі, начальнікамі структурных падраздзяленняў пасадзілі каля 10 тысяч сеянцаў хвоі і елкі.
Вельмі сімвалічна, што сёлета акцыя праходзіць напярэдадні 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, бо прыкладна праз 80 гадоў высаджаныя расліны стануць паўнавартаснымі дрэвамі для перапрацоўкі. Перад пачаткам акцыі «Дай лесу новае жыццё!» яе ўдзельнікі аддалі даніну памяці героям-вызваліцелям на мемарыяле ў гарадскім пасёлку Сураж, дзе знайшлі апошні прытулак амаль 400 чырвонаармейцаў. Кіраўнік вобласці канстатаваў, што суражская зямля вядомая на прасторах былых краін СССР як партызанскі край: тут змагаўся легендарны Бацька Мінай — Герой Савецкага Саюза Мінай Піліпавіч Шмыроў.
- Падчас работы на будучым лясным масіве Суражскага лясгаса яго дырэктар Дзмітрый Падлешчук адзначыў, што па традыцыі з надыходам вясны ўсе ўключаюцца ў высакародную справу. «Мы ствараем лясныя культуры для будучых пакаленняў. Каб вырасціць добры лес, неабходна падрыхтаваць участак, апрацаваць глебу, высадзіць якасны пасадачны матэрыял, а потым на працягу сямі гадоў яго правільна даглядаць», —дадаў ён.
«Віцебская вобласць далучылася да важнай для ўсёй краіны акцыі. Упэўнены, што гэта толькі пачатак, аднак ужо шмат людзей удзельнічаюць. На працягу трох гадоў, не толькі вясной, але і восенню мы дапамагаем ствараць новы лес. Прыемна бачыць, як тыя культуры, якія высадзілі раней, выраслі і паволі ператвараюцца ў дрэвы. Супольная праца заўсёды аб’ядноўвала беларусаў. І ў Год добраўпарадкавання хочацца, каб наша зямля станавілася ўсё прыгажэй і ўтульней», — заключыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
Старт акцыі ў Полацкім раёне разам з прадстаўнікамі раённага Савета дэпутатаў, выканаўчай улады, ветэранскай арганізацыі, работнікамі Полацкага камбіната хлебапрадуктаў, ваеннаслужачымі Полацкага пагранічнага атрада, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый даў кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны Дзмітрый Дзямідаў. На тэрыторыі Вароніцкага сельсавета ўдзельнікі высадзілі 6600 сеянцаў на плошчы 1,1 гектара.
Фота «Віцебскія весці», «Гомельшчына афіцыйна»