Top.Mail.Ru

Ратавальнікі і сіноптыкі ацанілі гатоўнасць да паводак і нагадалі аб небяспецы на вадаёмах

Лёд крануўся


Вясна паціху ўносіць змяненні ў звыклае жыццё беларусаў: анамальна снежная зіма саступае месца маруднаму, але няўмольнаму раставанню. Аб тым, як краіна праходзіць перыяд паводкі і чаму з кожным днём выходзіць на лёд становіцца ўсё больш небяспечна, расказалі прадстаўнікі МНС, АСВОД і Белгідрамета.


Вясна дыктуе свае правілы

Начальнік аддзела гідралагічных прагнозаў службы гідралогіі і аграметэаралогіі дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя» Алена ЗУБЧОНАК расказала, што разводдзе сёлета абяцае быць вышэйшым, чым у папярэднія некалькі гадоў. З-за моцных снегападаў і маразоў максімальныя ўзроўні вады наблізяцца да сваіх сярэдніх шматгадовых значэнняў, а значыць, затапленне поймавых лугоў і прыбярэжных тэрыторый непазбежна. «Максімальныя ўзроўні вады наблізяцца да небяспечных высокіх адзначэнняў, пры якіх адбываюцца затапленні прыбярэжных тэрыторый. Найбольш складаная паводкавая сітуацыя чакаецца ў басейнах рэк Дняпр, Сож і Прыпяць», — адзначыла Алена Зубчонак.


У той жа час на буйных рэках, уключаючы Днепр, Бярэзіну і Сож, усё яшчэ захоўваецца ледастаў, аднак яго структура перанесла сур’ёзныя змяненні — утварыліся закраіны і палонкі, якія робяць лёд вельмі неаднародным і непрадказальным.

Алена Зубчонак таксама падкрэсліла, што вясновыя працэсы сёлета ідуць дастаткова марудна дзякуючы характару надвор’я: «У другой дэкадзе сакавіка чакаецца цёплае надвор’е з дэфіцытам ападкаў, што таксама паспрыяе працягу разводдзя. У далейшым паводкавую сітуацыю можа ўскладніць толькі выпадзенне значнай колькасці ападкаў».

Гарантыі бяспекі

Абстаноўка з паводкамі ў Беларусі на гэты момант застаецца кіруемай і не выклікае ў спецыялістаў асцярог за жыццё і здароўе насельніцтва. Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны МНС Максім БУТА, з пачатку года наступствы вялікай вады былі лакальнымі. Стыхія закранула інфраструктуру ў мінімальным аб’ёме: талымі водамі аказаліся падтопленыя 18 прыватных жылых дамоў і 41 прыдамавая тэрыторыя, таксама вада апынулася ў 8 падвалах і 9 гаспадарчых пабудовах. На сёння сітуацыя істотна палепшылася: фіксуюцца толькі рэшткавыя з’явы ў выглядзе аднаго падтопленага ўчастка дарогі і двух прыватных падворкаў. Пацярпелых няма, а жыццезабеспячэнне насельніцтва не парушана.


Прадстаўнік МНС падкрэсліў, што ведамства загадзя прывяло ўсе сілы ў павышаную гатоўнасць, выдаўшы адпаведнае распараджэнне яшчэ на этапе перадвеснавога прагназавання: 

«У ім прадугледжаны мерапрыемствы па арганізацыі работы органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, сфарміраваны атрады для аператыўнага рэагавання на паводкавую сітуацыю. Арганізаваны штодзённы маніторынг гідралагічнай абстаноўкі для ацэнкі бягучай сітуацыі. Удакладнены таксама пералікі тэхнічных сродкаў, якія дазволяць эфектыўна праводзіць аварыйна-ратавальныя работы і гарантаваць бяспеку грамадзян пры неспрыяльных умовах», — адзначыў Максім Бута.

Ды і ўзаемадзеянне з насельніцтвам выбудавана такім чынам, каб ніводны зварот не застаўся без увагі. Ратавальнікі выязджаюць па кожным сігнале, праводзяць на месцы інструктажы і тлумачальную работу. У выпадку калі ўзровень вады зробіць пражыванне ў доме немагчымым, людзей гатовы забяспечыць месцамі часовага адсялення, якія вызначаны ў кожным рэгіёне краіны. А для таго каб трымаць грамадзян у курсе сітуацыі, даныя аб затапленнях наносяцца на інтэрактыўныя карты, даступныя на сайтах МНС, БелТА і Беларускага Чырвонага Крыжа. Пры пагаршэнні становішча да інфармавання падключаць СМС-рассылкі і радкі на тэлебачанні.

З падлёднай рыбалкай час развітвацца

Востра паўстае пытанне і бяспекі людзей на вадаёмах. Вядучы спецыяліст выканаўчага апарата рэспубліканскага савета АСВОД Кацярына МІХАЛЁВА звярнула ўвагу на тое, што ва ўмовах крыгаходу і раставання галоўная задача арганізацыі — забяспечыць бяспечную лагістыку і ратаванне на водах. Пакуль сітуацыя стабільная, але сілы знаходзяцца ў стане поўнай гатоўнасці. Па словах Кацярыны Міхалёвай, у распараджэнні ратавальнікаў ёсць больш за два дзясяткі аэралодак, каб у выпадку экстранай неабходнасці эвакуіраваць людзей з падтопленых раёнаў, дастаўляць іх на працу, вучобу, аказваць дапамогу ў перавозцы хатніх жывёл. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з МНС, плануецца арганізацыя сумесных перасовачных пастоў для аператыўнага рэагавання.


Дарэчы, нягледзячы на тое, што начныя замаразкі яшчэ здольныя трымаць лёд, дзённае сонца і талыя воды робяць яго структуру порыстай і рыхлай. Кацярына Міхалёва растлумачыла: хоць і дазваляецца выходзіць на лёд таўшчынёй больш за сем сантыметраў, гэты паказчык не з’яўляецца гарантыяй бяспекі. «Уначы лёд можа ўмацоўвацца ад маразоў, але днём ён становіцца крохкім, асабліва каля берагоў і ў месцах з плынню або расліннасцю, што ўяўляе дадатковую небяспеку».

Для тых, хто ўсё ж вырашыцца выйсці на лёд, абавязковым патрабаваннем з’яўляецца наяўнасць ратавальнай камізэлькі, падабранай па памеры. Вельмі пажадана мець пры сабе таксама лядовыя штыры, або зачэпы. І, вядома, катэгарычна недапушчальны выхад на лёд у стане алкагольнага ап’янення.

Аміна НАЗАРАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю