Гэта адбылося падчас заключнага канцэрта IХ Міжнароднага Велікоднага фестывалю ў Храме-Помніку ў гонар Усіх Святых у Мінску. Такі падарунак вырашыў зрабіць таленавітым беларускім музыкантам Герман Александэр Беелер. За гэты інструмент давялося дорага заплаціць, адзначыў протаіерэй Фёдар Поўны: а менавіта подзвігам адданасці нашай краіне, бо Герман Александэр палюбіў Беларусь, і гэтае пачуццё прайшло праверку на трываласць у яго краіне. Ён шмат разоў прыязджаў у Беларусь, а ў 2018 годзе стаў ганаровым консулам Беларусі ў Швейцарыі. Тады яшчэ нават не ведаў, што яго продкі калісьці жылі ў Пінску...
— Я люблю Беларусь. Гэта мая першапачатковая радзіма, — прызнаецца Герман Александэр Беелер. — Сёлета падчас Ражджэственскіх чытанняў я пачуў, як музыканты гралі Вівальдзі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Я люблю Вівальдзі. Але гэта былі апошнія гукі, і я папрасіў, каб сыгралі яшчэ — і на маю просьбу музыканты адгукнуліся. Я паабяцаў, што падару ім асаблівую скрыпку...
Гэты інструмент ён набыў 5 гадоў таму ў знаёмага скрыпача, які быў даволі вядомы ў свеце. Гэта арыгінальная копія скрыпкі Гварнеры дэль Джэзу 1733 года. Інструмент прайшоў праз камп’ютарны тамограф, яго пільна даследавалі, каб пацвердзіць паходжанне. Гэта арыгінальная вытворчасць, скрыпка мае добрае гучанне. Майстар, які яе вырабіў, 25 гадоў вучыўся ў Крэмоне.
Цяпер гэта ўласнасць Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Яе рэктар Алена Куракіна паабяцала, што падчас першага канцэрту, калі акадэмія вернецца ў свой гістарычны будынак, на гэтым інструменце будзе выкананы канцэрт з музыкі Вівальдзі.
Ларыса ЦІМОШЫК