Top.Mail.Ru

Развіццё — базіс нашай дзяржаўнасці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС. Нагадаем, што летам 2024 года краіна стала паўнапраўным членам сям’і ШАС, а потым аформіла і статус дзяржавы — партнёра БРІКС. У адобранай Стратэгіі ўдзелу Беларусі ў ШАС вызначаны канцэптуальныя кірункі дзейнасці, мэты і задачы ўдзелу Беларусі ў ШАС і механізмы іх рэалізацыі на найбліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектывы.


У Стратэгіі, якая датычыцца БРІКС, таксама вызначаны прыярытэтныя кірункі ўзаемадзеяння Беларусі з дзяржавамі-членамі і дзяржавамі — партнёрамі гэтага аб’яднання.

Абедзве стратэгіі разлічаны на пяць гадоў да 2030 года. Яны могуць быць прадоўжаны, абноўлены і перагледжаны з улікам тых ці іншых актуальных тэндэнцый.

Фактычна зацверджана дарожная карта нашага ўдзелу ў гэтых без перабольшвання глабальна значных інтэграцыйных аб’яднаннях. Беларусь, насуперак ціску і санкцыям, шукае і знаходзіць свой шлях развіцця ў супольнасці з тымі краінамі, якія супраць аднапалярнага свету і гатовыя супрацоўнічаць на прынцыпах ўзаемапавагі і ўзаемавыгады дзеля дабрабыту сваіх народаў.

У супольнасці дзяржаў-аднадумцаў

Удзел у названых інтэграцыйных аб’яднаннях — гэта не толькі эканамічнае супрацоўніцтва, якое небеспадстаўна ставяць на першае месца. Але не менш важны і палітычны аспект. Першы намеснік міністра замежных спраў Сяргей Лукашэвіч падкрэслівае:

— У 2024 годзе Рэспубліка Беларусь стала паўнапраўным членам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і атрымала статус дзяржавы — партнёра БРІКС. Гэта — дзве найважнейшыя структуры шматпалярнай сусветнай сістэмы, якая нараджаецца, супольнасці дзяржаў-аднадумцаў, аб’яднаных агульным разуменнем глабальных працэсаў і гатовых канкрэтнымі справамі і ўласным прыкладам дэманстраваць магчымасці і перавагі раўнапраўнага супрацоўніцтва без дыктату Захаду. Такія сур’ёзныя рашэнні па міжнародным пазіцыянаванні краіны ў Беларусі ніколі не прымаліся «для галачкі». Наступным лагічным крокам стала распрацоўка двух асноўных дакументаў, якія вызначаюць задачы і канцэптуальныя напрамкі дзейнасці нашай краіны ў гэтых аўтарытэтных міжнародных арганізацыях — Стратэгіі ўдзелу Рэспублікі Беларусь у Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і Стратэгіі дзеянняў па рэалізацыі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь у рамках удзелу ў дзейнасці БРІКС.

Па словах дыпламата, наш удзел у ШАС накіраваны, у першую чаргу, на абарону дзяржаўных інтарэсаў Беларусі на шматбаковым узроўні, стварэнне спрыяльных знешніх умоў, якія забяспечваюць суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць і нацыянальную бяспеку нашай дзяржавы, садзейнічанне ўсебаковаму і збалансаванаму эканамічнаму росту, сацыяльнаму і культурнаму развіццю ў рэгіёне ў мэтах павышэння ўзроўню і паляпшэння ўмоў жыцця народаў дзяржаў — членаў ШАС. Патэнцыял ШАС будзе выкарыстаны для вырашэння агульных задач у галіне палітыкі і бяспекі, пошуку аптымальных механізмаў пашырэння эканамічнай кааперацыі, паглыблення культурна-гуманітарных сувязяў на прасторы Арганізацыі.

  • «Беларусь вельмі ганарыцца тым, што стала паўнапраўным членам ШАС. І мы будзем умацоўваць шанхайскі дух арганізацыі, заснаванай на прынцыпах узаемнай павагі, роўнасці і салідарнасці. Абсалютна не сумнявайцеся, Мінск зойме годнае месца сярод прадстаўленых тут сталіц. Нам ёсць што прапанаваць па канкрэтных кірунках узаемадзеяння. У нас за спінай амаль дзесяцігадовы вопыт назіральніка ў ШАС, устойлівыя палітычныя кантакты і эканамічныя сувязі з усімі членамі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва». Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў фармаце «ШАС плюс» у Астане, 4 ліпеня 2024 года.

БРІКС у бягучых геапалітычных умовах разглядаецца Беларуссю як унікальная міжнародная пляцоўка, якая аб’ядноўвае намаганні глабальнай большасці, накіраваныя на фарміраванне сапраўднай шматпалярнасці, роўнасці і інклюзіўнасці ў міжнародных адносінах, пошук эфектыўных спосабаў вырашэння актуальных праблем. «Мэтай удзелу Беларусі ў дзейнасці БРІКС з’яўляецца актыўнае падключэнне да работы дзейных шматбаковых механізмаў Аб’яднання з улікам перспектыў яго далейшага інстытуцыйнага афармлення», — тлумачыць Сяргей Лукашэвіч перспектывы нашай краіны ў статусе дзяржавы-партнёра, падкрэсліваючы, што канчатковая задача, якую ставім перад сабой, — атрыманне паўнапраўнага членства нашай краіны ў Аб’яднанні.

  • «БРІКС — гэта супольнасць будучыні. Па сваім патэнцыяле яна можа наблізіць канец гісторыі дамінавання калектыўнага Захаду, які аказаўся няздольным несці адказнасць за цывілізаванае развіццё міжнародных адносін. У сілах дзяржаў — удзельніц БРІКС зрабіць так, каб рэальныя рычагі ўплыву перайшлі ў рукі прагрэсіўнай сусветнай большасці. Мы цалкам раздзяляем філасофію БРІКС. Беларусь ідзе да вас з канкрэтнымі ідэямі і праектамі, якія павінны садзейнічаць вырашэнню агульначалавечых праблем. Мы гатовы стаць актыўным удзельнікам аб'яднання». Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на саміце БРІКС у фармаце «аутрыч/плюс» у Казані, 24 кастрычніка 2024 года.

У цэлым, па словах прадстаўніка знешнепалітычнага ведамства, удзел Беларусі ў ШАС і БРІКС накіраваны на забеспячэнне бесперапыннага палітычнага дыялогу з краінамі Глабальнага Поўдня па актуальных праблемах глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, садзейнічанне рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця і пабудове эканамічна самадастатковых дзяржаў.

А Мікалай Бузін, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ, доктар ваенных навук, прафесар, заўважае:

— Нам, беларусам, яшчэ трэба знайсці сваё месца ў новым шматпалярным свеце, аднак глабальны выбар мы ўжо зрабілі. Наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: «Шматпалярнасць — мы раней баяліся гэта слова вымаўляць. А я ўпершыню яго сказаў гадоў дваццаць таму, будучы ў Кітаі: нам патрэбен шматпалярны свет. І свет да гэтага рухаецца. Дзякуй богу». Адзінства народа, паслядоўная палітыка, эканамічная моц і сапраўдны суверэнітэт — нашы асноўныя арыенціры і адначасова перавагі на гэтым шляху. А развіццё, якое з’яўляецца найважнейшым прыярытэтам ШАС і БРІКС, — базіс нашай дзяржаўнасці.

Свабода геапалітычнага манеўру

Менавіта такую перавагу дае нашай краіне ўдзел і партнёрства ў такіх арганізацыях, як ШАС і БРІКС, лічыць аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД), кіраўнік Цэнтра даследаванняў ШАС і БРІКС Юрый Ярмалінскі. Для такой невялікай краіны, як Беларусь, гэта вельмі важны фактар, падкрэслівае ён.

Прыняцце стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце ШАС і БРІКС — гэта заканамерны вынік чарговага этапу нашай інтэграцыі ў гэтыя аб’яднанні, адзначае аналітык. «Прыняццем гэтых дакументаў мы чарговы раз пацвярджаем нашу паслядоўную, адказную і сістэмную пазіцыю па ўзаемадзеянні з любымі міжнароднымі арганізацыямі, аб’яднаннямі, пляцоўкамі», — сказаў ён.

Прычым, на думку Юрыя Ярмалінскага, важна тое, што гэтыя дакументы не з’яўляюцца догмай. Гэта не нейкая застылая субстанцыя. «Гэта значыць, яны мяркуюць апгрэйд (абнаўленне і мадэрнізацыю. — „Зв.“) у залежнасці ад бягучай абстаноўкі, канкрэтных задач, якія будуць узнікаць, і агульнай сітуацыі на прасторы», — звярнуў увагу аналітык.

Яго калега па БІСД аналітык Вольга Лазоркіна адзначае: «Ва ўмовах станаўлення новага высокаканкурэнтнага геапалітычнага асяроддзя міжнародныя рэгіянальныя аб’яднанні ператвараюцца ў важны рэсурс для падтрымання стабільнасці глабальнай сусветнай сістэмы. Аб’ектыўны гістарычны працэс вывеў на першыя пазіцыі ШАС і БРІКС. Гэтыя аб’яднанні сфарміравалі выключна запатрабаваны прынцып міждзяржаўнага ўзаемадзеяння — яны не ўвязваюць супрацоўніцтва і ўзаемную дапамогу з дадатковымі ўмовамі, не імкнуцца дыктаваць сваю волю іншым дзяржавам».

Вольга Лазоркіна падкрэсліла: «Беларусь, як і мноства іншых краін, вітае адкрыты характар ШАС і БРІКС. Гісторыя ўзаемаадносін з гэтымі аб’яднаннямі і краінамі-членамі дазволіла нашай краіне прыняць удзел у распрацоўцы прынцыпаў, якія ляжаць у іх аснове».

Сапраўды, узаемаадносіны з краінамі-стваральнікамі аб’яднанняў у нас заўсёды былі нават больш чым сяброўскія, асабліва калі казаць пра вядучых гульцоў і ШАС, і БРІКС — Расію і Кітай. Прычым, звярнула ўвагу аналітык, падыходы і тэндэнцыі абодвух аб’яднанняў, якія на чале ўсяго ставяць раўнапраўнае развіццё, цалкам супадаюць з філасофіяй інтэграцыі і адпавядаюць прынцыпам знешняй палітыкі нашай краіны.

Эканамічная прастора — велізарная і перспектыўная

Эканамічнае супрацоўніцтва ў рамках гэтых аб’яднанняў цяжка пераацаніць: найвялікшы ў свеце рынак з мільярдамі спажыўцоў. Знайсці сваё месца на ім — вельмі важная задача, якая ў многім і вызначае наша развіццё і незалежнасць. Нездарма Прэзідэнт Беларусі не стамляецца паўтараць: эканоміка — перш за ўсё, будзе эканоміка — не будзе вайны, будзем жыць спакойна.

Алег Дзячэнка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, мяркуе, што ўдзел нашай краіны ў найбуйнейшых геапалітычных праектах сучаснасці — ШАС і БРІКС — з’яўляецца стратэгічна важным знешнепалітычным дасягненнем, якое ўдалося дзякуючы палітычнай волі і багатаму вопыту нашага Прэзідэнта. Гэта дазваляе не толькі ўмацаваць міжнародныя пазіцыі Беларусі, але і забяспечыць рост тавараабароту з краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі і развіццё ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва з рэгіёнамі свету, якія паспяхова развіваюцца.

— Экспарт беларускай прадукцыі, у тым ліку прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай сыравіны, супрацоўніцтва ў сферы высокіх тэхналогій, «зялёнай эканомікі», турыстычнай індустрыі, навука, культура і адукацыя, продаж на сусветных рынках машын і агрэгатаў, вырабленых на прамысловых прадпрыемствах і многае іншае — вось тыя кірункі, якія будуць забяспечаны стратэгіяй удзелу Беларусі ў рабоце ШАС і БРІКС, ухваленай Прэзідэнтам, —акцэнтуе парламентарый. — Эканамічная прастора гэтых міждзяржаўных аб’яднанняў велізарная і перспектыўная. Мы зможам забяспечыць не толькі рост нацыянальнай эканомікі, але і заняць годнае месца ў міжнародным раздзяленні працы і ў пабудове шматпалярнага свету. Акрамя таго, для нас важна істотна павысіць ваенна-палітычную бяспеку беларускай дзяржавы, стварыць разам з новымі саюзнікамі надзейную сістэму калектыўнай абароны нацыянальных інтарэсаў нашых краін, асабліва ў сучасных умовах геапалітычнага перадзелу свету.

Эфектыўная «пяцёрка»

Калі казаць аб удзеле ў інтэграцыйных аб’яднаннях дзеля развіцця, бяспекі і дабрабыту, нельга пакінуць па-за кадрам Еўразійскі эканамічны саюз, у якім наша наша краіна прымае самы актыўны ўдзел і сёлета старшынствуе. Дарэчы, у звароце Аляксандра Лукашэнкі ў якасці старшыні Вышэйшага эканамічнага савета кіраўнікам дзяржаў — членаў ЕАЭС вышэйназваныя інтэграцыйныя аб’яднанні пазначаны сярод галоўных прыярытэтаў нашага старшынства: «Асаблівая ўвага павінна ўдзяляцца практычным аспектам спалучэння інтэграцыйных патэнцыялаў ЕАЭС, СНД, ШАС і БРІКС».

  • — За мінулае дзесяцігоддзе наш саюз здолеў даказаць слушнасць ідэі цеснай эканамічнай інтэграцыі, сваю жыццяздольнасць і выніковасць. Сумеснымі намаганнямі мы нарасцілі патэнцыял макраэканамічнай устойлівасці і мінімізавалі ўплыў негатыўных геапалітычных фактараў. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў звароце да кіраўнікоў — удзельнікаў ЕАЭС, 1 студзеня 2025 г.

За 10 гадоў існавання ЕАЭС сукупны ВУП удзельніц вырас на 12,5%. Аб гэтым паведаміў намеснік прэм’ер-міністра, член калегіі ЕЭК Ігар Петрышэнка, каментуючы старшынства нашай краіны у 2025-м у Еўразійскім эканамічным саюзе. Прычым па выніках мінулага года (згодна з папярэднімі данымі) рост складзе 4,1%. Што датычыцца прагнозаў на 2025–2026 гады, рост ВУП плануецца ў памеры 3,3–3,5%.

— Будзем імкнуцца, каб гэтыя лічбы рэалізаваліся, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка і прывёў цікавыя факты. — Узаемны гандаль краін ЕАЭС за 10-гадовы перыяд вырас у два разы. Гандаль Еўразійскага саюза з трэцімі краінамі, так званы знешні гандаль, вырас больш чым на 60%. Гэтыя лічбы самі па сабе сведчаць аб тым, што саюз адбыўся, ён выгадны ўсім краінам-удзельніцам, асабліва нашай краіне, якая заўсёды з’яўляецца актыўным правадніком інтэграцыйных ідэй на Еўразійскай эканамічнай прасторы. І, больш за тое, па прамысловым патэнцыяле рост склаў 22% — гэта важна для нашай прамысловасці. Для таго каб падтрымаць гэтыя станоўчыя тэндэнцыі, замацаваць іх і вызначыць пункты росту далейшага развіцця нашага Саюза, на гэта ўсё накіравана праграма старшынства нашай краіны, якую адобрыў кіраўнік дзяржавы.

Намеснік прэм’ер-міністра нагадаў, што 1 студзеня 2025 года Прэзідэнт Беларусі накіраваў адпаведны зварот да кіраўнікоў дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза, дзе выклаў і акцэнтаваў увагу на асноўных элементах нашых ініцыятыў і падыходаў:

— Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што нам трэба пастарацца рэалізаваць у поўнай меры тую стратэгію, якую мы прымалі і якая дзейнічае на працягу пяці гадоў. Наступны кірунак — паступова забяспечваць развіццё дэкларацыі «Еўразійскі эканамічны шлях», якая прадугледжвае далейшае развіццё нашага Саюза да 2030 года, прагляд перспектывы і пэўных кірункаў развіцця Саюза да 2045 года. Таму асноўныя кірункі нашага старшынства датычацца кааперацыйнага ўзаемадзеяння, нарошчвання тэхналагічнага патэнцыялу, пытанняў мікраэлектронікі, кааперацыйных узаемадзеянняў, гэта значыць, стварэння так званага прамысловага базісу ў Еўразійскім эканамічным саюзе з задзейнічаннем усіх інструментаў.

Ігар Петрышэнка расказаў, што фінансавы інструмент для іх рэалізацыі таксама быў падрыхтаваны:

— Ініцыіраваны і прыняты па ініцыятыве беларускага боку — я маю на ўвазе дзесяціпрацэнтнае адлічэнне ад антыдэмпінгавых пошлін для падтрымкі кааперацыйных праектаў.

Віцэ-прэм’ер акцэнтаваў увагу на тым, што адным з элементаў праграмы старшынства Беларусі ў ЕАЭС з’яўляецца рост дабрабыту насельніцтва:

— Вядома ж, уся інтэграцыя накіравана на тое, каб забяспечыць дабрабыт, павышэнне дабрабыту людзей, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка. — Таму мы акцэнтавалі ўвагу, што будзем актыўна развіваць узаемадзеянне ў сферы аховы здароўя (а для нас гэта таксама важны элемент). Мы сутыкнуліся ў перыяд пандэміі, калі сканцэнтраваліся і забяспечвалі сябе адпаведнымі медпрэпаратамі, сродкамі абароны. Гэта значыць, у нас ёсць пэўны вопыт, і нам трэба ў далейшым развіваць гэтыя кірункі для таго, каб на прасторы Еўразійскага саюза функцыянаваў нармальны, запатрабаваны рынак лекавых сродкаў і людзі казалі, што гэта перавага нашага Саюза.

Працягваючы тэму ўзаемадзеяння ў сацыяльнай сферы, намеснік прэм’ер-міністра адзначыў, што пытанні супрацоўніцтва ў сферах адукацыі, турызму, спорту, культуры таксама вельмі важныя:

— Па гэтых усіх кірунках супрацоўніцтва развівалася, але мы маем намер яго яшчэ раз рэльефна акцэнтаваць у кантэксце тых задач, якія вырашае Еўразійскі эканамічны саюз.

Ён нагадаў, што ў рамках старшынства Беларусі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка запрасіў усіх кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц ЕАЭС у Мінск на чарговае пасяджэнне, правядзенне якога запланавана на май.

Варта сказаць, што за 10 гадоў існавання «пяцёркі» (куды акрамя нашай краіны ўваходзяць Расія, Казахстан, Кыргызстан і Арменія) выбудавана паспяховая інтэграцыйная мадэль узаемадзеяння ў шматбаковым фармаце, забяспечаны трываласць і эфектыўнасць эканамічнага аб’яднання.

У рамках саюза створаны агульныя рынкі тавараў, паслуг і працы. Сумесны фінансавы рынак — на этапе фарміравання.

Таксама адзначаецца пазітыўная дынаміка па большасці эканамічных паказчыкаў. І гэта сведчыць аб тым, што інтэграцыя рэальна працуе, дазваляючы краінам-удзельніцам годна спраўляцца са знешнімі выклікамі, забяспечваць устойлівасць эканомік, развіваць новыя кампетэнцыі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, сферы высокіх тэхналогій.

На адным з нядаўніх пасяджэнняў Еўразійскага міжурадсавета былі прыведзены красамоўныя лічбы: так, у першым паўгоддзі сукупны ВУП краін — удзельніц ЕАЭС вырас на 4,6 працэнта. Прыкладна на столькі ж павялічылася прамысловая вытворчасць, абарот рознічнага гандлю вырас амаль на 8 працэнтаў, перавозкі пасажыраў — амаль на 7,5. Трэнд росту захоўваецца: па выніках года чакаецца перавышэнне сярэднесусветных тэмпаў развіцця.

Разам з тым узаемнай выгадай для ўдзельнікаў інтэграцыйнае аб’яднанне не абмяжоўваецца. ЕАЭС — прывабны партнёр для іншых аб’яднанняў, краін і міжнародных арганізацый. Тры краіны маюць статус дзяржавы-назіральніка. З чатырма краінамі дзейнічаюць гандлёвыя пагадненні (з В’етнамам, Іранам, Кітаем, Сербіяй). З дзясяткамі краін і многімі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі падпісаны мемарандумы аб супрацоўніцтве.

Як паведамілі ў Еўразійскай эканамічнай камісіі, на сёння дзейнічае каля 80 мемарандумаў аб супрацоўніцтве паміж ЕЭК і трэцімі бакамі. 
Усё гэта яшчэ раз пацвярджае, што ЕАЭС — важны элемент архітэктуры міжнародных эканамічных адносін і Беларусь займае ў ёй годнае месца.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю