Падчас пасяджэння Пастаяннай камісіі па міжнародных справах канкрэтызавалі кірункі ўзаемаадносін з парламентамі Афрыкі ў кантэксце нацыянальных знешнепалітычных задач. Асобную ўвагу дэпутаты ўдзялілі арганізацыі круглага стала па гэтай праблематыцы.
Кажучы аб развіцці парламенцкай дыпламатыі з афрыканскімі краінамі, старшыня Пастаяннай камісіі адзначыў, што ў Нацыянальным сходзе Беларусі створаны рабочыя групы па ўзаемадзеянні з парламентамі Алжыра, Егіпта, Зімбабвэ, Кеніі, Экватарыяльнай Гвінеі, ПАР. Таксама працуе рэгіянальная група па супрацоўніцтве з парламентамі краін Афрыкі.
«Мы актыўна абменьваемся сустрэчамі, многія сумесныя пасяджэнні з нашымі афрыканскімі калегамі праходзяць у рэжыме відэаканферэнцсувязі, — канкрэтызаваў Сяргей Рачкоў. — Дасягненне Палаты прадстаўнікоў, у цэлым Нацыянальнага сходу Беларусі — гэта атрыманне статуса назіральніка ў Панаафрыканскім парламенце. Упершыню дэлегацыя Панаафрыканскага парламента ў студзені 2025 года прымала ўдзел у міжнародным маніторынгу за ходам прэзідэнцкіх выбараў Рэспублікі Беларусь».
Падчас пасяджэння таксама абмяркоўваўся законапраект «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Уганда аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў».
Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Алега ДЗЯЧЭНКІ, гэта вельмі важны дакумент, які дазволіць інтэнсіфікаваць сувязі паміж нашымі краінамі ў духу выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы, якія былі дадзены на вялікай нарадзе з дыпламатычным корпусам, праведзенай нядаўна ў Мінску. «Сёння кантакты Рэспублікі Беларусь з краінамі глабальнага Поўдня, у тым ліку з краінамі афрыканскага кантыненту, развіваюцца вельмі дынамічна, — падкрэсліў дэпутат. — Устаноўлены вельмі добрыя ўзаемаадносіны — у першую чаргу палітычныя, гандлёва-эканамічныя — з такімі краінамі, як Зімбабвэ, Экватарыяльная Гвінея, Егіпет, ПАР, Кенія. Добрыя адносіны ў нас развіваюцца з Эфіопіяй».
Алег Дзячэнка дадаў, што ў тым ліку дзякуючы рабоце парламентарыяў расце тавараабарот паміж Беларуссю і афрыканскімі краінамі. «Экспарт беларускіх тавараў і паслуг у гэтыя краіны за апошнія гады павялічыўся больш як у 4 разы, — канкрэтызаваў ён. — Але на гэтым не варта спыняцца. Далей мы будзем вельмі шчыльна працаваць з афрыканскім рынкам па пастаўцы туды машын сельгаспадарчага прызначэння, спецыяльнай тэхнікі, і, як падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы, прадуктаў харчавання, паколькі беларускія прадукты высокаякасныя і запатрабаваныя на рынках афрыканскіх краін».
Вераніка КАНЮТА.
Фота прэс-службы Палаты прадстаўнікоў.