Top.Mail.Ru
146

Рэкордны аб’ём цукру атрымалі на заводзе ў Жабінцы

На Жабінкаўскім цукровым заводзе завяршылі сезон перапрацоўкі цукровых буракоў, паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксандр Пазнанскі, перадае БелТА.



На заводзе перапрацавалі 1 млн 401 тыс. т цукровых буракоў. «Гэта рэкордны ўраджай і рэкордны па працягласці сезон перапрацоўкі за ўсю гісторыю Жабінкаўскага цукровага завода. Мы запусціліся 5 верасня, скончылі 25 студзеня. У канчатковым выніку атрымаецца каля 189,5 тыс. т цукру. Ніколі столькі не выраблялі», — звярнуў увагу Аляксандр Пазнанскі.

На Жабінкаўскае прадпрыемства цукровыя буракі пастаўляюць гаспадаркі 13 раёнаў Брэсцкай вобласці і двух раёнаў Гродзенскай вобласці. Усе работы аграрыяў сто разоў акупіліся. «Буракі паказалі небывалую ўраджайнасць. Сярэдняя ўраджайнасць па Брэсцкай вобласці склала 645 ц/га, высокія паказчыкі па цукрыстасці. Ёсць чым ганарыцца», — сказаў кіраўнік цукровага завода.

Вытворчасць цукру — даволі працаёмкі працэс. З палёў салодкія караняплоды трапляюць спачатку на буракапрыёмныя пункты, адтуль — ужо на перапрацоўку. Буракі мыюць, рэжуць, атрыманую стружку высалоджваюць. Затым праводзіцца ачыстка бураковага соку на станцыі дэфекасатурацыі, лішнюю ваду выпарваюць і атрымліваюць сіроп, з якога уварваюць цукар. Фінішная стадыя — фасоўка. Пасля гэтага прадукцыя адпраўляецца на прылаўкі магазінаў.

«Забяспечваем харчовую бяспеку нашай краіны. На працягу васьмі месяцаў да новага сезона будзем прадаваць выраблены цукар. Арыенціровачна 40 % застанецца ўнутры краіны, астатнія 60 % будуць рэалізаваны на экспарт. Стратэгічныя партнёры — Расія, краіны Сярэдняй Азіі», — падсумаваў Аляксандр Пазнанскі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю