Top.Mail.Ru

Рэктар БДТУ Сяргей Каспяровіч: «Мы фарміруем інжынера пад канкрэтны тэхналагічны ланцужок»

Адна з вядучых тэхнічных ВНУ краіны рыхтуе спецыялістаў для больш чым дзесяці ключавых галін эканомікі

Нядаўна Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт адзначыў свой 95-гадовы юбілей. Гэта выдатная дата, але яна ўжо таксама гісторыя. Сучаснае аблічча гэтай вышэйшай навучальнай установы — унікальная матэрыяльна-тэхнічная база, 40 навукова-даследчых лабараторый, цесная інтэграцыя з прадпрыемствамі і, што самае важнае, высокакваліфікаваны выкладчыцкі склад, 65 % якога маюць вучоныя ступені. Больш падрабязна расказаць пра славуты ўніверсітэт, яго сённяшні дзень, намеры і памкненні мы папрасілі рэктара БДТУ, кандыдата эканамічных навук, дацэнта Сяргея КАСПЯРОВІЧА.

— Юбілей лічаць добрай падставай азірнуцца назад, аднак для нас ён стаў хутчэй пунктам адліку для новых дасягненняў, — кажа кіраўнік ВНУ. — Сучасны БДТУ — гэта дынамічны, шматпрофільны навукова-адукацыйны хаб. Калі раней нас ведалі ў першую чаргу як кузню кадраў для ляснога комплексу, то сёння мы рыхтуем спецыялістаў для больш чым дзесяці ключавых галін эканомікі — ад хіміі, нафтахіміі, фармацыі і ІT да паліграфіі, будаўнічых матэрыялаў, інжынернай эканомікі і сертыфікацыі. 

Наш фокус — апераджальная падрыхтоўка. Мы не проста ідзём у нагу з часам, мы стараемся зазіраць на некалькі крокаў наперад, прадбачаць патрэбы рэальнага сектара. А наша галоўная накіраванасць — быць драйверам тэхналагічнага суверэнітэту краіны, рыхтаваць інжынерную эліту, здольную ствараць і ўкараняць інавацыі тут і цяпер.

Бесперапынны працэс

— Сяргей Антонавіч, БДТУ выступае адзіным пастаўшчыком спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй для такіх сфер, як хімічная і нафтахімічная прамысловасць, лясная гаспадарка, дрэваапрацоўка і выдавецка-паліграфічны комплекс. Наколькі ахвотна абітурыенты выбіраюць навучанне па гэтых кірунках і як часта з улікам тэхналогій, якія імкліва змяняюцца, карэкціруецца адукацыйная праграма?

— Вы маеце рацыю, гэта наша асаблівая місія і адказнасць. Канкурэнцыя на гэтыя спецыяльнасці стабільна высокая. Абітурыенты і іх бацькі сталі больш прагматычнымі — яны бачаць, што за гэтымі часам класічнымі кірункамі стаяць гарантаванае працаўладкаванне, кар’ерны рост на вядучых прадпрыемствах краіны і дастойная заработная плата.

Што датычыцца праграм, іх актуалізацыя — бесперапынны працэс. Мы работаем у цесным кантакце з галіновымі міністэрствамі і прадпрыемствамі-заказчыкамі кадраў. Кожны год у навучальныя планы ўносяцца карэктывы: з’яўляюцца новыя дысцыпліны па лічбавых двайніках, рабатызаваных комплексах у лесанарыхтоўцы, «зялёнай» хіміі, адытыўных тэхналогіях у паліграфіі. Больш за 40 % дыпломных праектаў выконваюцца па рэальных заказах прадпрыемстваў, што прымушае і праграмы, і студэнтаў быць на вастрыі тэхналогій.

Стопрацэнтная запатрабаванасць выпускнікоў

— Словазлучэнне «адзіны ў краіне» да БДТУ ўжываюць часцей, чым да іншых устаноў адукацыі. У чым унікальнасць Беларускага тэхналагічнага? Якія ёсць асаблівыя спецыяльнасці і спецыялістаў для якіх галін эканомікі рыхтуюць сёння ва ўніверсітэце?

— Унікальнасць — у нашай глыбіннай сувязі з прамысловасцю. Мы не проста даём веды, мы фарміруем інжынера пад канкрэтны тэхналагічны ланцужок. Акрамя ўжо названых галін, мы адзіныя рыхтуем, напрыклад, інжынераў-тэхнолагаў для цэлюлозна-папяровай прамысловасці, спецыялістаў па хімічнай перапрацоўцы драўніны, тэхнолагаў па вытворчасці лакаў і фарбаў, інжынераў у галіне вогнеаховы матэрыялаў. Адна з найбольш папулярных сярод абітурыентаў спецыяльнасцяў — «хімічная тэхналогія лекавых сродкаў» для фармацэўтычнай галіны. 

Мы рыхтуем прамысловых эколагаў, аўдытараў у галіне энергазберажэння, ІT-спецыялістаў па CAD/CAM-сістэмах і аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў. Гэта не проста назвы — за кожнай стаіць унікальная лабараторыя, прадпрыемства-партнёр і стопрацэнтная запатрабаванасць выпускнікоў.

Галоўныя саюзнікі

— Падрыхтоўка спецыялістаў лясной прамысловасці і дрэваапрацоўкі — на парадку дня. Прэзідэнт назваў іх ключавымі фігурамі ў забеспячэнні росту галіны. Асноўная нагрузка ў вырашэнні кадравага пытання ляжыць на тэхналагічным універсітэце — зноў жа адзіным, дзе рыхтуюць такіх спецыялістаў. Ці гатовы падзяліць гэту нагрузку прадпрыемствы і арганізацыі лясной прамысловасці, іншых сфер эканомікі?

— Не проста гатовыя. Яны нашы галоўныя саюзнікі. Механізм супрацоўніцтва ўжо адладжаны. 

У нас створаны магутны адукацыйна-навуковы кластар, куды ўваходзяць пяць каледжаў — нашых філіялаў — і больш за 870 арганізацый, якія з’яўляюцца базамі для практыкі. На вядучых прадпрыемствах адкрыты 32 філіяла нашых кафедр, дзе чытаюць лекцыі і кіруюць практыкай самі вядучыя інжынеры і тэхнолагі. Разам з канцэрнам «Беллеспаперапрам» і Міністэрствам лясной гаспадаркі мы рэалізуем праграму мэтавай падрыхтоўкі.

Сур’езная сістэма матывацыі і падтрымкі

— На рабочай сустрэчы з удзелам міністраў адукацыі і лясной гаспадаркі называліся, кажучы на слэнгу моладзі, «плюшкі» для тых, хто абярэ спецыяльнасць, звязаную з лясной прамысловасцю. Можна пра гэта падрабязней?

— Так, і гэта не проста «плюшкі», а сур’ёзная сістэма матывацыі і падтрымкі. Гаворка ідзе аб мэтавай падрыхтоўцы з гарантыяй працаўладкавання. Абітурыенты, якія паступаюць на такія спецыяльнасці па мэтавым накіраванні ад прадпрыемстваў ляснога комплексу, атрымліваюць павышаную стыпендыю — да 120 % ад базавай велічыні. Для найлепшых студэнтаў прадугледжаны імянныя стыпендыі ад прадпрыемстваў і галіновага прафсаюза. Мы актыўна развіваем Негарэльскі вучэбна-вопытны лясгас, які становіцца не толькі палігонам для практыкі, але і сучаснай адукацыйнай базай з перспектывай стварэння там рэгіянальнага экалагічнага цэнтра.

Акрамя таго, у 2027 годзе лясныя спецыяльнасці чакаюць пэўныя змены: для паступлення замест хіміі трэба будзе на ЦТ (ЦЭ) здаваць фізіку, што дасць магчымасць паступаць на спецыяльнасць «лясная гаспадарка» значна большай колькасці абітурыентаў. Сама ж праграма навучання будзе насіць дуальны характар — студэнты будуць не толькі атрымліваць тэарэтычныя веды ў аўдыторыях, але і паралельна замацоўваць іх практычна, афіцыйна працуючы на адпаведных вытворчасцях.

Ад робататэхнікі да біяэканомікі

— За апошнія гады ва ўніверсітэце была адкрыта падрыхтоўка па некалькіх новых спецыяльнасцях. Наколькі яны запатрабаваныя студэнтамі і неабходныя эканоміцы краіны? Якія новыя кірункі плануеце адкрыць у перспектыве?

— Інавацыі ў адукацыі — наш ключавы прынцып. 

У 2025 годзе былі адкрыты дзве запатрабаваныя спецыяльнасці. Першая — «Хімічная тэхналогія энерганасычаных матэрыялаў і вырабаў», якая вывучае тэхналогіі порахаў, цвёрдых ракетных відаў паліва, выбуховых рэчываў і вырабаў. Другая — «Праектаванне і тэхналогія беспілотных авіяцыйных комплексаў». Арганізацыя адукацыйнага працэсу па дадзенай спецыяльнасці будзе ажыццяўляцца ў рамках рэалізацыі сумеснай падрыхтоўкі ў сеткавай форме паміж БДТУ і вядучымі расійскімі ўніверсітэтамі ў галіне авіябудавання. Таксама летась у нас была адкрыта новая спецыялізацыя «Тэхналогія скуры і футра». І цяпер БДТУ з’яўляецца адзінай у Беларусі ВНУ, дзе рыхтуюць спецыялістаў у галіне вырабу, фарбавання і аздаблення пушна-футравай сыравіны і паўфабрыкатаў скуры.

Акадэмічная мабільнасць

— ВНУ нашай краіны сёння становяцца альма-матар не толькі для беларускіх студэнтаў. Колькі замежнікаў вучацца ў БДТУ? Як увогуле развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва?

— Сёння ў нас навучаецца каля 600 студэнтаў з 29 краін: гэта і суседзі — расіяне, туркмены, узбекі, а таксама прадстаўнікі далёкага замежжа — Кітая, Шры-Ланкі, Ганы, Егіпта. Мы актыўна развіваем акадэмічную мабільнасць, з’яўляемся базавай арганізацыяй СНД па адукацыі ў галіне лясной гаспадаркі і лясной прамысловасці. Цяпер нашым універсітэтам устаноўлены партнёрскія сувязі з 213 замежнымі адукацыйнымі і навуковымі арганізацыямі з 34 краін свету. І мы бачым вялікі патэнцыял у пашырэнні экспарту адукацыйных паслуг, асабліва для краін Азіі і Афрыкі, дзе нашы кампетэнцыі ў галіне ляснога комплексу і тэхналагічнага сектара вельмі запатрабаваны.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю