Top.Mail.Ru
231

Рэкордная колькасць каманд выступіць у Мінску на турніры па валейболе «Сонечны мяч»

На кортах для пляжнага валейбола ў САК «Алімпійскі» 15 жніўня стартавалі рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў «Сонечны мяч», якія завершацца 17 жніўня, перадае агенцтва «Мінск-Навіны».



Як расказалі арганізатары, кожны год дадаюцца каманды з розных куткоў краіны. Калі летась за ўзнагароды змагаўся 71 калектыў, то цяпер іх ужо 104. Далучыліся каманды з Брэста, Барысава, Шуміліна, Глыбокага, Жыткавічаў і Гомельскага абласнога клуба па гульнявых відах спорту. Прэзідэнцкі спартыўны клуб да пачатку спаборніцтваў уручыў усім удзельнікам камплекты формы, а таксама сувеніры. Астатнія бонусы чакаюць хлопцаў і дзяўчынак па ходзе турніру. Напрыклад, у суботу (16 жніўня) правядуць танцавальны батл, майстар-клас па валейболе, а таксама квэст. У нядзелю найлепшыя калектывы атрымаюць медалі, граматы.

Генеральны сакратар Беларускай федэрацыі валейбола Ала Цяцерына дадала, што медалі разыграюць у дзвюх узроставых групах — 2011-2012 г. н. і 2013-2014 г. н. і маладзейшыя. На працягу трох дзён пройдзе каля 200 матчаў.

— Гэтыя спаборніцтвы для дзяцей - сапраўднае свята. Многія чакаюць яго год! Складана прадказаць, хто выйграе. Пляжны валейбол - непрадказальны від. Мы чакаем ад хлопцаў і дзяўчат прыгожай гульні, — заявіла А. Цяцерына.

Памочнік старшыні Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Павел Ягораў адзначыў, што арганізатары робяць усё так, каб потым уражаныя дзеці расказалі пра спаборніцтвы сябрам, прывабілі іх у спорт. У 2026-м чакаюць нават большай колькасці ўдзельнікаў. У тым ліку падумваюць увесці яшчэ адну ўзроставую катэгорыю.

— Мы далі магчымасць прыехаць усім спартшколам, якія культывуюць валейбол, і сабралі рэкордную колькасць удзельнікаў. У Мінску трэнеры зборных каманд па ўзростах змогуць убачыць гульню дзяцей і, магчыма, кагосьці запрасіць ужо на зборы або прагляд. Для хлопчыкаў і дзяўчынак «сонечны мяч» — накшталт кастынгу. За тры дні можна звярнуць на сябе ўвагу, зрабіць заяўку на будучыню. Не трэба хвалявацца тым, хто не ўвойдзе ў топ-3. Гэта падстава, каб зрабіць высновы, лепш падрыхтавацца да наступнага турніру, — падкрэсліў Павел Ягораў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю