Top.Mail.Ru

Рэабілітуем рэпутацыю прадукту, карыснага як для дзяцей, так і для дарослых

Без віны вінаватае

За апошнія дзесяцігоддзі рэпутацыю малака грунтоўна падмачылі. У інфармацыйнай прасторы раз-пораз сутыкаешся з рознага кшталту «ганеннямі» на яго. Думаю, кожнаму не аднойчы даводзілася чуць і чытаць меркаванні аб тым, што «малако — гэта ежа немаўлят», што яно цяпер «хімічнае». Калі зазірнуць у сацсеткі, то таксама можна сустрэць шмат «цікавага».

Вось маладая блогерка расказвае, што ўжо тры гады яна не п’е малако: «Таму што яно забівае не толькі кароў, але і кожнага з нас». Аказваецца, у шклянцы малака «не бялок і кальцый, а літаральна гной»! Страшна? Жудасна?

І шмат іншых «экспертаў» пераконваюць ў тым, што малако шкодзіць здароўю і ад яго трэба абавязкова адмаўляцца. Вакол гэтага прадукту складаецца цэлая міфалогія. Часта пад такімі пастамі ў каментарыях багата пытанняў: «А як жа раней нашы бабулі і дзядулі жылі, калі спажывалі традыцыйныя прадукты?», «Што наогул можна есці і піць, калі слухаць усіх гэтых «спецыялістаў?». Шмат хто дзеліцца асабістымі назіраннямі: «Усё жыццё п’ю малако — не магу паскардзіцца на самаадчуванне».

Ці мае нешта са сцвярджэнняў пра шкоду малака пад сабой навуковую аснову ці яны — чыстай вады выдумка? 

Я папрасіла загадчыка вытворча-выпрабавальнай лабараторыі РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці», кандыдата ветэрынарных навук, дацэнта Міхаіла Місцейку дапамагчы аддзяліць праўду ад выдумкі.

Міф першы: «Малако —  гэта ежа дзяцей. З узростам неабходнасць у ім знікае, і ад яго трэба адмаўляцца»

— Гэта нічым не пацверджана. Часам гэта меркаванне тлумачаць тым, што з узростам можа развівацца непераноснасць лактозы (прыроднага вугляводу з групы дыцукрыдаў, які змяшчаецца ва ўсіх відах малака і малочных прадуктаў). Лактоза вельмі карысная — як прэбіётык, яна спрыяе росту карысных мікраарганізмаў у тоўстым кішэчніку.

  • 1 порцыя малочных прадуктаў — гэта 1 шклянка малака/кефіру/ражанкі (200 мл) або 30—40 г сыру; 100—150 г тварагу ці 150—170 г ёгурту. Па рэкамендацыях СААЗ у дзень неабходна ўжываць 2—3 порцыі.

Беларусь уваходзіць у зону ўмеранай непераноснасці лактозы. Нават у тых выпадках, калі лактозная недастатковасць пацверджана медыкамі, не варта цалкам адмаўляцца ад такога ўнікальнага прадукту, як малако. Тым больш што сёння ёсць цэлая лінейка (у тым ліку распрацаваная супрацоўнікамі нашага Інстытута) безлактозных малочных прадуктаў. Іншы распаўсюджаны «аргумент» на карысць адмовы ад малака, — косці ў дарослых ужо сфарміраваны і дадатковы кальцый быццам бы не патрабуецца. Гэта таксама няпраўда. З узростам косці становяцца больш крохкімі, падтрымліваць іх здароўе трэба на працягу ўсяго жыцця. Навукова даказана: пры ўжыванні дзвюх порцый малака ў дзень у жанчын (асабліва ў перыяд постменапаўзы) шчыльнасць касцей павялічваецца на 1,5-2,3%.

Міф другі: «Малако павышае рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў»

— Аўтарытэтны медыцынскі часопіс «Ланцэт» (The Lancet) апублікаваў у 2018 годзе даследаванне PURE, праведзенае ў 21 краіне, якое даказала: умеранае ўжыванне малочных прадуктаў не павялічвае рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў. Больш за тое: уключэнне іх у рацыён звязана са зніжэннем агульнай смяротнасці на 17 %; рызыкі развіцця асноўных сардэчна-

сасудзістых захворванняў — на 22 %, а верагоднасці інсульту — на 34 % у параўнанні з нулявым спажываннем малака.

Міф трэці: «Не варта набываць малако ў пакетах — яно з парашка»

— У Беларусі добра развіта малочная жывёлагадоўля. Малака ў нашай краіне вырабляецца амаль у 3 разы больш, чым трэба для ўнутранага спажывання. Пры такім аб’ёме сыравіны эканамічна не выгадна яго высушваць, потым разводзіць і прадаваць па цане цэльнага прадукту. Малако праходзіць у нас вельмі жорсткі кантроль і на сельскагаспадарчых, і на перапрацоўчых прадпрыемствах. Цэлым шэрагам нарматыўных дакументаў замацавана норма: малаком можа называцца толькі сыравіна, атрыманая ад кароў або іншых сельскагаспадарчых жывёл. Прадукт, атрыманы з сухога малака, будзе называцца адноўленым малаком (у адпаведнасці з тэхнічнымі рэгламентамі Мытнага саюза). Малако, якое прадаецца ў пакетах, праходзіць усе тэхналагічныя апрацоўкі; карысныя ўласцівасці прадукту захоўваюцца.

Міф чацвёрты: «У малаку змяшчаюцца гарманальныя прэпараты, якімі абколваюць кароў і якія ўяўляюць небяспеку для здароўя спажыўцоў»

— Зрабіць ін’екцыі ўсяму статку — вельмі працаёмка. Да таго ж гармоны дзейнічаюць непрацяглы час. У Беларусі вельмі высокія патрабаванні да бяспекі малака. У нас забаронена накіроўваць на перапрацоўчыя прадпрыемствы малако тых жывёлін, якія праходзяць лячэнне. Сыравіна суправаджаецца даведкай, дзе змешчана інфармацыя аб тым, якія прэпараты ўводзіліся карове за апошнія 2 месяцы. Акрамя таго, зборнае малако, якое паступае на заводы, правяраецца высокачуллівымі тэстамі на наяўнасць ветэрынарных прэпаратаў (антыбіётыкаў і іншых лекавых сродкаў). Такі шматэтапны кантроль выключае траплянне лекаў у малако.

Міф пяты: «Абястлушчанае малако больш карыснае»

— Навуковыя даследаванні даказалі: няма ніякай прамой сувязі паміж спажываннем суцэльных (звычайнай тлустасці) малочных прадуктаў і з’яўленнем з-за гэтага праблем са здароўем. Больш за тое, малочныя тлушчы неабходныя для сінтэзу палавых гармонаў і будаўніцтва клетачных мембран. Таксама яны даюць адчуванне смаку. Ёсць шэраг тлушчараспушчальных вітамінаў (А, D, Е), якія змяшчаюцца толькі ў тлушчах і не засвойваюцца без іх.

Міф шосты: «Сырадой — самае карыснае малако»

— Сырадой, безумоўна, карысны. Але не ўвесь: тут важная экспертыза. Трэба быць упэўненым, што такое малако атрымана ад здаровай каровы. Яго трэба набываць у спецыялізаваных месцах, дзе ўся прадукцыя праходзіць лабараторны кантроль і прадавец гатовы прад’явіць даведку. У месцах, не прызначаных для гандлю, не рэкамендаваў бынабываць сырадой.

Міфы фарміруюць харчовыя фобіі

— Усе міфы пра малако галаслоўныя, яны не маюць пад сабой ніякай доказнай базы, — падкрэслівае Міхаіл Міхайлавіч. — На жаль, многія сёння не правяраюць дакладнасць інфармацыі, не ўключаюць крытычнае мысленне. І гэта ўтварае харчовыя фобіі. Людзі пачынаюць добраахвотна адмаўляцца ад малака, замяняючы яго значна менш карыснымі прадуктамі. Усё гэта заахвоціла навукоўцаў правесці шэраг навуковых даследаванняў, каб аргументавана абвергнуць няпраўду, якая распаўсюджваецца. І яны пацвердзілі: малако — выдатны прадукт, які забяспечвае арганізм пажыўнымі рэчывамі і будаўнічым матэрыялам. У малаку ёсць цукар (лактоза), бялкі (іх унікальны састаў, у тым ліку казеін, які забяспечвае працяглае насычэнне), тлушчы, вугляводы, больш за 50 мінеральных рэчываў, вітаміны.

Мне як навукоўцу вельмі крыўдна за нічым не абгрунтаваную дыскрэдытацыю ўнікальнага прадукту прыроды. Пры такім шырокім асартыменце малочных вырабаў, як у нас, адмаўляцца ад іх проста недарэчна.

Вольга Паклонская


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю