Top.Mail.Ru

Усе ўмовы для добрага старту: у снежні актывізавалася дзелавая актыўнасць

Мінулы год для эканомікі быў не самым простым. Хоць нельга назваць яго і няўдалым. Былі пэўныя ўзлёты, былі і прасадкі — але не крытычныя, звязаныя з неабходнасцю тактычнай перабудовы. Не ўсе праблемы ўдалося цалкам вырашыць, але практычна ўсё — купіраваць. І снежань прадэманстраваў эканамічную стабільнасць, прычым некаторыя макраэканамічныя індыкатары прадказваюць рост у гэтым годзе. 


Рост ВУП па выніках 2025 года склаў 1,3 %. Гэта далёка ад мэтавага паказчыка. З іншага боку, улічваючы знешнія фактары і кардынальнае запаволенне росту эканомікі нашых ключавых эканамічных партнёраў (перш за ўсё Расіі), дасягнутая дынаміка выглядае вельмі годна. Попыт на экспартных рынках, які зніжаецца, адбіўся ў значнай меры на прамысловасці. Па выніках года дынаміка індустрыяльнага сектара склала 98,2 %. Але ёсць перадумовы, што восеньскія сціплыя аб’ёмы вытворчасці — ніжняя мяжа, ад якой нашы вытворцы ўжо адштурхнуліся для выхаду на станоўчую траекторыю. У снежні ў параўнанні з лістападам прамысловая вытворчасць прырасла на 5,6 %. Ёсць яшчэ адзін абнадзейлівы момант: летась раслі складскія запасы. У некаторыя месяцы са значнай дынамікай. У снежні рост прамысловай вытворчасці адбыўся пры роўным узроўні загружанасці складоў. Відавочна, што нашы кампаніі рэалізавалі чарговы тактычны манеўр і забяспечваюць надзейны збыт сваёй прадукцыі. Пазітыўны момант, які павінен трансфармавацца ва ўстойлівы трэнд у гэтым годзе. 

Важны фактар — удалося захаваць высокую інвестыцыйную актыўнасць. Па годзе ўкладанні ў асноўны капітал павялічыліся на 11,3 %. Прычым гэта дынаміка вытрымліваецца некалькі гадоў запар. У 2024-м рост інвестыцый у параўнанні з 2023-м складаў 10,4 %. Прычым амаль 40 % гэтых сродкаў накіроўваліся на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў. Дынаміка гэтага індыкатара ў 2025 годзе ў адносінах да 2024-га склала 115,2 %. У снежні ж назіраўся літаральна інвестыцыйны бум: у параўнанні з лістападам інвестыцыі ў асноўны капітал павялічыліся на 52,6 %, а выдаткі на набыццё машын, абсталявання і транспартных сродкаў — на 68,3 %. Мабыць, адыграў ролю сезонны фактар: да канца года ўсе суб’екты гаспадарання з усіх сіл імкнуліся завяршыць інвестыцыйныя праекты, каб не пераносіць іх на наступны перыяд. Гэта радуе, бо ўжо сёлета ад укладанняў можна чакаць аддачу з адпаведным фінансава-эканамічным эфектам. 

Апошнія гады адным з трывожных паказчыкаў з’яўляўся грузаабарот. Аналітыкі яшчэ называюць яго апераджальным індыкатарам, які ў перспектыве, з пэўным часовым лагам сведчыць аб росквіце эканомікі або будучых складанасцях. З-за розных прычын нярэдка ў мінулым годзе транспартная галіна мінусавала. І па выніках года дынаміка ў параўнанні з 2024-м склала 97,4 %. Але ў снежні намеціўся значны рост. Грузаабарот у апошнім месяцы мінулага года вырас на 4,3 % у параўнанні з лістападам і на 2,2 % — у параўнанні са снежнем 2024 года. Хуткасць руху транспарту адлюстроўвае агульныя тэндэнцыі ў дзелавой актыўнасці. Калі вытворчасць раскручваецца і ў прадукцыі ёсць збыт, то яе неабходна дастаўляць пакупнікам, адначасова пад растучы партфель заказаў закупляць сыравіну, матэрыялы і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці. І станоўчая дынаміка транспартнай індустрыі сведчыць аб амаль безумоўным пазітыве ў эканоміцы ў найбліжэйшай будучыні. Як і аптовы тавараабарот, які апынуўся ў адмоўнай зоне па выніках года — 95,1 %, але рэзка пайшоў уверх у снежні — рост на 16,5 % у параўнанні з лістападам і на 0,2 % у параўнанні са снежнем 2024 года. 

Дынаміка рознічнага тавараабароту летась у параўнанні з 2024 годам склала 106,6 %. Яго рост некалькі запаволіўся: у 2004-м у параўнанні з 2023 годам ён павялічыўся на 12,2 %. І гэта станоўчы трэнд. Асабліва на фоне ўстойлівага росту рэальных наяўных даходаў насельніцтва (з папраўкай на інфляцыю). За студзень-лістапад 2025 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2024-га гэты паказчык вырас на 9,9 %. За той жа перыяд рэальная заработная плата вырасла на 9,5 %. Рост даходаў разам з запаволеннем спажывецкага буму сведчыць аб трэндзе хатніх гаспадарак на ашчаднай мадэлі эканамічных паводзін. Менавіта на зберажэнні ў апошнія гады грамадзяне накіроўваюць значную частку атрыманых дадатковых даходаў. Гэта сведчыць пра даволі высокі ўзровень дабрабыту. У бедных краінах у людзей зберажэнні адсутнічаюць: большасць жыве, што называецца, ад зарплаты да зарплаты. Магчымасць зберажэння з’яўляецца толькі пры дасягненні пэўнага ўзроўню эканамічнага камфорту. І ён у Беларусі ёсць. Па-другое, не трапляючы на спажывецкі рынак у поўнай сіле, дадатковыя даходы не ствараюць інфляцыйнага ціску. І трэці, немалаважны фактар, зберажэнні прыватных асоб фарміруюць базу для інвестыцый. Іншае пытанне, што неабходна, каб рэальны сектар і фінансавы рынак стварыў прывабныя інструменты, каб зберажэнні ператвараліся ў доўгатэрміновыя зберажэнні і інвестыцыі. 

Аляксей КЛІМАЎ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю