Станоўчыя тэндэнцыі намеціліся і ў злабадзённым пытанні захаванасці сельскагаспадарчай жывёлы. Такімі высновамі падзяліўся з журналістамі Старшыня Палаты прадстаўнікоў, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка, які прыняў удзел у пасяджэнні абласнога выканаўчага камітэта і наведаў шэраг прадпрыемстваў сельгаснакіраванасці ў Віцебску і раёне.
Для зніжэння падзяжу буйной рагатай жывёлы былі прыняты такія меры, як набыццё 9 тысяч клетак-домікаў для ўтрымання цялят, дзясяткаў адзінак пастэрызатараў і размарожвальнікаў малака, устаноўка сістэм відэаназірання. Усе сельгасарганізацыі забяспечаны якаснымі камбікармамі. Сёлета будуецца 80 прафілакторыяў, на 65-і будаўнічыя работы завершаны, яны абсталёўваюцца. Пачата будаўніцтва больш як 50 памяшканняў для цялят групы дарошчвання, усяго ж у 20-і раёнах такіх памяшканняў пабудуюць 100. Больш чым на 700 тыс., ці да 109 %, павялічана пагалоўе птушкі.
Пры раённых ветэрынарных станцыях створаны 23 групы для вакцынацыі БРЖ. Спецыялісты забяспечаны неабходнай колькасцю вакцыны, аўтатранспартам, навігацыяй.
— Разам з тым выяўлены шэраг недахопаў, ішла гаворка аб персанальнай адказнасці кіраўнікоў і спецыялістаў райвыканкамаў, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, аб больш актыўным выкарыстанні патэнцыялу вучоных і выкладчыкаў акадэміі ветэрынарнай медыцыны, будаўніцтве малочнатаварных комплексаў, прафілакторыяў для цялят, — адзначыў Ігар Сергяенка. — Задавальняцца тым, што сёння стала крыху лепей, чым учора, нельга. Таму адбылася патрабавальная размова з пастаноўкай канкрэтных задач перад ветэрынарнымі службамі. Яны датычацца падрыхтоўкі спецыялістаў і замацавання кадраў: вобласці ёсць чаму вучыцца ў тых рэгіёнаў, дзе гэтыя пытанні пастаўлены на больш высокі ўзровень.
Другое пытанне, якое разглядалася ў аблвыканкаме, датычылася прывядзення ў адпаведнасць дзеючаму заканадаўству пытанняў землекарыстання.
— У гэтым годзе падрыхтаваны дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і падпісаны Прэзідэнтам Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання зямельных адносін», — нагадаў Старшыня Палаты прадстанікоў. — Гаворка ў прыватнасці ідзе аб развіцці Кодэкса аб зямлі, які дзейнічае ў новай рэдакцыі з 2022 года. У адпаведнасці з ім пашыраны паўнамоцтвы раённых выканаўчых камітэтаў па легалізацыі «самазахопаў», устараненні іншых недахопаў пры выдзяленні ў розныя часы зямельных участкаў. Задача стаіць да 1 студзеня 2028 года гэтыя пытанні прывесці ў адпаведнасць з законам. У Віцебскай вобласці гэтыя пытанні вырашаюцца на сярэднім узроўні, гэтаму кірунку неабходна ўдзяліць больш увагі як пры рабоце з юрыдычнымі, так і з фізічнымі асобамі, больш актыўна задзейнічаць сельвыканкамы.
Самае злабадзённае пытанне — жніво. У Віцебскай вобласці гэта найважнейшая сельгаскампанія разгортваецца пазней, чым у іншых, больш паўднёвых, рэгіёнах. Але настаў час і паўночным аграрыям уключацца ва ўборачную ў поўную сілу. Наколькі паспяховай яна будзе, акрамя нябеснай канцылярыі, вырашаюць тэхніка і людзі. Таму спікер Палаты прадстаўнікоў і наведаў віцебскія прадпрыемствы, адказныя за "жалезных коней".
Як адзначыў Ігар Сергяенка, па статыстыцы гатоўнасць камбайнаў складае 98 %, не адрамантваныя 22 камбайны і чатыры зернесушыльныя комплексы. Але ён тут жа зрабіў акцэнт на тым, што яны не працуюць на працягу некалькіх гадоў па прычыне незапатрабаванасці — трэба ўзважыць пытанне аб іх утылізацыі.
— Віцебскі маторарамонтны завод займаецца вырабам глебаапрацоўчых агрэгатаў рознага ўзроўню складанасці, капітальным рамонтам рухавікоў, якія выкарыстоўваюцца на трактарах і камбайнах. Трэба паглядзець, як яны нацэлены на работу, калі аператыўна патрабуецца замяніць агрэгат, — заўважыў Ігар Сергяенка.
Для вобласці Віцебскі МРЗ — самае значнае прадпрыемства па рамонце рухавікоў і сельскагаспадарчай тэхнікі беларускай вытворчасці. У кожнай гаспадарцы па некалькі адзінак тэхнікі, якія прайшлі праз рукі мясцовых майстроў.
— За рамонтны сезон, які пачынаецца з 1 лістапада года, які папярэднічае новаму сельскагаспадарчаму году, мы адрамантавалі прыкладна 400 рухавікоў, 60 каробак перадач, некалькі дзясяткаў паліўных помпаў іншых дэталяў, — паведаміў дырэктар МРЗ Віктар Масалаў. — Створаны тры рамонтныя брыгады, якія выязджаюць у гаспадаркі, а таксама абменны фонд з больш як 40 адзінкамі рухавікоў розных мадыфікацый. Усё для таго, каб тэхніка не прастойвала ў гарачую пару. Пакуль матор у рамонце, камбайн ці трактар можа працаваць на прыладзе завода.
Яшчэ адзін пункт наведвання ў камандзіроўцы спікера Палаты прадстаўнікоў — ААТ «Заходне-Дзвінскі МРС». Кіраўнік дэпутацкага корпуса падкрэсліў, што прадпрыемства з’яўляецца яшчэ і дылерскім цэнтрам ААТ «Гомсельмаш». «Сюды ідзе пастаўка новых камбайнаў „Гомсельмаша“. На прадпрыемстве сфарміраваны чатыры выязныя брыгады, якія будуць працаваць па меры ўзнікнення сітуацый, звязаных з рамонтам на палях Віцебскай вобласці. Яны ўкамплектаваны дасведчанымі спецыялістамі, падрыхтаванымі выконваць рамонт любой ступені складанасці нават у палявых умовах», — падкрэсліў Ігар Сергяенка.
«Усе задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы па задзейнічанні кадраў, захаванні працоўнай дысцыпліны і тэхнікі бяспекі, недапушчэнні правапарушэнняў, сёння таксама былі актуалізаваны з улікам абстаноўкі ў Віцебскай вобласці», — рэзюмаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Святлана ЯКАЎЛЕВА