Top.Mail.Ru

Разумная адкрытасць краіны — адзін з фактараў цывілізацыйнага шляху развіцця.

Цывілізацыя не церпіць ізаляцыі. Толькі абменьваючыся дасягненнямі ў галінах вытворчасці, тэхналогій, навукі, мастацтва, культуры, магчыма развівацца. У замкнёнасці, несумненна, прысутнічае нейкая ілюзія камфорту: усё вакол знаёмае, роднае, дакладнае і зразумелае. Раздражняльнікі цалкам адсутнічаюць. Але ксенафобія — адзін са смяротных грахоў, якія гісторыя не даруе. Калі соцыум замкнуўся ў сабе — цалкам ці хаця б часткова, не хоча і не можа ўзаемадзейнічаць з навакольным светам, то рана ці позна надыходзіць дэградацыя. Таму міграцыю лагічна і мэтазгодна разглядаць ва ўсёй яе шматграннасці: з пункту гледжання эканамічнага, палітычнага, культурнага, а калі казаць шырэй — цывілізацыйнага ўстойлівага развіцця грамадства.


Беларусы ніколі не былі заўважаны ў праяўленні глыбокага нацыяналізму і закаранелай ксенафобіі. Тым больш аказалася нечаканым, што тэма міграцыйнай палітыкі раптам выклікала столькі эмоцый у людзей. Прычым, скажам прама, часта не самых лепшых і прадукцыйных, мякка кажучы. Вельмі хочацца спадзявацца, што тут адбіваецца не наш сучасны светапогляд, а траўмавальны ўплыў інфармацыйнай прасторы, якая кішыць з усіх бакоў вельмі правымі поглядамі. Часам у сваім папулізме перасякаючы мяжу цывілізацыйнай прыстойнасці. Тэму міграцыі вельмі шчыльна асядлалі палітычныя групоўкі ў шэрагу краін. У першую чаргу, у Еўропе.

Робіцца гэта з прычыны правальнай міграцыйнай канцэпцыі, што выліваецца ў вялізныя праблемы ў той жа Германіі. І з-за эканамічнага крызісу, у які правальваюцца (а дакладней — ужо праваліліся з рознай хуткасцю дзяржавы Еўрапейскага Саюза. А самае простае тлумачэнне пагаршэння якасці жыцця — згубны ўплыў чужынцаў. Пры ўсіх аб’ектыўных дэструктыўных з’явах міграцыйная праблема, як відаць, у значнай ступені раздзьмута рознымі спекуляцыямі.

А корань зла ляжыць не ў іншаземцах, якія прыязджаюць працаваць або на часовае жыхарства ў іншыя краіны, а ў незаконным перасяленні народаў. Калі глядзець на рэчы разумна і аб’ектыўна, то незаконная міграцыя не толькі вынік жадання жыхароў бяднейшых краін перабрацца ў багатыя. Такое імкненне цалкам зразумелае і рацыянальнае. Але справа ў тым, што ўзнік цэлы вялікі і злачынны бізнес, які дазваляе гэтым людзям трапіць у еўрапейскія краіны. Прычым ім там знаходзяць прымяненне: акрамя падпольнай міграцыі, шырыцца і нелегальны рынак працы. Нелегал — гэта фактычна чалавек з урэзанымі правамі, альбо які не валодае імі зусім. І яго можна спакойна і неміласэрна эксплуатаваць. Гэты фактар становіцца ўсё больш значным для эканомік некаторых дзяржаў. Натуральна, рабаўладальніцтва новага часу (будзем называць рэчы сваімі імёнамі) мае пабочны эфект: адбываецца крыміналізацыя грамадства ў цэлым. І абурэнне абывацеляў цалкам можна растлумачыць і зразумець. Толькі тое абурэнне перанакіроўваюць у бок ксенафобіі, абвінавачваючы ва ўсіх грахах грамадзян іншых краін. Хоць на справе не перашкаджала б пільна і падрабязна прааналізаваць як дзейнасць праваахоўнай сістэмы, так і палітычных улад, якія стварылі заканадаўчую сістэму, што як рэшата — пакідае шматлікія форткі для нелегальнага бізнесу са шматмільярднымі абаротамі. Зрэшты, і адкрыта карупцыйных скандалаў хапае, калі вышэйшых службовых асоб у Еўропе лавілі за руку пры рэалізацыі розных схем незаконнага доступу ў краіну грамадзян з іншых дзяржаў.

У многіх еўрапейскіх краінах сёння назіраецца палітычны крызіс ці сітуацыя блізкая да гэтага. Таму міграцыйная тэма выкарыстоўваецца як магутны козыр у барацьбе за ўладу. Адпаведна, тэму актыўна, яскрава, смакуючы, абмяркоўваюць на ўсе лады. Але не з мэтай уключыць прагматычныя падыходы для вырашэння праблемы, а каб паказытаць нервы выбаршчыкаў. Нямала дзяржаўных дзеячаў за апошнія гады зрабілі сваю кар’еру на міграцыйнай тэматыцы. Аднак нелегальны сегмент працягвае квітнець. Склалася ўстойлівая сістэма: са сваімі схемамі і шырокай сеткай бенефіцыяраў. І зламаць гэту высокапрыбытковую сферу ні ў кога не хапае палітычнай волі. Ды і жаданне вялізнае адсутнічае.

Цалкам натуральная ўласцівасць чалавечай псіхікі і памяці, што негатыўная інфармацыя лепш за ўсё засвойваецца і запамінаецца. Таму насцярожанасць многіх да тэмы міграцыі зразумелая. Іншае пытанне, што негатыўны досвед у нашых суседзяў (далёкіх і блізкіх) не варта ўспрымаць як безальтэрнатыўны алгарытм развіцця гісторыі. У рэшце рэшт з амаль трохсот мільёнаў мігрантаў толькі 30 % прыпадаюць на Еўропу і 26 % — на Паўночную і Паўднёвую Амерыку. Па ацэнках аддзела народанасельніцтва ААН, 31 % мігрантаў пражывае ў Азіі. Для многіх гэта падасца дзіўным, але далёка не ўсе шляхі перасялення народаў праходзяць менавіта па заходнім вектары. Цалкам паспяхова адбываецца абмен працоўнымі рэсурсамі і кампетэнцыямі ўнутры таго ж азіяцкага рэгіёна. У Саудаўскай Аравіі мігранты складаюць 38 % насельніцтва, а ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах — наогул 88 %. У Паўднёвай Карэі каля 10 % насельніцтва — прыезджыя з іншых дзяржаў. Аднак пра нейкія значныя крызісы ў гэтых краінах не чуваць.

Значыць, праблема не ў перамяшчэннях людзей як у з’яве, а ва ўнутранай палітыцы дзяржавы, якая мігрантаў прымае. Баяцца прыезджых, таму што яны прадстаўнікі іншай культуры, нацыянальнасці і рэлігіі, — мякка кажучы, некарэктна і амаральна. Тым больш што беларусы цалкам адкрытыя да культурнага абмену. Неаднаразова даводзілася чуць ад замежных экспертаў па турызме, што адметным бокам Беларусі з’яўляецца ветлівасць да прыезджых. І гаворка ідзе не пра індустрыю гасціннасці (у рэшце рэшт, гэта іх прафесійны абавязак), а грамадства ў цэлым. Рэакцыя на замежнікаў вельмі пазітыўная: незнаёмыя мінакі імкнуцца ім дапамагчы, нешта параіць, растлумачыць, як прайсці па патрэбным адрасе... Таму перакананы: насцярожанасць пройдзе.

Разумная адкрытасць краіны — адзін з фактараў цывілізацыйнага шляху развіцця. Блізкае судакрананне з іншымі краінамі, якое дае міграцыя, пашырае гарызонты соцыуму, дазваляе больш поўна спазнаць свет, што важна для ўстойлівага і дынамічнага развіцця. Увогуле, за гісторыю чалавецтва, найбольшага росквіту дамагаліся дзяржавы, якія былі гатовы да супрацоўніцтва па шырокім геаграфічным фронце.

Інтэлект ШТУЧНЫ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю