Top.Mail.Ru

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Лельчыцкі раён — адзін з уключаных у склад праграмы развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся — цяпер, сапраўды, перажывае абнаўленне ў самых розных сферах. Маштабная мадэрнізацыя закранула ў тым ліку цеплавую гаспадарку раёна. Сёння ў Лельчыцах рэалізуюць знакавы для райцэнтра праект — рэканструкцыю цэнтральнай кацельні.


Гэты важнейшы аб’ект цеплавой гаспадаркі — структурнае падраздзяленне камунальнага прадпрыемства «Лелькам». Кацельня забяспечвае цяплом 116 аб’ектаў: увесь шматкватэрны жылы фонд, практычна ўсе арганізацыі і ўстановы. Яе пабудавалі яшчэ ў 1974 годзе, а з 1991-га для цэнтральнага ацяплення гарпасёлка выкарыстоўвалі газавыя катлы. За час эксплуатацыі абсталяванне поўнасцю выпрацавала свой рэсурс: у найбліжэйшыя гады паўстала б пытанне аб цеплазабеспячэнні спажыўцоў. Таму для Лельчыц рэканструкцыя цэнтральнай кацельні, сапраўды, — праект надзвычай важны сацыяльна, але не толькі…

Не менш важна для Лельчыц і тое, што дзякуючы рэканструкцыі кацельні ўпершыню ў раёне рэалізуюць магчымасць атрымліваць цяпло не ад закупнога прыроднага газу, а ад уласнай сыравіны.

Як нагадаў старшыня Лельчыцкага райвыканкама Сяргей Дылюк, самы буйны па плошчы рэгіён Гомельшчыны і трэці ў Беларусі — Лельчыцкі раён — яшчэ і адзін з самых лясістых.

— Каля 70 % тэрыторыі нашага раёна займаюць лясы. У выніку лесаапрацоўчай дзейнасці прадпрыемстваў сёння ў раёне назапасілася больш за 25 тысяч тон дранкі. Пасля правядзення рэканструкцыі, а фактычна маштабнай мадэрнізацыі цэнтральнай кацельні, для ацяплення можна будзе выкарыстоўваць амаль гадавы аб’ём адходаў дрэваапрацоўкі. Таму для нашага раёна гэта вельмі важны, у тым ліку прамысловы, праект. Плануем яго рэалізаваць на працягу гэтага года і запусціць кацельню ў эксплуатацыю да наступнага ацяпляльнага сезона, — падкрэсліў кіраўнік раёна.

Праект рэканструкцыі агульным коштам каля 17 мільёнаў рублёў у Лельчыцах рэалізуюць за кошт сродкаў Банка развіцця Рэспублікі Беларусь. У мінулым годзе аб’ект паспяхова прайшоў дзяржэкспертызу, была падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя, пачаўся першы будаўнічы этап. На аб’екце разабралі старыя канструкцыі памяшкання кацельні, узвялі падмуркі для ўстаноўкі новых двух цвёрдапаліўных і аднаго газавага катлоў. Якраз гэтымі днямі ўжо ідзе адгрузка новага ацяпляльнага абсталявання. Спецыялісты рыхтуюцца да мантажных, а пасля і пусканаладачных работ. Адначасова будзе дэманціравацца старое газавае абсталяванне. Для кацельні таксама набыты новы шчэпкадрабільны комплекс. Ён дазволіць аптымізаваць працэс перапрацоўкі драўняных адходаў і забяспечыць высокую якасць дранкі для палення. Сёння актыўна вядзецца і добраўпарадкаванне тэрыторыі цэнтральнай кацельні.

Пасля рэканструкцыі аб’ект забяспечыць цеплавую магутнасць у 15 мегават. Да пэўных тэмператур выпрацоўваць цяпло будуць за кошт дранкі, і толькі пры значным паніжэнні тэмператур паветра і пікавых нагрузках стануць падключаць рэзервовы газавы кацёл.

Ад рэалізацыі праекта жыхары Лельчыц чакаюць і эканамічнага эфекту: кошт цеплавой энергіі знізіцца. Пакуль заўчасна казаць аб канкрэтных лічбах, але чакаецца, што калі пры рабоце старога абсталявання кацельні кошт адной гігакалорыі складаў 136 рублёў, то пасля завяршэння рэканструкцыі ён знізіцца да 106.

— Гэты знакавы для Лельчыц праект — яшчэ і новыя працоўныя месцы, — звярнуў увагу старшыня Лельчыцкага райвыканкама.

Пасля рэканструкцыі штат кацельні складзе каля 20 чалавек. Будуць забяспечаны працай вадзіцелі пагрузчыкаў і шчэпкавозаў. Для работы з цвёрдапаліўнымі катламі работнікі пройдуць адмысловае навучанне.

— Для спецыялістаў цеплавой сеткі Лельчыц гэта будзе першы вопыт такой маштабнай працы з драўнянай біямасай. Вывучаем падобную практыку іншых раёнаў, — дадаў Сяргей Дылюк.

Як нагадаў кіраўнік раёна, бягучы Год добраўпарадкавання для райцэнтра ўвогуле абяцае стаць вельмі багатым на праекты абнаўлення сацыяльна значных аб’ектаў. Сёлета Лельчыцы стануць сталіцай абласных «Дажынак». У рамках падрыхтоўкі да свята працаўнікоў вёскі ў Лельчыцах будзе адрамантавана і мадэрнізавана больш за 180 аб’ектаў. Новае аблічча прымуць цэнтральная частка гарпасёлка, усе сацыяльныя аб’екты. Значную ўвагу ўжо ўдзяляюць рамонту дарожнай гаспадаркі, добраўпарадкаванню прыдамавых тэрыторый райцэнтра.

Фота аўтара і газеты «Светлае жыццё»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю