У пачатку кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Салігорскі раён разгледзеў перспектывы развіцця птушкагадоўлі. Там перад аграрыямі кіраўнік дзяржавы паставіў глабальную мэту: нікому не аддаваць свой рынак па ўсіх кірунках. Прэзідэнт агучыў перад спецыялістамі адну з канкрэтных задач — пазбавіцца ад залежнасці паставак маладняку птушкі з-за мяжы. Як гэта будзе вырашацца, мы пацікавіліся ў спецыялістаў цэнтральнага рэгіёна.
16 вытворчых пляцовак
Начальнік упраўлення жывёлагадоўлі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама Алена БОДАК адзначыла, што ў рэгіёне птушкагадоўляй займаюцца 16 вытворчых пляцовак, з якіх 4 спецыялізуюцца на вытворчасці яек і 12 — на вытворчасці мяса. Асноўнымі вытворцамі гэтай прадукцыі з’яўляюцца агракамбінат «Дзяржынскі», акцыянерныя таварыствы «Смалявічы Бройлер» і «Салігорская птушкафабрыка».
Падлічана, што колькасць пагалоўя птушкі на пачатак кастрычніка склала 16 мільёнаў 932,9 тысячы галоў, або 33,4 % ад агульнай колькасці па краіне. Сёлета вырашчана 198,4 тысячы тон птушкі, або 35,6 % ад агульнага аб’ёму вытворчасці па краіне.
Вытворчасць яек з пачатку года — амаль 900 мільёнаў штук, што на 3,5 % больш, чым летась. Сярэдняя яйцаноскасць курэй-нясушак — 237 штук за год. Экспарт мяса і харчовых субпрадуктаў хатняй птушкі за 8 месяцаў склаў 97,4 мільёна долараў, яек і яйкапрадуктаў — 21,1 мільёна долараў.
Планы агракамбіната
Агракамбінат «Дзяржынскі» летась пачаў рэалізацыю інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі трох раёнаў. У Крупскім і Дзяржынскім раёнах магутнасць праекта склала 20 тысяч тон мяса ў год пры аб’ёме інвестыцый у 102 мільёны рублёў. На тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна ажыццяўляецца будаўніцтва комплексу птушнікаў па вырошчванні бацькоўскага пагалоўя мяснога кірунку і цэха інкубацыі, а таксама цэха бацькоўскага статка пры аграгарадку Рубяжэвічы. Гэты комплекс будзе завершаны ў снежні.
Алена Бодак лічыць, што рэалізацыя праектаў дазволіць закрыць патрэбнасць у адкормачным пагалоўі куранят-бройлераў не толькі для ўласных патрэб і патрэб Мінскай вобласці, а таксама і за яе межамі. У выніку аб’ёмы вытворчасці мяса куранят узрастуць да 280 тысяч тон (плюс 14 %).
Новы кірунак — індычка
Адзіным вытворцам мяса індычкі ў вобласці з’яўляецца агракамбінат «Дзяржынскі». Сёння тут рэалізуецца два інвестыцыйныя праекты па вырошчванні гэтага дыетычнага мяса: на тэрыторыі Капыльскага і Уздзенскага раёнаў. Толькі на Капыльшчыне, як чакаецца, сёлета аб’ё-
мы вытворчасці мяса індычкі ў жывой вазе складуць каля 7,4 тысячы тон, або 120 % ад узроўню мінулага года. Цяпер ажыццяўляецца аналагічны праект магутнасцю 4 тысячы тон мяса індычкі на тэрыторыі Уздзенскага раёна з агульным аб’ёмам інвестыцый 66 мільёнаў рублёў. Тут праект рэалізуюць у наступным годзе. Рэалізацыя гэтых праектаў дасць магчымасць атрымаць 11,5 тысячы тон мяса індычкі ўжо ў 2027 годзе.
Перспектыўная перапёлка
Алена Бодак адзначыла, што сёлета на Салігорскай птушкафабрыцы рэалізаваны праект па будаўніцтве інавацыйнай перапёлчынай фермы магутнасцю не менш за 200 мільёнаў яек у год. Менавіта з улікам павелічэння спажывецкага попыту паўстала неабходнасць нарошчвання вытворчасці такіх яек шляхам рэалізацыі трох інвестыцыйных праектаў.
Па-першае, за перыяд 2026–2027 гадоў запланавана будаўніцтва цэха па перапрацоўцы перапёлчыных яек, магутнасць якога дазволіць штогод перапрацоўваць не менш за 108 мільёнаў штук.
У якасці асноўнай прадукцыі вытворчасці цэха будуць яйкі перапёлчыны вараныя ў марынадзе і вэнджаныя, а таксама іншыя віды прадуктаў харчавання, якія ўтрымліваюць у складзе перапёлчыны яйкі.
За перыяд 2026–2028 гадоў запланавана стварэнне селекцыйна-генетычнага цэнтра па гадоўлі перапёлак. У выніку асноўнай прадукцыяй гэтага цэнтра стане інкубацыйнае яйка (чыстая лінія). Планавыя аб’ёмы вытворчасці інкубацыйных яек складуць не менш за 3,8 мільёна штук у год. Таксама за перыяд 2027–2029 гадоў запланавана рэканструкцыя двух птушнікаў, цэхаў па перапрацоўцы і сартаванні яек, а таксама мадэрнізацыя забойнага цэха з заменай тэхналагічнага абсталявання.
Маштабаваць на ўсю краіну
Начальнік упраўлення жывёлагадоўлі лічыць, што рэалізацыя інвестыцыйных праектаў дасць магчымасць атрымаць чаканы аб’ём вытворчасці мяса птушкі ў цэлым у 2028 годзе ў колькасці 296 тысяч тон, калі тэмп росту складзе 114 % да аб’ёму вытворчасці 2024-га. А чаканы аб’ём вытворчасці яек у 2030 годзе дасягне 1,5 мільярда штук з тэмпам росту 130 %.
Калі ўсе запланаваныя задачы сталічнага рэгіёна будуць выкананы досыць якасна і ў тэрмін, тады гэтаму пачынанню будзе дадзена экспертная ацэнка.
А следам і маштабаванне досведу на ўсю краіну. Алена Бодак лічыць, што гэтыя амбіцыйныя задачы цэнтральнаму рэгіёну сапраўды па плячы.
Сяргей КУРКАЧ