«Партнёрскія адносіны Беларусі перарастаюць у саюзніцкія»
На гэтым тыдні мы былі сведкамі шырокага парадку міжнародных сустрэч Прэзідэнта Беларусі. Як адзначаюць спецыялісты, Беларусь уступіла ў новую эру міжнародных узаемаадносін. Напрыклад, падчас перагавораў з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што двухбаковае супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў — «гэта новы стандарт у рабоце з краінамі Афрыкі». Што з гэтага вынікае, расказалі нашы эксперты.
Стаўка на будучыню
У эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Аляксандр Шпакоўскі звярнуў увагу на тое, як Беларусь рэалізоўвае шматвектарную эканамічную палітыку:

— 11 мая прыбыў Прэзідэнт Зімбабвэ, а 12 мая адбылася сустрэча з Генеральным сакратаром Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі В’етнама То Ламам. Гэта значыць, Беларусь адначасова дзейнічае на пляцоўцы Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Такая стратэгія называецца «разварот на Усход». Мы не проста пра гэта гаворым, мы гэта робім. Разумеем, што выжывальнасць беларускай эканомікі павінна быць забяспечана рэалізацыяй нашых экспартных інтарэсаў, у тым ліку ў краінах далёкай дугі.
Дэпутат перакананы: не трэба замыкацца выключна на расійскім рынку:
— Ва ўмовах спроб знешняй ізаляцыі мы шукаем магчымасці, партнёраў на розных напрамках. Бо эпоха Захаду адыходзіць, цэнтр навукова-тэхнічнага прагрэсу перамяшчаецца ў Паўднёва-Усходнюю Азію. Вельмі перспектыўнымі выглядаюць эканомікі Афрыкі, якія развіваюцца. Таму мы робім стаўку на будучыню, ствараем устойлівыя, дружалюбныя, даверлівыя сувязі з дзяржавамі, якія да гэтага гатовыя.
Сустрэчы Прэзідэнта з кіраўнікамі дзяржаў у пачатку мая выдатна ілюструюць накіраванасць беларускай дыпламатыі на выбудоўванне ўзаемавыгадных адносін з краінамі далёкай дугі, расказаў sb.by кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры паліталогіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Алег Казак.
— З аднаго боку, такі фармат сустрэч выдатна падыходзіць для абмеркавання новых перспектыўных праектаў, з іншага, кіраўнікі дзяржаў могуць падвесці прамежкавыя вынікі, ацаніць эфектыўнасць узаемадзеяння ў розных сферах. Многія краіны Азіі і Афрыкі маюць складаны каланіяльны досвед, які аказвае негатыўны ўплыў на іх развіццё і ў цяперашні момант. Беларускія тэхналогіі, прадукцыя машынабудавання (перш за ўсё сельскагаспадарчая тэхніка) здольныя дапамагчы дзяржавам далёкай дугі не толькі ўмацаваць харчовую бяспеку, але і адысці ад монаэканомікі, развіваць новыя галіны гаспадаркі.
Эксперт звярнуў увагу, што супрацоўніцтва Беларусі з краінамі глабальнага Поўдня пастаянна развіваецца і набывае новыя формы:
— Хацелася б адзначыць акцэнт на актывізацыю супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнесу ў пакеце дакументаў, падпісаных па выніках сустрэчы Прэзідэнтаў Беларусі і Зімбабвэ. Паказальна, што асаблівая ўвага аддаецца супрацоўніцтву ў сферы навукі, тэхналогій і інавацый (падпісанне адпаведнага мемарандума адбылося ў рамках сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і лідара В’етнама То Лама), навучанню студэнтаў з дружалюбных краін у ВНУ Беларусі. Вельмі карысным для нашых партнёраў можа быць досвед беларускіх сілавых ведамстваў па дэкрыміналізацыі эканомікі і грамадскага жыцця (наша краіна паспяхова справілася з гэтымі праблемамі, якія ўяўлялі сур’ёзную пагрозу нацыянальнай бяспецы ў першыя гады існавання суверэннай Беларусі).
Дацэнт БДЭУ выказаў упэўненасць, што патэнцыял для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва Беларусі і краін далёкай дугі бязмежны:
— Імпульс гэтаму супрацоўніцтву, безумоўна, надаюць сяброўскія адносіны лідараў дзяржаў, якія дапаўняюцца карпатлівай і сістэмнай работай міжурадавых, міжпарламенцкіх структур, інстытутаў «народнай дыпламатыі.
Сяброўства, якое вытрымала выпрабаванні на трываласць
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алег Дзячэнка нагадаў, што сяброўства паміж беларускім і афрыканскімі народамі сваімі каранямі сыходзіць у савецкія часы і вытрымала выпрабаванне на трываласць:
— Калі ў другой палове мінулага стагоддзя народы Афрыкі сталі на шлях вызвалення ад еўрапейскай каланіяльнай залежнасці, менавіта Савецкі Саюз працягнуў ім руку дапамогі, падтрымаўшы на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН 14 снежня 1960 года прыняцце Дэкларацыі аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам і аказаўшы ў далейшым велізарную гуманітарную, ваенную і тэхнічную падтрымку маладым афрыканскім краінам, якія выбралі сацыялістычную мадэль пабудовы грамадства, — праводзіць экскурс у гісторыю эксперт. — Нашы спецыялісты працавалі ў Алжыры, Анголе, Егіпце, Мазамбіку, Самалі, Эфіопіі і іншых дзяржавах. Афрыканская моладзь навучалася ў савецкіх установах вышэйшай адукацыі і тэхнікумах Беларусі.

Парламентарый канстатуе, што традыцыя раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з краінамі Афрыканскага кантынента ў розных сферах жыццядзейнасці грамадства прадоўжана і ва ўмовах суверэннай Беларусі:
— Дыпламатычныя адносіны ўстаноўлены з 52 з 54 незалежных дзяржаў, у тым ліку з афрыканскімі членамі БРІКС — Арабскай Рэспублікай Егіпет, Федэратыўнай Дэмакратычнай Рэспублікай Эфіопія і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай. Праз беларускі парламент, у якім функцыянуюць шэсць рабочых груп па супрацоўніцтве з краінамі Афрыкі, мы падтрымліваем міжпарламенцкія сувязі і прасоўваем беларускі парадак дня ў гэтым рэгіёне планеты.
Алег Дзячэнка падкрэслівае, што на самым высокім узроўні двухбаковага ўзаемадзеяння наша краіна знаходзіцца з Зімбабвэ:
— І заслуга ў гэтым належыць Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, дзякуючы якому ўстаноўлены і дынамічна развіваюцца самыя цёплыя і дружалюбныя адносіны з кіраўніцтвам гэтай 15-мільённай афрыканскай дзяржавы.
Эксперт адзначае, што сёння беларуска-зімбабвійскае супрацоўніцтва ахоплівае ўсе сферы — ад палітыкі і эканомікі да адукацыі і культуры:
— Пры гэтым варта падкрэсліць раўнапраўны і даверны характар міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, у аснову якога пакладзены нацыянальныя інтарэсы нашых народаў.
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Мялешкін дапоўніў:
— Палітычныя сувязі адыгрываюць важную ролю, асабліва ў кантэксце падтрымкі адно аднаго на міжнароднай арэне. Што пацвярджаецца і асаблівым дружалюбным узаемадзеяннем беларускіх і афрыканскіх парламентарыяў.
Далёкія па адлегласці, але блізкія па духу
У тым, што Афрыканскі кантынент уяўляе ўсё большую цікавасць для Беларусі, перакананы і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Віктар Ананіч. А самае галоўнае, адзначае парламентарый, што гэтая цікавасць узаемная:
— У Беларусі каласальны досвед эфектыўнага вядзення сельскай гаспадаркі, яе механізацыі, укаранення сучасных тэхналогій і навуковых распрацовак у галіне селекцыі. Усімі гэтымі дасягненнямі і напрацоўкамі наша краіна гатова дзяліцца з афрыканскімі партнёрамі, для якіх тэма харчовай бяспекі застаецца актуальнай з прычыны шэрага кліматычных фактараў, — канстатуе ён. — У сваю чаргу

Афрыка цікавая Беларусі рэдказямельнымі карыснымі выкапнямі, у якіх маюць патрэбу многія галіны нашай эканомікі. Іх сумесная здабыча, з улікам тэхнічных магчымасцяў нашай дзяржавы, дапаможа знізіць залежнасць ад іншых краін, з якіх дадзеныя рэсурсы імпартуюцца.
Сенатар звяртае ўвагу, што менавіта сумесная здабыча мінералаў з’яўляецца ключавым праектам, які пакладзены ў аснову дарожнай карты стратэгічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Зімбабвэ на 2026–2030 гады.
На думку Аляксандра Шпакоўскага, сувязі Беларусі з дзяржавамі Афрыканскага кантынента прадоўжаць інтэнсіфікавацца, бо Зімбабвэ з’яўляецца адным з апорных пунктаў беларускай прысутнасці ў згаданым рэгіёне:
— Магу сказаць, што і гэта не фінальная падзея ў адносінах Беларусі з краінамі Афрыканскага кантынента. Мы працягнем лінію па нарошчванні прысутнасці нашай краіны ў Афрыцы, — выказаў упэўненасць ён, нагадаўшы, што па выніках мінулага года беларускі экспарт у Афрыку павялічыўся больш чым у 4 разы.
На думку аналітыка, ёсць усе падставы разлічваць, што і сёлета
бакі будуць рухацца па нарастаючай у напрамку развіцця ўсяго спектра ўзаемадзеянняў і з Харарэ, і з іншымі партнёрамі ў Афрыцы:
— У Беларусі ёсць свая стратэгія, якая заключаецца ў сумленным, адказным стаўленні да ўзятых на сябе абавязацельстваў. Таксама мы не спрабуем проста дасягнуць нейкіх экспартных задач і зарабіць за кошт пашырэння прысутнасці ў Афрыцы. Замест гэтага мы прапануем нашым партнёрам у Афрыцы праекты ўзаемнага развіцця: стварэнне сумесных вытворчасцяў, перадачу тэхналогій, экспарт адукацыйных паслуг. Усё пералічанае прыцягвае афрыканскіх калег.
Самым важным, на думку члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, культуры і сацыяльным развіцці Тамары Красоўскай, з’яўляецца тое, што ўжо сёння Беларусь і Зімбабвэ падаюць прыклад альтэрнатыўнага партнёрства:
— Наш досвед можа натхніць іншыя краіны, якія стаміліся ад аднапалярнага дыктату, шукаюць новыя эканамічныя мадэлі ў абыход санкцый і долара, цэняць свой суверэнітэт без аглядкі на Захад.

На яе думку, партнёрства Беларусі і Зімбабвэ даказвае, што санкцыі — гэта не роўна ізаляцыя, гэта новыя магчымасці:
— Такое супрацоўніцтва не проста ўзаемадзеянне дзвюх краін, яно задае
трэнд, паказвае, што краіны Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, часткі Азіі і постсавецкія краіны могуць быць саюзнікамі ў розных напрамках у абыход Захаду. І гэта важны сігнал для ўсіх, хто хоча вырвацца з «правіл гульні», навязаных Вашынгтонам і Бруселем.
Напрыканцы сенатар падкрэсліла:
— Нягледзячы на тое, што Беларусь і Зімбабвэ геаграфічна далёкія адно ад аднаго, але іх збліжае цэлы шэраг палітычных, эканамічных і нават каштоўнасных фактараў, можна з упэўненасцю сказаць, што нашы краіны блізкія па духу.