Упершыню ў вобласці сабралі рэкордны ўраджай буракоў — 2 млн тон
Абмеркаванне ішло ў рамках пасяджэння аблвыканкама. Удзел у ім прынялі старшыня аблвыканкама Юрый Караеў, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Канстанцін Бурак, першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрый Валеваты, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ігар Сарокін, а таксама старшыні раённых выканаўчых камітэтаў.
Як адзначыў Юрый Караеў, сельская гаспадарка займае цэнтральнае месца ў эканоміцы нашай краіны. Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ўвесь час надае асаблівую ўвагу развіццю аграпрамысловага комплексу. Менавіта таму ў зале прысутнічалі дэлегаты з усіх раёнаў вобласці.
Сельскагаспадарчая галіна Гродзеншчыны, нягледзячы на ўсе капрызы надвор’я, паказала добрыя вынікі. Да ўзроўню 2024 года ўзровень росту валавой прадукцыі склаў 100,1 %, лепш сябе паказала жывёлагадоўля, тут 103,3 % да ўзроўню мінулага года. Па аб’ектыўных прычынах не дацягнула раслінаводства, 96 %. Але тым не менш з’явіліся культуры-рэкардсмены. Упершыню ў вобласці сабралі ўраджай буракоў 2 млн тон.
У 2026 годзе Гродзенская вобласць ідзе ўпэўнена. Вядома, не ўсе паказчыкі ідэальныя, але сістэмнасць і планамерная работа дазваляюць рэгуляваць сітуацыю. Адзначаны добрыя вынікі ў вытворчасці малака — больш за 105 %. Прадукцыя пастаўляецца на экспарт у больш як 20 краін свету. У 2025 годзе сярэдні надой малака ад адной каровы ў Гродзенскай вобласці дасягнуў прыкладна 7,8 тысячы кілаграмаў. Па гэтым паказчыку рэгіён займае другое месца сярод абласцей рэспублікі, уступаючы толькі Брэсцкай вобласці. Цяпер у гаспадарках Гродзенскай вобласці налічваецца каля 219 тысяч кароў і амаль 459 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы (не лічачы кароў).
Як расказаў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Сарокін, значных змяненняў у структуры пасяўных плошчаў не плануецца. Увосень на 5 % была павялічана сяўба рапсу, а таксама на 5 % была павялічана яравая сяўба. Будзе зроблены ўпор на кукурузу, таму што яна вельмі запатрабавана ў жывёлагадоўлі.
— Перад аграрыямі Гродзенскай вобласці пастаўлена задача забяспечыць валавую прадукцыю сельскай гаспадаркі на ўзроўні не менш як 105 %. Таксама плануецца намалот не менш як 2,5 мільёна тон збожжа з кукурузай і рапсам. Падрыхтоўка да сезонных работ ужо пачалася. Праводзіцца рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі — больш за 70 % ужо адрамантавана. Акрамя таго, ідзе назапашванне мінеральных угнаенняў. Азімыя адчуваюць сябе добра. Цяперашняя зіма спрыяе гэтаму. Снег хавае культуры, а мароз знішчае шкоднікаў. І бягучыя праверкі паказваюць, што пасевам усяго хапае.
Больш адчулі моцныя маразы фермы, але і яны былі гатовы да зімоўкі яшчэ да надыходу маразоў. Былі адрамантаваны памяшканні, дзверы, водапаільныя сістэмы. Асаблівая ўвага была ўдзелена ўтрыманню цялят — іх дадаткова ўцяпляюць і забяспечваюць паўнавартасным харчаваннем для захавання цяпла.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота Гродзенская праўда