Top.Mail.Ru
156

Выстава незвычайных раслін «Тры стыхіі» пройдзе ў Батанічным садзе

Выстава незвычайных раслін, здольных выжываць у вадзе, на камянях і ў паветры, адкрыецца ў Цэнтральным батанічным садзе 13 лютага. Чым здзівяць наведвальнікаў «Тры стыхіі», паведаміла агенцтва «Минск-Новости».


Сёлетняй зімой установа адышла ад тэматычных выстаў, прысвечаных канкрэтным відам раслін, і дае магчымасць пазнаёміцца з найцікавейшымі прадстаўнікамі адразу некалькіх калекцый. Стыхію паветра прадставяць атмасферныя тыландсіі і эпіфітныя архідэі, якія не маюць патрэбы ў глебе, паколькі атрымліваюць з паветра вільгаць і пажыўныя рэчывы. У гэтай жа частцы экспазіцыі будуць прадстаўлены незвычайныя папараці, якія растуць у падвесных кашпо: нефралепісы, аспленіумы і «аленевыя рогі».

Некалькі відаў раслін аб’яднае стыхія вады. На выставе можна будзе ўбачыць «марсіянскія» крыптантусы і врыезіі, разеткі якіх назапашваюць вільгаць, акварыумны папаратнік  цератаптэрыс і мох сфагнум. Вялікую цікавасць не толькі ў дарослых, але і ў дзяцей, напэўна, выклічуць насякомаедныя расліны: алейная трава (Pinguícula), расянкі і няпентэсы. Да стыхіі каменя арганізатары аднеслі разнастайныя сукулентныя расліны: кактусы, літапсы, эхеверыі і седумы, а таксама многія іншыя.


Акрамя таго, у рамках выставы «Тры стыхіі» будуць прадстаўлены ўнікальныя экзэмпляры з калекцыі Батанічнага саду: архідэя Макодэс петола і цымбідыум з залацістымі кветкамі, а таксама тыландсія Селера — сваячка ананаса, у якой любяць жыць мурашы.

Экспазіцыя размясцілася ў секцыі «Пальмарый» фондавай аранжарэі. Наведаць выставу «Тры стыхіі» можна будзе з 13 па 20 лютага.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю