Top.Mail.Ru

Настаўнік расказала аб сучасных дзецях, якасці беларускай адукацыі і прэстыжы прафесіі педагога

«Кожныя чатыры гады я — шматдзетная мама»

Ёсць кірункі дзейнасці, што патрабуюць не толькі адказнасці і ведаў, але — у першую чаргу — самаадданасці і служэння людзям. Сярод іх — урач і, вядома, настаўнік. Мая суразмоўца ведае пра гэта дакладна: вось ужо амаль тры дзесяцігоддзі яна сустракае на школьным парозе першаклашак. З настаўнікам малодшых класаў сярэдняй школы № 199 Мінска, дэлегатам VІІ Усебеларускага народнага сходу і «Жанчынай года — 2025» у намінацыі «Актыўная грамадзянская пазіцыя» Вольгай Дуброўскай гаворым пра сучасных дзяцей, якасць беларускай школьнай адукацыі і павышэнне ў грамадстве прэстыжу прафесіі настаўніка.

Першы настаўнік задае юнаму чалавеку свайго роду вектар развіцця на ўсё жыццё. Жаданне вучыцца, павага да сваёй краіны, грамадства і сям’і, правільныя, чалавечыя каштоўнасці закладваюцца менавіта ў пачатковай школе. Велізарная ўдача і для дзяцей, і для іх бацькоў, калі побач з першакласнікам апынецца мудры і высокапрафесійны настаўнік. Вучням Вольгі Дуброўскай (а іх праз яе добрыя рукі прайшло ўжо каля тысячы), безумоўна, пашанцавала.

— Не падзяляю дзяцей на сваіх і чужых, — усміхаецца суразмоўца. — Кожныя чатыры гады (ад прыходу першакласнікаў 1 верасня ў школу і да выпуску з малодшай школы) я — шматдзетная мама. Пачынаючы з 6-7 гадоў большую частку дня дзеці праводзяць у школе. Я для іх — і другая мама, і (раней, калі была маладзейшая) — старэйшая сястра. Імкнуся нікога не абдзяліць мацярынскай ласкай, клопатам і ўвагай.

Вольга Аляксандраўна ўспамінае: калі яе ўласныя сыны яшчэ былі маленькія і патрабавалі ўвагі, яе ўсё роўна цягнула ў школу:

— Як усё паспявала і паспяваю цяпер? Мне гэта не складана. Па-першае, быць актыўнай — значыць быць сабой: не магу сядзець склаўшы рукі. А па-другое, мне пашанцавала: мая сям’я — апора і надзейны тыл. Бабулі і дзядулі заўсёды былі на падхваце. Муж і сыны нязменна падтрымлівалі мяне, дапамагалі, падстаўлялі плячо. Так што на бальнічныя я амаль не хадзіла. Усё роўна дома б не ўседзела. Бо для мяне чужых дзяцей няма. Думала пра сваіх вучняў: «Як яны будуць без мяне?». Асабліва першакласнікі...

«Змяніўся свет, а не дзеці»

Сёння школу арыентуюць на тое, каб якасць беларускай адукацыі стала свайго роду брэндам краіны, падкрэслівае педагог. І многае ў гэтым кірунку ўжо зроблена. Развіваецца «нацыянальная школа» выкладання тых ці іншых дысцыплін, выбудоўваецца эфектыўная сістэма кантролю ведаў, намаганні накіроўваюцца на матывацыю дзяцей да вучобы. Але ўсё гэта недасягальна без высокапрафесійнага кадравага патэнцыялу. Іншымі словамі, школе патрэбныя добрыя педагогі.

— Сёння шмат гавораць пра неабходнасць павышаць у грамадстве прэстыж прафесіі настаўніка, — разважае Вольга Дуброўская. — І гэтую работу сапраўды важна праводзіць на ўзроўні дзяржавы. Многія нават у маім асяроддзі — сябры, знаёмыя — перакананы: калі настаўнік заканчвае ўрок, дапусцім, у 13.30, бярэ партфель і ідзе дадому. На самай справе педагогі працуюць да вечара, а ўвечары бяруць на праверку сшыткі дамоў або рыхтуюцца да наступных ўрокаў. Педагогіка — гэта ненармаваны працоўны дзень, праца ў выхадныя і святы, часам — познім вечарам, калі трэба паспець прыгатаваць ежу на заўтра для сваёй сям’і, а потым прыступаеш да праверкі сшыткаў...

Важна, адзначае суразмоўца, каб гэта ўсведамлялі маладыя спецыялісты, якія прыходзяць сёння ў сістэму школьнай адукацыі. Каб яны прыходзілі ў школу ў першую чаргу па закліку душы.

  • — Але і простыя жыццёвыя аспекты — той жа ўзровень заработнай платы, жыллё і магчымасць прафесійна развівацца — таксама вельмі важныя, — падкрэслівае педагог. — Радуе, што сёння наша дзяржава зрабіла нямала для таго, каб прафесія настаўніка была ацэненая. І я, як практык, што кожны дзень знаходзіцца ў школе, ужо заўважаю станоўчыя зрухі. Моладзь больш актыўна прыходзіць у прафесію. Прыемна бачыць, што ва ўстановах школьнай адукацыі стала больш маладых хлопцаў, і гэта не толькі настаўнікі фізкультуры або прадметнікі (фізіка, хімія, матэматыка), але і настаўнікі пачатковых класаў. І, уявіце, мужчыны з першаклашкамі выдатна спраўляюцца... Вельмі важна, каб дзеці бачылі розныя ролевыя мадэлі, бо мужчына, яго паводзіны, мужчынскі спосаб узаемадзеяння са светам — неад’емная складнік у выхаванні дзіцяці. У нашы дні не ўсе сем’і маюць тату, і дзятва цягнецца да мужчынскага полу...

Сярод важных якасцяў, якія неабходны педагогу, Вольга Дуброўская называе ўменне пераконваць і слухаць, часам — артыстычнасць і навык пераўвасаблення (спускацца на ўзровень дзіцяці або быць мудрай дарадчыцай з вышыні жыццёвага вопыту) і нават смеласць. Але найважнейшымі для педагога яна лічыць чалавечнасць і эмпатыю. І гэта галоўнае, чаму яна хацела б навучыць.

— Дарослыя любяць наракаць на сучасную дзятву і падлеткаў, маўляў, сядзяць у тэлефонах, не хочуць развівацца, не чытаюць і наогул у іх кліпавая свядомасць. Але змяніўся свет, а не дзеці. Дзеці заўсёды сумленныя, добрыя і адкрытыя. І тое, якімі яны вырастуць, у якую каляіну трапяць у жыцці, залежыць у першую чаргу ад нас — педагогаў і бацькоў. Я параіла б бацькам больш часу аддаваць сваім дзецям, пакуль яны яшчэ маленькія. Часцей казаць ім пра сваю любоў, дарыць увагу і клопат. І калі дзеці падрастуць, вам не прыйдзецца наракаць на іх няўвагу: яны неаднойчы вернуць вам і клопат, і любоў.

«На нас — асаблівая адказнасць»

Актыўная грамадзянская пазіцыя — сутнасць маёй суразмоўцы. Яна актыўны ўдзельнік усіх акцый Беларускага саюза жанчын.

— Лічу, што ў Год беларускай жанчыны на нас, жанчын, ускладзена асаблівая адказнасць, — адзначае Вольга Дуброўская. — Разам з аднадумцамі БСЖ мы — вялікая сіла, і гэта сіла сапраўды здольная мяняць свет да лепшага. Мы дапамагаем дзецям-інвалідам, шматдзетным сем’ям, прымаем удзел у дабрачынных святах і канцэртах у дзіцячых дамах і прытулках часовага знаходжання, падтрымліваем наша старэйшае пакаленне. Прыцягваю да гэтай работы і сваіх вучняў: да свят мы ставім спектаклі і ездзім з імі ў дзіцячыя дамы.

Дарэчы, гэта яшчэ і вельмі каштоўны выхаваўчы рэсурс, падкрэслівае настаўнік:

— Такія акцыі даюць «хатнім» дзецям разуменне, колькі яны атрымліваюць у жыцці і як ім пашанцавала. Яны набываюць уменне цаніць тое, што для іх робіцца. На ўласныя вочы бачаць: ёсць такія ж дзеці, як яны, але абдзеленыя бацькоўскай любоўю. І, вяртаючыся дадому, дзятва абдымае сваіх бацькоў і кажа: «Як добра, што вы ў мяне ёсць!» Такі вопыт змяняе дзяцей. Сапраўдны чалавек выхоўваецца па крупінках, маленькімі крокамі. Вынік не можа быць хуткім. Але мы рухаемся ў правільным кірунку, і, я веру, ужо гадоў праз дзесяць, калі падрастуць цяперашнія першакласнікі, наша грамадства стане больш добрым, шчырым і адказным.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Ксеніі Ліннік

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю