Якім было лета 2026 года і чым яно адрознівалася ад папярэдніх, расказалі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
«Сярэдняя тэмпература паветра па краіне за летні сезон 2026 года склала 18,3 градуса, што на 0,3 градуса вышэй за кліматычную норму. Тэмпературны рэжым быў неаднародным: сярэдняя тэмпература чэрвеня і жніўня была вышэй за норму на 1,3 і 0,4 градуса адпаведна. Ліпень быў з адмоўнай анамаліяй, роўнай 0,7 градуса», — расказалі ў Белгідрамеце.
Самы цёплы летні сезон у Беларусі быў у 2010 годзе, з сярэдняй тэмпературай паветра 20,6 градуса (на 2,6 градуса вышэй за кліматычную норму). За мінулае лета адзначана ад 22 да 50 гарачых дзён (з тэмпературай паветра плюс 25 і вышэй) пры норме 29-59 дзён і ад 2 да 19 вельмі гарачых дзён (з тэмпературай паветра плюс 30 і вышэй) пры норме 1-13 дзён.
Упершыню за ўвесь перыяд метэаралагічных назіранняў было адзначана 2 дні з рэкордна высокай тэмпературай паветра 40 градусаў і вышэй. Так, днём 29 чэрвеня на станцыі Пінск быў зарэгістраваны нацыянальны рэкорд максімальнай тэмпературы паветра (40,4 градуса). Папярэдні тэмпературны рэкорд быў зарэгістраваны на станцыі Гомель 8 жніўня 2010 года. Тады тэмпература паветра склала 38,9 градуса. Таксама 6 жніўня на станцыі Мазыр тэмпература паветра дасягнула значэння плюс 40,3.
Летам 2026 года на 15 метэастанцыях былі ўстаноўлены рэкордныя значэнні максімальнай тэмпературы паветра за ўвесь перыяд назіранняў.
За летні сезон 2026 года ў сярэднім па Беларусі выпала 214 мм ападкаў, што складае 95% кліматычнай нормы. Самым вільготным у Беларусі быў летні сезон 1998 года з колькасцю ападкаў у сярэднім па краіне 335 мм (148% сезоннай кліматычнай нормы). А самае сухое лета ў Беларусі было ў 1992 і 2015 гадах з колькасцю ападкаў у сярэднім па краіне 111 мм (49% сезоннай кліматычнай нормы).
На працягу сезона назіраліся туманы, навальніцы, адзначалася выпадзенне граду, якое месцамі дасягнула крытэрыю небяспечнай гідраметэаралагічнай з’явы (20 мм і больш). 12 чэрвеня на станцыі Мсціслаў быў адзначаны град дыяметрам да 32 мм. Дажджы мелі пераважна ліўневы характар, месцамі былі моцнымі, а дзе-нідзе колькасць ападкаў дасягала крытэрыяў небяспечнай з’явы. Адзначалася ўзмацненне скорасці ветру з парывамі да 15 м/с і больш, у тым ліку шквалістае, якое месцамі дасягнула крытэрыю небяспечнай гідраметэаралагічнай з’явы (25 м/с і больш). Максімальная скорасць ветру за летні сезон была зарэгістравана на аўтаматычнай метэаралагічнай станцыі (АМС) Салігорск 13 ліпеня і склала 34 м/с, таксама на АМС Іўе і Вілейка 7 жніўня назіраўся вельмі моцны вецер са скорасцю 29 і 27 м/с адпаведна.