Top.Mail.Ru

Рэпетыцыйнае тэсціраванне пераходзіць на модульную сістэму

Форма мяняецца, змест — не


Правілы здачы РТ, як інфармавалі ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў, пры гэтым засталіся ранейшымі. Як мы ўжо паведамлялі, замест асобных этапаў удзельнікам прапануюць тры модулі, якія пераўтвораць рэпетыцыю ў адзіную адукацыйную праграму і будуць ісці адзін за адным.


Тры модулі

Час першага модуля — з кастрычніка па снежань, другога — са студзеня па люты, трэцяга — з сакавіка па красавік. Рэгістрацыя на першы модуль адкрыецца ўжо вельмі хутка — 9 кастрычніка, а з 15 кастрычніка пачнуць работу пункты правядзення іспытаў.

Два праекты

У рамках рэпетыцыйнага тэсціравання стартуюць два новыя праекты. Адзін з іх — «Ідзём здаваць РТ разам» — дае магчымасць бацькам прайсці рэпетыцыю іспытаў разам са сваімі дзецьмі.

Другі праект — «Ідзем у бібліятэку разам з РІКВ». У якасці пунктаў здачы тэсціравання плануецца задзейнічаць 14 сталічных бібліятэк: цэнтральную бібліятэку імя Янкі Купалы, нотна-музычную бібліятэку, бібліятэку № 7 імя Якуба Коласа, бібліятэку № 14 імя Ф. Багушэвіча, бібліятэку № 1 імя Л. М. Талстога, бібліятэку № 10 імя М. Мінковіча, бібліятэку № 3 імя У. У. Маякоўскага, а таксама бібліятэкі № 5, 11, 17, 18 і дзіцячыя бібліятэкі № 10, 16 і імя М. Астроўскага.

Першае РТ адбудзецца 17 кастрычніка.

Спецыялісты РІКВ таксама паведамілі, што ў кожнай бібліятэцы маюцца камфортныя залы на 20–30 чалавек. 

У іх ёсць дошкі, экраны, гадзіннікі — усё тое, што бачаць выпускнікі школ або абітурыенты ў пунктах здачы ЦЭ і ЦТ. Але скарыстацца бібліятэчнымі пунктамі можна будзе толькі ў рамках адукацыйнай праграмы РІКВ, якая разлічана на восем месяцаў.


Доўга чакаць не прыйдзецца

Сярод іншых новаўвядзенняў — скарачэнне тэрмінаў чакання вынікаў да пяці дзён.

Той, хто не змог прайсці тэсціраванне ў вочным фармаце, зможа гэта зрабіць анлайн у канцы кожнага модуля — на гэта даецца пяць дзён пасля асноўнага РТ, адзначылі ў РІКВ.

Дадатковая трэніроўка

Але і гэта не ўсё: акрамя традыцыйнага рэпетыцыйнага экзамену, які запланаваны на канец студзеня, будзе прадастаўлена дадатковая магчымасць для праверкі ўзроўня ведаў. Калі завершыцца трэці модуль, а гэта адбудзецца ў маі, абітурыенты змогуць прайсці яшчэ адзін, комплексны тэст, які не будзе паўтараць рэпетыцыйнае тэсціраванне першага, другога і трэцяга модуляў, але дасць добрую магчымасць правесці дадатковую трэніроўку перад асноўнымі іспытамі.


Аб правілах здачы рэпетыцыйнага тэсціравання

Рэгістрацыя

Удзел у РТ — платны. Праходжанне яго па адным прадмеце каштуе 14, 5 рубля, для льготных катэгорый (шматдзетныя сем’і, інваліды) прадугледжана 50-працэнтная скідка.

Рэгістрацыя на рэпетыцыю пачынаецца 9 кастрычніка, яе можна ажыццявіць анлайн праз асабісты кабінет на сайце РІКВ. Пасля аплаты праз АРІП неабходна раздрукаваць пропуск.

Тэсціраванне

Перш чым выйсці з дому, лепш лішні раз праверыць наяўнасць: пашпарта, віду на жыхарства або пасведчання бежанца; раздрукаванага электроннага пропуску на канкрэтны прадмет і канкрэтную дату.

Не забудзьце таксама чорную гелевую або капілярную ручку. На фізіку і хімію дазволена браць просты непраграмуемы калькулятар.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю