Top.Mail.Ru

Рэпартаж са жніва на Салігоршчыне

У Салігорскім раёне жніво ідзе да свайго завяршэння. Тут, як і ва ўсёй краіне, лічаць кожны цэнтнер, а галоўныя героі — тыя, хто штодня выходзіць у поле, каб забяспечыць краіну хлебам. Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў ААТ «Добрыца», каб паглядзець, як працуецца людзям, якія кормяць краіну.



ААТ «Добрыца» ўпэўнена трымае тэмп уборачнай. Паводле слоў намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Таццяны Кур’янавай, на сённяшні дзень у гаспадарцы выкананы значны аб’ём работ. 

— Агульная плошча ўборкі збожжавых складае 1214 гектараў. Ужо ўбрана больш за 90 % плошчаў. Намалочана больш як 4700 тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 43,3 ц/га, — расказвае Таццяна Уладзіміраўна. 

Рапс у гаспадарцы ўбраны цалкам: 280 гектараў, намалочана 715,5 тоны пры ўраджайнасці 25,6 ц/га.

Справіліся за два тыдні

На ўборцы ў гаспадарцы задзейнічаны 4 камбайны. У ліку лідараў — экіпаж Аляксандра Дзеравянкі і Івана Кукрэша, якія ўжо намалацілі амаль 1700 тонн збожжа і рапсу.

Каб пагутарыць з камбайнерам Аляксандрам ДЗЕРАВЯНКАМ, едзем на поле ва ўрочышча Старына. Ён працуе ў гаспадарцы трактарыстам, а ў гарачую пару перасаджваецца на камбайн. Сёлета спецыялісту даверылі новую тэхніку — камбайн GS12.1 PRO 2026 года выпуску.


— Калі параўноўваць з папярэднімі мадэлямі, тут многае ўдасканалена. Кабіна зручная, клімат-кантроль, шумаізаляцыя лепшая. Нават у спёку працаваць камфортна, — расказвае хлебароб. — Ураджай у гэтым годзе радуе. Я б нават сказаў, што ён выдатны.

Аляксандр ужо падыходзіць да адзнакі 2000 тон. За 1000 яго ўзнагародзілі граматай, падзякай і сертыфікатам на 200 рублёў у будаўнічы магазін. Разам з ім працуе памочнік Іван Кукрэш, які ў «Добрыцы» — ужо чацвёрты сезон. Іван гарадскі, прыязджае падзарабіць за сезон.

— Двухтысячнікам стаць ужо не паспеем — уборка на этапе завяршэння. Пачалі 30 ліпеня і хутка справіліся, — кажа старшы камбайнер.

12 гадоў таму Аляксандр Дзеравянка пераехаў сюды з Казахстана разам з бацькам і братамі. І адразу сеў за трактар. Цяпер у яго ўжо свая сям’я: жонка і сын-васьмікласнік, які вучыцца ў Зажэвіцкай школе. Жывуць у доме ад гаспадаркі. Жонка Аляксандра — Людміла, таксама працуе ў сферы АПК — яна галоўны інспектар у насеннай інспекцыі Салігорскага раёна, сочыць за якасцю пасеваў, усходамі, праполкай.

— Так і атрымліваецца: яна сочыць, як расце, а я — убіраю, — усміхаецца Аляксандр.

Людзі стараюцца, тэхніка не падводзіць

У Старыне ўбіраюць азімае трыцікале.

— Поле — каля 110 гектараў, — кажа аграном гаспадаркі Валерый КАЛЕВІЧ. — Плануем завяршыць уборку за два дні, але ўсё залежыць ад надвор’я. І на гэтым жніво гаспадарка завершыць.

— Учора прайшлі дажджы, але зерне добрае, — правярае аграном колас у руцэ. Чуваць, як яно шапаціць — значыць, саспелае і сухое, гатовае да ўборкі.

На пытанне, што яшчэ засталося ўбраць, акрамя трыцікале, Валерый Міхайлавіч адказвае:

— Засталося яшчэ 50 гектараў яравога трыцікале, а так усё амаль убрана. Сёлета ўраджай лепшы за леташні. Людзі стараюцца, тэхніка не падводзіць, — рэзюмуе ён.

Тэхніка працуе амаль без збояў, бо падрыхтоўка да ўборачнай пачалася загадзя і прайшла па ўсіх правілах.

— Перад уборачнай усе нашы камбайны былі пераправераны і ўкамплектаваны сродкамі пажарнай бяспекі цалкам: вогнетушыцелі, штыкавыя рыдлёўкі, вёдры. Дадаткова кіроўцы бяруць з сабой ваду. Усе прайшлі пажарна-тэхнічны мінімум, атрымалі адпаведныя дазволы. У гэтым кірунку ў нас усё выразна, — расказвае інжынер па ахове працы Кацярына МІГУН.
Яна дадае, што арганізавана і гарачае харчаванне для работнікаў у полі, а ў спякотныя дні асаблівую ўвагу надаюць пітному рэжыму.

— Не толькі работнікам на полі, але і ўсім, — падкрэслівае інжынер.

Акрамя таго, Кацярына Сяргееўна расказала і пра падрыхтоўку зернесушыльнага комплексу:


— Перш чым запусціць КЗС на сезон жніва, праводзілася наладка абсталявання, электрафізічныя вымярэнні, праверка горак. На змене працуюць два спецыялісты, яны прайшлі навучанне як аператары сушыльных установак і таксама атрымалі дазволы па пажарнай бяспецы.

Сушылка, паводле слоў Кацярыны Сяргееўны, працуе без спыну — за выключэннем перыядаў навальніц і моцнага ветру.

— Калі ўзнікаюць нейкія непаладкі, склікаюцца абедзве змены, і ўсё хутка чыніцца, каб сушылку не спыняць. Працуем, каб выконваць аб’ёмы, — тлумачыць спецыяліст.

Кібернетыка на жніве

Зернесушыльным комплексам кіруе аператар Васіль БЕРДНІКОВІЧ. Мужчына паказвае нам пульт кіравання — гэта сапраўдная лічбавая сістэма.

— Магутнасць комплексу — 85–90 тонн на прыёмцы, столькі ж на выхадзе. Чыстка таксама праходзіць, — тлумачыць Васіль Віктаравіч. — Мая работа — сядзець за камп’ютарам, кантраляваць загрузку, вільготнасць, тэмпературу печаў, каб зерне не пайшло ў брак. Усё павінна быць чыста, без смецця, каб на вывазку ішоў якасны прадукт.
Сістэма кіравання дазваляе запускаць увесь працэс літаральна адным клікам мышы.

— Усё ўключаецца аўтаматычна: нагрэў, вентылятары, падача ў шахту. Мы кантралюем тэмпературу ў шахтах, а калі вільготнасць дасягае патрэбнага ўзроўню — запускаем выгрузку. На маніторы бачым, куды ідзе зерне: у бункеры, у склады, — паказвае ён.

Вучыўся спецыяліст на месцы — у гаспадарцы, здаў экзамен. А цяпер сам перадае вопыт маладым.

— Студэнты прыходзяць да мяне на практыку — будучыя слесары-рамонтнікі па сельскагаспадарчых машынах і абсталяванні. Каля двух тыдняў навучаю, а потым яны ўжо працуюць са мной у другой змене, — дзеліцца Васіль Віктаравіч.


І гэта не проста тэорыя — студэнты вучацца на рэальным абсталяванні, пад кантролем вопытнага настаўніка. Так гаспадарка рыхтуе сабе кадры, а маладыя людзі атрымліваюць каштоўны практычны вопыт.

Тут захоўваецца будучы ўраджай

У вёсцы Новыя Цярушкі знаходзіцца зернясклад гаспадаркі, дзе захоўваецца насенне травы і іншых раслінных культур.

— На тэрыторыі склада захоўваюцца шматгадовыя травы: цімафееўка, райграс. Усяго іх тут каля 3800 тон, — расказвае Ірына НЕКРАШЭВІЧ — кладаўшчык склада і брыгадзір.
Гэта насенне праходзіць папярэднюю падрыхтоўку: яго сушаць і чысцяць. Чыстка адбываецца ўручную — з дапамогай сіта, якім прасейваюць насенне на ветры, каб аддзяліць смецце. І дапамагаюць у гэтым школьнікі.


— Вось дзеці з Зажэвіцкай школы чысцяць, прасейваюць, — паказвае Ірына Анатольеўна. — Для нас іх дапамога вельмі важная. Яны ўжо не першы год прыходзяць.

Дзяўчаты спрытна чэрпаюць насенне ў вёдры, высыпаюць на сіта, а хлопцы прасейваюць. Праца карпатлівая, але моладзь спраўляецца з задачай.

Акрамя траў, на складзе захоўваецца свірэпіца — алейная культура, падобная да рапсу.

— Вось мы толькі што затарылі мяхі з свірэпіцай на продаж. Паўтары тоны рыхтуем, а ўвогуле ў нас яе 17 тон, — расказвае кладаўшчыца.

На тэрыторыі склада чысціня і парадак. Усё гатова да захоўвання новага ўраджаю.


На зерняскладзе за парадкам і бяспекай юных памочнікаў сочыць Ганна ЛОСІК — малады спецыяліст, выпускніца Салігорскага педагагічнага каледжа. У Зажэвіцкай сярэдняй школе яна працуе настаўніцай пачатковых класаў, а летам, у час жніва, яе прызначылі адказваць за школьнікаў, якія прыйшлі дапамагаць гаспадарцы.

Пад яе наглядам — 10 вучняў Зажэвіцкай школы. 

У вучэбны год яна працуе з малодшымі школьнікамі.

— Сёлета выпусціла чацвёрты клас, сем чалавек. Зараз набіраю першы — будзе дзесяць, — дзеліцца настаўніца. — Мне вельмі падабаецца работа. Калектыў дружны, дзеці добрыя. Падабаецца даваць ім веды.


Камбайны завяршаюць уборачную па палях, на таку кіпіць работа, а школьнікі і студэнты дапамагаюць трымаць парадак. І галоўнае, што кожны разумее — працаваць трэба так, каб потым не было сорамна перад тымі, хто будзе есці гэты хлеб.

Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю