Аб'ём унутранага рынку і доля продажаў айчынных тавараў на ім — катэгорыя не толькі эканамічная. Гэта заўсёды быў адзін з ключавых індыкатараў нацыянальнай бяспекі. І ў апошнія гады яго значэнне толькі ўзрасло, прычым не толькі ў Беларусі.
Урады ўсіх краін звяртаюць пільную ўвагу на ўнутраны рынак і перавагу на ім сваіх вытворцаў. Іншае пытанне, што далёка не ва ўсіх краін з-за шэрагу прычын ёсць магчымасць забяспечыць сваіх грамадзян нават базавымі спажывецкімі таварамі ўласнай вытворчасці. Але большасць краін, прычым як багатыя, так і бедныя, пачынае укладваць у гэты кірунак сур'ёзныя рэсурсы. Паколькі яшчэ эпідэмія каранавіруса выразна прадэманстравала: сусветныя рынкі, з адносна свабодным доступам практычна да любых тавараў, існуюць толькі ў больш-менш стабільныя перыяды. Калі ўзнікаюць крызісныя сітуацыі, міжнародная супольнасць становіцца фікцыяй з пункту гледжання вырашэння канкрэтных праблем. Нягледзячы на розныя пагадненні, дэкларацыі і мемарандумы, на справе ў складаным становішчы кожная краіна і рэгіён вымушаны выблытвацца сваімі сіламі.

Уласна, з пункту гледжання забяспечанасці тымі ці іншымі таварамі, вылучаюць два параметры: даступнасць цэнавая і фізічная. Кажучы прасцей, тавар павінен быць у наяўнасці на гандлёвай паліцы і даступны спажыўцам па сваім кошце, зыходзячы з іх пакупніцкіх магчымасцяў. Абодва гэтыя паказчыкі ў глабальным маштабе ўжо не з'яўляюцца ні стабільнымі, ні прагназаванымі ў сілу самых разнастайных прычын: эканамічных, геапалітычных, фінансавых, лагістычных, эпідэміялагічных...
Ковід адступіў, але гэта не значыць, што вірусы супакоіліся. З вялікім пастаянствам эпідэміі розных захворванняў раслін і жывёл успыхваюць у розных рэгіёнах планеты і імгненна змяняюць баланс па вытворчасці тых ці іншых прадуктаў харчавання. Скажам, той жа мясны і малочны кірункі. Быццам бы, зыходзячы з усіх перадумоў, прадукцыі жывёлагадоўлі сусветная сельская гаспадарка вырабляе з лішкам. І нават прагназаваўся і прагназуецца сур'ёзны прафіцыт і сыравіны, і гатовай прадукцыі. Гэта калі аналізаваць вытворчыя магутнасці і рэалізацыю інвестыцыйных праектаў. Актыўна ўкладваюцца ў малочную галіну Расія, Кітай, іншыя некалі буйныя імпарцёры гэтай прадукцыі. Да канца дзесяцігоддзя яны рызыкуюць выйсці на поўнае самазабеспячэнне і нават сфарміраваць імпартны трафік. Прагназуецца абвастрэнне канкурэнцыі на рынках Афрыкі, Азіі, Блізкага Усходу сярод вытворцаў прадуктаў харчавання.
Але існуе яшчэ бясконцая колькасць форс-мажораў, якія могуць хутка змяніць структуру рынку харчавання. Гэта і дэфіцыт угнаенняў, адпаведна, недахоп кармоў. Але недахоп угнаенняў — праблема рукатворная. Яна звязана як з актыўнай санкцыйнай палітыкай Захаду, так і з канфліктам у Персідскім заліве. Праўда, ёсць і нямала прыродных з'яў непераадольнай сілы. Або амаль непераадольнай. Летась успышкі яшчуру фіксаваліся ў Германіі, Славакіі і Венгрыі. Скаціну масава забівалі, што не магло не адбіцца на аб'ёмах вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. І пагроза эпідэміі застаецца. У ЗША ўжо сёлета, улетку, зафіксаваны дзясяткі выпадкаў заражэння кароў у Тэхасе вінтавой мухай Новага свету. Самкі паразіта адкладаюць яйкі ў ранкі жывёл, а лічынкі, якія вылупіліся, сілкуюцца жывымі тканкамі. У выніку заражанае парнакапытнае гіне за некалькі дзён. Перыядычна фіксуюцца праявы і птушынага грыпу.
Словам, колькасць рызык і пагроз павялічваецца, яны становяцца больш разнастайнымі і менш пралічваюцца. І з імі не заўсёды ўдаецца справіцца, калі ёсць значная знешняя залежнасць. Той жа ковід перакроіў рэйтынг краін па крытэрыі забеспячэння харчовай бяспекі. Напрыклад, Сінгапур да пандэміі заўсёды займаў верхнія топавыя радкі. Багатая дзяржава ўстанавіла вельмі высокія стандарты, якія прад'яўляюцца да прадуктаў харчавання. Але ўласная вытворчасць займала надта нізкі працэнт. Па цалкам зразумелых прычынах: Сінгапур, фактычна, горад-дзяржава. Для культывавання сельскагаспадарчых культур адсутнічаюць адпаведныя плошчы. Але статус аднаго з сусветных фінансавых і тэхналагічных цэнтраў дазваляў гэтай краіне добра зарабляць і ў дастатковай колькасці імпартаваць прадукты харчавання. Тым больш што рынак Сінгапура з'яўляецца высокамаржынальным і ўсе буйныя вытворцы марылі прайсці строгую сертыфікацыю і трапіць на яго са сваёй прадукцыяй. Аднак у перыяд пандэміі, выкліканых ёй лакдаўнаў, разрыву лагістычных ланцужкоў і масавых абмежаванняў па ўсім свеце вывазу стратэгічнай прадукцыі (да якой адносіцца і харчаванне) узнік фізічны дэфіцыт па многіх харчовых пазіцыях. Зыходзячы з новых рэалій, крытэрыі харчовай бяспекі былі крыху перагледжаны. І багатыя краіны, якія валодаюць фінансавымі рэсурсамі, але не здольныя з тых ці іншых прычын вырабляць прадукты харчавання, вельмі моцна страцілі ў рэйтынгах.
Таму ўласная вытворчасць і развіццё свайго спажывецкага рынку — сёння прынцыпова важная задача і для эканамічнай, і для сацыяльнай устойлівасці. Несумненна, цяжар вырашэння гэтай праблемы кладзецца на плечы ўлады, аднак немалаважную ролю адыгрывае і грамадская пазіцыя. Усё ж пакупнік фарміруе попыт. Рознымі рэгуляторнымі мерамі яго можна карэкціраваць, але перакроіць па сваім жаданні адміністрацыйным рэсурсам практычна немагчыма. Сёння фактар разумнага спажывання пачынае адыгрываць усё больш значную ролю. Разумнага не толькі з пункту гледжання выбару якасных, функцыянальных, экалагічна чыстых, найбольш прымальных па цане тавараў. Мае значэнне і пераход на мадэль спажывання, якая прадугледжвае здзяйсненне пакупак зыходзячы з рэальнай патрэбы, а не ў сілу моды, дэманстрацыі сваіх магчымасцяў, статусу і да т. п. У сучаснай сітуацыі разумнае спажыванне прадугледжвае і ўсвядомлены аналіз такога крытэрыю, як краіна паходжання тавару. Гэта не значыць, што неабходна набываць выключна беларускае, нягледзячы на ўсе астатнія параметры. Тавар павінен быць канкурэнтаздольны. Калі не абсалютна і безумоўна па ўсіх параметрах, то ў значнай ступені набліжацца да найлепшых паказчыкаў і іх спалучэння. Але фактар нацыянальнай вытворчасці таксама павінен мець пэўную вагу.

Гэта не столькі падтрымка айчыннага вытворцы, колькі інвестыцыі ў стабільнасць уласнага рознічнага рынку. Колькі б імпартныя кампаніі не казалі аб прыхільнасці да сваіх пакупнікоў і сацыяльнай адказнасці, аднак жыць яны будуць па тых правілах, што прадугледжаны ў краіне іх знаходжання. І паўплываць мы на іх фактычна не можам. Беларускія суб'екты гаспадарання па відавочных прычынах больш схільныя да развіцця партнёрства. І той ці іншай рэгуляторыкай, маючы ўласную вытворчасць, заўсёды прасцей выраўняць сітуацыю. Дарэчы, гаворка ідзе не толькі аб праславутым адміністрацыйным рэсурсе (хоць без яго таксама немагчыма абысціся), але і аб іншым, самым шырокім інструментарыі: прадастаўленне падатковых ільгот, фінансавай падтрымкі, выкарыстанне дзяржаўнага рэзерву для дапамогі ў закупцы той ці іншай сыравіны і гэтак далей.
І ў моманты дэфіцыту тых ці іншых таварных пазіцый, калі імпарцёры сыходзілі свядома ці вымушана з рынку, беларускія кампаніі закрывалі «прабоіны», якія ўтвараліся. Дык ці не вартыя яны тады і нейкага спажывецкага бонусу ў час багацця рынку?! За былыя заслугі. Тым больш, падкрэслю: купля айчыннага канкурэнтаздольнага ў цэлым тавару з'яўляецца інвестыцыямі ў яго паляпшэнне, а часам і патанненне. Стабільны ўнутраны попыт дазваляе аптымізаваць затраты, палепшыць планаванне і, адпаведна, зніжаць выдаткі, укладваць сродкі ў павышэнне спажывецкіх уласцівасцяў прадукцыі. Разумнае спажыванне прадугледжвае ў тым ліку і такі падыход пры здзяйсненні пакупак. Праўда, і вытворцам неабходна памятаць: любыя інвестыцыі павінны прыносіць дывідэнды, у тым ліку і пакупнікам, якія павінны адчуваць паляпшэнні.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ
Фота БелТА