Top.Mail.Ru

Развіццё электраэнергетыкі і газіфікацыі населеных пунктаў абмеркавалі ў Палаце прадстаўнікоў

Гэта адна з найбольш топавых тэм, якую ў ходзе работы дэпутатаў у выбарчых акругах узнімаюць грамадзяне. У сферы электраэнергетыкі і газіфікацыі населеных пунктаў зроблена нямала, аднак ёсць і шэраг прабелаў, якія патрабуюць канкрэтных, у тым ліку заканадаўчых, рашэнняў. Што яшчэ варта зрабіць, каб людзям, асабліва ў сельскай мясцовасці, жылося камфортна, і чым у гэтым пытанні можа дапамагчы дэпутацкі корпус, падрабязна і шырока абмеркавалі на семінары-нарадзе з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства энергетыкі, кіраўнікоў абласных прадпрыемстваў электраэнергетыкі і газазабяспечваючых арганізацый.


«Мы не маем права распыляць дзяржаўныя сродкі»

Як звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, мерапрыемства на згаданую тэматыку ўпершыню праводзіцца ў новым фармаце. Кажучы аб удзеле ў семінары-нарадзе кіраўніцтва Міністэрства энергетыкі, рэгіянальных структур, ён адзначыў, што такі падыход дазволіць разгледзець актуальныя пытанні аператыўна, комплексна, з улікам сітуацыі на месцах.

«Жыццё не стаіць на месцы: рост якасці паслуг, якія аказваюцца насельніцтву, ставіць перад энергетычнай галіной новыя задачы, — канкрэтызаваў Ігар Сергяенка. — Пастаянна павялічваюцца аб’ёмы электраспажывання. Так, толькі за мінулы год яны выраслі на 5 %. Людзі ў побыце сталі больш актыўна прымяняць электрапрыборы, без якіх сёння фактычна не абыходзіцца ні адна сям’я».

У цяперашні час, па словах спікера, назіраецца выхад на новы ўзровень, калі электраэнергія выкарыстоўваецца ў тым ліку для ацяплення і гарачага водазабеспячэння. «Асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе сёння нашы людзі хочуць бачыць роўны ўзровень камфорту з горадам, — падкрэсліў ён. — І тут узнікае праблема, для вырашэння якой патрабуюцца значныя фінансавыя ўкладанні. А менавіта, электрасеткі, якія эксплуатуюцца на вёсцы, у свой час праектаваліся без уліку спажывання электрычнасці для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння, прыгатавання ежы і, адпаведна, маюць абмежаваны рэзерв прапускной здольнасці».

Без іх мадэрнізацыі, па словах Ігара Сергяенкі, немагчыма задаволіць усе запыты грамадзян. «Гэта значыць краіне патрэбная надзейная інфраструктура, якая забяспечыць дастаўку электраэнергіі спажыўцу максімальна зручным спосабам па прымальных тарыфах, — канкрэтызаваў ён. — Так, у рамках Дзяржаўнай праграмы „Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе“ такая работа праводзіцца, але тэмпы яе рэалізацыі і ўстаноўленыя тэрміны, вядома, выклікаюць пытанні».

Разам з тым спікер адзначыў, што Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі ў СНД па ўзроўню газіфікацыі, які ў сельскай мясцовасці за 30 гадоў вырас у пяць разоў — з 10 % да 50 %, а ў гарадской дасягнуў практычна 85 %. Па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, улічваючы кошт прыроднага газу, гэты кірунак таксама застаецца запатрабаваным у насельніцтва і працягвае развівацца. 

«Таму мы павінны дакладна бачыць і размяжоўваць тыя рэгіёны, раёны, населеныя пункты, дзе з пункту гледжання эканамічнай абгрунтаванасці і мэтазгоднасці неабходна газіфікацыя або мадэрнізацыя электрасетак, — падкрэсліў Ігар Сергяенка. — Мы не маем права распыляць дзяржаўныя сродкі».

Акрамя таго, Старшыня Палаты прадстаўнікоў акцэнтаваў увагу на тым, што насельніцтва не ў поўнай меры інфармавана аб перспектыўных планах і парадку энерга- і газазабеспячэння канкрэтнага населенага пункта, хатняй гаспадаркі. Гэтыя пытанні, па яго словах, знаходзяцца і ў кампетэнцыі дэпутацкага корпуса.

«Мы павінны быць узброены той інфармацыяй, якая спатрэбіцца для работы ў рэгіёнах, каб адразу там тлумачыць людзям, дапаўняючы кіраўнікоў абласных структур і іх падраздзяленняў на месцах і даводзячы тую інфармацыю, што сёння магчыма, што магчыма ў перспектыве, што проста не мэтазгодна, — паставіў задачу парламентарыям спікер. — Таму і мэта нашага мерапрыемства — скаардынаваць падыходы. Мы павінны працаваць у агульным ключы, у адзінай задуме разам з мясцовымі органамі ўлады. І калі ідзе работа па планаванні на наступны год, трэба ўсё гэта ўвязваць: фінансавыя магчымасці, тэхнічныя магчымасці і, вядома, мэтазгоднасць таго ці іншага віду работы». 

Баланс тэхнічных і эканамічных магчымасцяў

Як паведаміў міністр энергетыкі Аляксей Кушнарэнка, галоўная задача як дэпутатаў, так і ўсіх дзяржаўных органаў — стварэнне ўмоў для павышэння якасці жыцця людзей. «Сёння ў галіне энергазабеспячэння пры падтрымцы дзяржавы праведзена каласальная работа, — канстатаваў ён. — Пры гэтым ёсць і праблемныя пытанні, якія неабходна разглядаць і вырашаць сумеснымі намаганнямі. Мы разумеем, што спажыўцам патрэбна даступная і якасная крыніца энергіі для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы».

Кажучы аб газіфікацыі населеных пунктаў, кіраўнік ведамства адзначыў, што, пачынаючы з 1960 года, прыродным газам забяспечаны ўсе нашы гарады, раённыя цэнтры, звыш 3700 сельскіх населеных пунктаў. У выніку ўзровень газіфікацыі па краіне складае 83,8 %. Аляксей Кушнарэнка падкрэсліў, што гэта вельмі высокі ўзровень газіфікацыі. Ён прывёў у прыклад суседнюю Расію, дзе яшчэ толькі ставіцца мэта дасягнуць такога ўзроўню.

Нягледзячы на добры паказчык, работа па газіфікацыі тэрыторыі краіны працягваецца. Па словах міністра, штогод ад 40 да 70 новых сельскіх населеных пунктаў забяспечваюцца прыродным газам. «Прычым падводзячыя газаправоды будуюцца бясплатна для насельніцтва, за кошт бюджэту, — удакладніў ён. — І ўжо непасрэдна ў саміх населеных пунктах людзі ствараюць кааператывы па газіфікацыі і зноў жа пры падтрымцы дзяржавы ажыццяўляюць далейшую газіфікацыю. У населеных пунктах да 20 тысяч жыхароў 30 % — за кошт уласных сродкаў, 70 % — за кошт бюджэту. У населеных пунктах звыш 20 тысяч — наадварот. Пры гэтым прадугледжаны льготныя крэдыты для вырашэння пытанняў газіфікацыі». 

Што датычыцца электрафікацыі, Аляксей Кушнарэнка праінфармаваў, што агульнаўстаноўленая магутнасць беларускай энергасістэмы складае 13,5 тысяч МВт. «Гэта больш чым дастаткова для ўнутранага спажывання, у тым ліку дзякуючы нашаму флагману — Беларускай атамнай электрастанцыі, — заўважыў ён. — Увядзенне стымулюючых мер у тарыфнай палітыцы і частковая кампенсацыя выдаткаў пры выкананні работ па электразабеспячэнні (тут таксама прадугледжаны пакрыцці з боку дзяржавы да 40 %, у залежнасці ад катэгорыі грамадзян) стварылі ўмовы для павышанага попыту на выкарыстанне электраэнергіі на патрэбы ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы». 

Пры гэтым, як удакладніў міністр энергетыкі, не ўся электрасеткавая інфраструктура, якая ўзводзілася дзесяцігоддзямі, прызначана для такіх нагрузак. Дзякуючы намаганням энергетыкаў, у большасці выпадках удаецца знайсці магчымасць тэхнічнага рашэння. «Але мы павінны разумець, што ўсім і адразу ў нас гэта зрабіць не атрымаецца, — падкрэсліў міністр. — Хаця, безумоўна, над гэтым трэба працаваць».

Асобна кіраўнік ведамства спыніўся на мясцовых відах паліва. «Акрамя традыцыйных дроў і тарфяных брыкетаў, якія пастаўляюцца насельніцтву, кіраўніком дзяржавы прыняты меры па прымяненні драўняных пелетаў, якія таксама дазваляюць аўтаматызаваць працэс ацяплення, — канкрэтызаваў Аляксей Кушнарэнка. — Пры гэтым ужо замацавана норма на выдачу 3,6 тоны пелетаў па фіксаваных цэнах. А, згодна з Указам Прэзідэнта № 475 ад 30 снежня 2024 года, чалавек з 1 ліпеня гэтага года мае права кампенсаваць да 40 % выдаткаў на набыццё кацельнага абсталявання». 

Рэзюмуючы, міністр энергетыкі акцэнтаваў увагу на тым, што пры звароце грамадзян у кампетэнтныя органы неабходна знаходзіць разумны баланс тэхнічных і эканамічных магчымасцяў. «Але ў любым выпадку мы павінны прапанаваць варыянты, — акцэнтаваў увагу ён. — Гэта можа быць газафікацыя, электрафікацыя або мясцовыя віды паліва. Усе гэтыя варыянты звязаны з падтрымкай дзяржавы і накіраваны вырашаць пытанні павышэння ўзроўню жыцця». 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю