У МНС нагадалі аб фактарах небяспекі пры непагадзі ў сувязі з прагназуемымі ў Беларусі навальніцамі, паведамляе БелТА.
Фактарамі небяспекі пры навальніцы могуць быць пашкоджанне або абрыў ліній сувязі і электраперадачы, адключэнне электрычных падстанцый, электраэнергіі ў населеных пунктах. Таксама могуць узнікнуць лясныя пажары, узгаранні ў жылых памяшканнях і вытворчых будынках.
Ратавальнікі расказалі аб правілах бяспечных паводзін пры неспрыяльных умовах надвор’я. Калі навальніца застала дома, то лепш не выходзіць з яго, зачыніць вокны і коміны, каб пазбегнуць скразняку. Таксама не рэкамендуецца тапіць печку. У час навальніцы неабходна трымацца далей ад электраправодкі, антэн, трэба адключыць радыё і тэлевізар, пазбягаць выкарыстання тэлефона і электрапрыбораў.
Калі навальніца застала на адкрытай мясцовасці, важна памятаць, што маланка б’е ў самую высокую кропку на сваім шляху, таму не хавайцеся пад высокія дрэвы, у тым ліку тыя, якія стаяць асобна. Пры адсутнасці прытулку неабходна легчы на зямлю або прысесці ў сухую яму, траншэю, прыгнуўшы галаву.
Калі навальніца застала ў лесе, неабходна схавацца сярод нізкарослай расліннасці. Калі ад надвор’я хаваюцца адразу некалькі чалавек, то лепш прысесці на кукішкі, не дакранаючыся да іншых людзей.
У час навальніцы нельга купацца ў вадаёмах, не трэба бегаць. Калі ў момант непагадзі вы едзеце на веласіпедзе або матацыкле — спыніце рух, пакіньце іх і перачакайце навальніцу на адлегласці прыкладна 30 м ад іх.
Таксама неабходна знаходзіцца ў аддаленні ад ліній электраперадачы, таму што электрычнасць прыцягвае маланку. Калі пры непагадзі вы знаходзіцеся на ўзвышшы, спусціцеся ўніз. Калі непагадзь застала ў лодцы на вадаёме — трэба рухацца ў бок берага. Пры руху на аўтамабілі трэба спыніцца, зачыніць вокны і не выходзіць з машыны.