Рэканструкцыю гідратэхнічных збудаванняў правядуць у Прыпяцкім Палессі. Аб гэтым расказаў начальнік упраўлення марскога і рачнога транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Руслан Мароз, паведамляе БелТА.
«Агульнасусветная тэндэнцыя па зніжэнні ўзроўню вады ўсіх паверхневых водных аб’ектаў не абышла і нашу краіну. Гэта прадоўжыцца і ў далейшым, калі не забяспечыць умяшанне ў прыродныя працэсы. Таму рачнікі Беларусі цесна ўзаемадзейнічаюць з навуковымі арганізацыямі і басейнавымі саветамі, закліканымі своечасова рэагаваць на прыродныя выклікі», — расказаў Руслан Мароз.
Урадам зацверджана Праграма развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025-2030 гады. Ёсць у ёй і мерапрыемствы па капітальным паляпшэнні суднаходных умоў з павелічэннем глыбінь не менш як 2,5 м на працягу 60 працэнтаў навігацыйнага перыяду.
«Яны ўключаюць узвядзенне гідратэхнічных збудаванняў для забеспячэння аптымальнага воднага рэжыму ракі Прыпяць. Спланавана рэканструкцыя збудаванняў усходняга схілу Днепра-Бугскага канала. Рэалізацыя гэтых мерапрыемстваў дасць магчымасць выправіць сітуацыю з недастатковай воднасцю і забяспечыць умовы работы буйных суднаў, асадка якіх канструктыўна прадугледжвае вялікія глыбіні», — растлумачыў Руслан Руслан.
Агульная працягласць унутраных водных шляхоў краіны складае каля 2,143 тыс. км, з іх 1,26 тыс. км з гарантаванымі габарытамі шляху. Яны размешчаны ў трох адасобленых рачных басейнах рэк Днепр (уключае рэкі Днепр, Бярэзіну, Сож, Прыпяць, Гарынь), Заходняя Дзвіна, Нёман (уключае таксама Аўгустоўскі канал). У склад унутраных водных шляхоў уваходзіць і Днепра-Бугскі канал працягласцю 244 км, які злучае Мухавец (Брэст) з Прыпяццю (Пінск), Свіслаччу (Мінск).
Вопыт эксплуатацыі ўнутраных водных шляхоў на асобных участках рэк Прыпяць, Мухавец, Піна і Днепра-Бугскага канала пацвярджае высокую эфектыўнасць праведзенай раней каскадызацыі. Гідратэхнічныя збудаванні — плаціны і шлюзы — далі магчымасць істотна павялічыць габарыты ўнутраных водных шляхоў Брэсцкай вобласці, стабілізаваць узроўневы рэжым іх вадацёкаў ад гідравузла «Трышын» у Брэсце да гідравузла «Стахава» Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.
На гэтых участках унутраны водны транспарт стабільна ажыццяўляе дзейнасць па перавозцы грузаў з высокай рэнтабельнасцю за кошт забеспячэння максімальнай загрузкі і дасягнення вышэйшых паказчыкаў па тона-кіламетры перавезенага грузу.