Top.Mail.Ru

Рэалізавацца ў сельскай гаспадарцы можна ў любым узросце

З кожным годам прэстыж прафесій, звязаных з сельскай гаспадаркай, павышаецца. Расце і колькасць маладых спецыялістаў, якія па слядах сваіх бацькоў ступаюць на гэту нялёгкую, але вельмі важную для нашай краіны сцяжыну. Мы сабралі гісторыі маладых людзей Віцебшчыны, якія задаволены прафесійным выбарам і на сваім прыкладзе даказваюць, што рэалізавацца ў сельскай гаспадарцы можна ў любым узросце.


Юрыст-аўтамабіліст

Усяго паўгода ў ААТ «Агравідзы» працуе новы малады юрыст, чуткі пра якога ўжо данесліся да Браслава. І гэта звязана не толькі з гучным і вядомым для беларусаў прозвішчам, але і з шырокім колам незвычайных для дзяўчыны захапленняў.

Юрыст Віялета Лукашэнка летась скончыла Полацкі эканамічны каледж і прыехала на размеркаванне ў «Агравідзы» Браслаўскага раёна. Калектыў сельгаспрадпрыемства ахвотна прыняў маладога спецыяліста, старэйшыя калегі дапамаглі хутка ўвайсці ў рабочы працэс. Кіраўніцтва гаспадаркі забяспечыла Віялету жыллём, дзяўчына жыве разам з яшчэ адным маладым работнікам прадпрыемства ў прыватным доме з усімі выгодамі.

У вёску Ліпалаты, дзе дзяўчыне выдзелілі дом, малады спецыяліст перавезла нават свайго надзейнага чатырохногага сябра — хаскі з мянушкай Тайга. Для сабакі дазволілі на ўчастку ўзвесці прасторны вальер, які Віялета пабудавала самастойна.

«Праца мне па душы. Складаю дагаворы, выдаю даведкі, заключаю здзелкі куплі-продажу і іншае. Усё гэта патрабуе ўвагі, адказнасці і пастаяннай самаадукацыі. Спраўляюся з заданнямі даволі хутка, у тым ліку дзякуючы калегам, якія прыходзяць на дапамогу ў любы момант», — дзеліцца гераіня.

Спіс захапленняў у маладой дзяўчыны мала сказаць, што шматпрофільны, хутчэй неардынарны. Віялета грае на гітары, любіць фатаграфаваць, мае свае матацыкл і аўтамабіль, на якіх падарожнічае па свеце, удзельнічае ў аўтаспаборніцтвах па хуткай яздзе. А яшчэ дзяўчына цалкам абслугоўвае сваю тэхніку — жаночую любоў да рамонту складанай тэхнікі ёй прывіў дзядуля.

Не адзін у полі воін

Арцём Куземка ў свае дваццаць пяць ужо дасведчаны спецыяліст, ды яшчэ і ў даволі вузкай сферы. Ён працуе аграномам-аграхімікам у СВК «Маяк Браслаўскі». На пасадзе займаецца хімікатамі-ўгнаеннямі і ядамі — адным словам, з’яўляецца важным звяном, мабыць, самай магутнай на Браслаўшчыне карпаратыўнай агранамічнай службы.

Малады чалавек родам з Гомельшчыны, а вось на Браслаўшчыну трапіў па размеркаванні пасля заканчэння ў 2021 годзе Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. «Раён прыгожы, цікавы. Але на яго вывучэнне застаецца не так ужо і шмат часу — праца ў сельскай гаспадарцы напружаная, асабліва ў сезон», — адзначае Арцём і дадае, што любіць сваю прафесію.

Аграхімік Арцём Куземка працуе з шырокім спектрам угнаенняў, гербіцыдаў, іншых ядаў. Працаваць з імі даводзіцца без малога круглы год: унясенне вясной і восенню, хімічная праполка, пратручванне. Кожнае рэчыва трэба пралічыць, замовіць, прасачыць за яго транспарціроўкай і захоўваннем, старанна пракантраляваць непасрэднае выкарыстанне ў адпаведнасці са строгімі нормамі. Без перабольшання патрэбна дакладнасць, як у аптэцы. На маладым спецыялісце ляжыць вялікая адказнасць — сем тысяч гектараў!

Малады аграном расказвае, што ўнікаў у тонкасці працы не без цяжкасцяў, аднак плячо, як і павінна быць у такіх выпадках, падставілі больш вопытныя калегі. Дарэчы, аб сельгаспрадпрыемстве ў цэлым і яго кіраўніцтве хлопец адгукаецца вельмі добра і нездарма, бо гаспадарка забяспечыла спецыяліста камфортным ведамасным жыллём, службовым аўтамабілем, дастойнай зарплатай. А яшчэ Арцёма тут цэняць і як прафесіянала, і як чалавека — вясёлага, спагадлівага і добрага.

Цяпер Куземка атрымлівае другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «Кіраванне арганізацыямі і падраздзяленнямі аграпрамысловага комплексу» і сыходзіць з «Маяка» не збіраецца — перад маладым чалавекам адкрыюцца новыя перспектывы кар’ернага росту.

Лёгкага хлеба не бывае

Пракантраляваць якасць унясення ўгнаенняў, арганізаваць работу па барацьбе са шкоднымі раслінамі і насякомымі, хваробамі сельскагаспадарчых культур і пустазеллем — гэта і многае іншае пад сілу аграному па абароне раслін УСП «Дружбінец» Арцёму Масько. Ужо два гады хлопец адказвае за тое, каб палі прадпрыемства радавалі багатым ураджаем.

«Звязаў жыццё з сельскай гаспадаркай цалкам выпадкова. Пасля заканчэння школы ў планах было атрыманне спецыяльнасці „Перакладчык“, але да запаветнай мары не хапіла некалькіх балаў. У Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію паступіў за кампанію з сябрам, які сцвярджаў, што галіна перспектыўная», — расказвае хлопец.

Атрымаў адукацыю — і не пралічыўся. Няпросты, але жыццёва важны крок даказаў Арцёму: усё, што не робіцца, — усё да лепшага. І сёння, працуючы на палях Сенненшчыны, хлопец не шкадуе аб выбраным шляху. І хоць сам малады чалавек з Віцебска, да працы ён прывучаны з дзяцінства, ведае, што лёгкага хлеба не бывае.

На Сенненшчыну Арцём трапіў па размеркаванні. У «Дружбінцы» прынялі добра, хапіла некалькіх месяцаў, каб адаптавацца на новым працоўным месцы. Хутка вырашылася і жыллёвае пытанне: прадпрыемства практычна поўнасцю аплачвае здымную кватэру ў райцэнтры.

«Не бывае лёгкіх прафесій. І галіна сельскай гаспадаркі — адна з самых складаных. Аднак вочы баяцца, а рукі робяць. Хто, калі не мы?» — з усмешкай заключыў герой.

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: «Хто, калі не мы?»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю