Top.Mail.Ru

Распраўце крылы і — наперад!

Сёлета ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі адбудзецца выпуск пілотаў, падрыхтаваных Беларускай дзяржаўнай акадэміяй авіяцыі


У віншаванні работнікам грамадзянскай авіяцыі з прафесійным святам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка надаў падзеі асаблівае значэнне: «У гэтым навучальным годзе ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі адбудзецца выпуск пілотаў грамадзянскай авіяцыі, што дазволіць умацаваць кадравы і тэхналагічны суверэнітэт краіны», — сказаў ён. І вось гэта гістарычная падзея адбылася.



... У параднай лётнай форме, сабраныя і сур’ёзныя, выпускнікі ўжо выглядалі як сапраўдныя пілоты і думалі як сапраўдныя пілоты. Зорачка акадэміі, як яе называюць у ВНУ выкладчыкі, разумніца і прыгажуня Яна Пасініцкая — адзіная дзяўчына ў выпуску. Як мы даведаліся, у свой час яна выбірала паміж дзвюма, зусім непадобнымі спецыяльнасцямі — эканаміст або пілот.

— Што я выбрала, вы ўжо ведаеце, — усміхаецца дзяўчына. — І я выразна разумела, на што ішла і чым буду займацца. Вядома, спачатку было цяжка, асабліва калі вывучалі авіяцыйны рухавік — я ж дзяўчынка. Але дапамагалі разбірацца выкладчыкі і аднагрупнікі, веды засвойваліся, прыходзіла разуменне.

Яна на ўсё жыццё запомніла свой першы палёт.

— Гэта было незабыўна, — дзеліцца будучы пілот. — Пасля першай лётнай практыкі прыйшло вялікае жаданне лятаць, навучальны год доўжыўся так доўга ... Мы ўсе чакалі лета, каб ужо выйсці на лётную практыку і хутчэй лятаць!

Зусім хутка мара выпускніцы БДАА ажыццявіцца — дзяўчына папоўніць лётны атрад «Белавія».


Як расказаў рэктар Акадэміі авіяцыі Ігар ЯЦКЕВІЧ, акрамя падрыхтоўкі інжынераў і пілотаў установа адукацыі праводзіць навучанне цэлага шэрагу авіяцыйных спецыялістаў. Тут атрымліваюць сярэднюю і вышэйшую адукацыю, вучацца ў магістратуры, аспірантуры і на курсах павышэння кваліфікацыі. На факультэтах грамадзянскай і ваеннай авіяцыі вучаць па шасці спецыяльнасцях і 11 прафілізацыях. У аддзяленні сярэдняй спецыяльнай адукацыі навучанне вядзецца па шасці спецыяльнасцях, а ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі праходзяць падрыхтоўку работнікі авіяцыйных арганізацый.

У акадэміі сёння вучыцца больш за 1,5 тысячы курсантаў: будучыя пілоты, дыспетчары, інжынеры па эксплуатацыі паветраных суднаў, рухавікоў, бартавога абсталявання, беспілотнікаў, а таксама спецыялісты па іншых кірунках. Аднак вернемся да таго, чаму і як вучаць па спецыяльнасці «Лётная эксплуатацыя паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі» (кваліфікацыя «Іжынер. Пілот»).

Выкладчыкі расказалі, што ў працэсе навучання курсанты праходзяць тэарэтычную, трэнажорную і лётную падрыхтоўку. Як сёння прынята ва ўсіх ВНУ і ССНУ, упор робіцца на практыка-арыентаванасць — набыццё практычных уменняў і навыкаў. У лётнай справе гэта асабліва важна.

— Практыку курсанты першага набору праходзілі на базе Мінскага аэраклуба ДТСААФ, — спыніліся на падрабязнасцях спецыялісты ВНУ. — Кожны павінен быў налятаць 150 гадзін на звышлёгкім Vіper CD і двухматорным Tecnam P2006T. Да гэтага курсанты трэніраваліся на сімулятарах, якія імітуюць кабіну рэальнага самалёта, з месцамі для курсанта і інструктара.

Члены камісіі адзначылі высокі ўзровень ведаў і падрыхтоўкі курсантаў-выпускнікоў. Па выніках дзяржэкзамену сямёра з іх атрымалі 9 балаў, ёсць і 10-бальнікі.


Сяргей МАРОЗАЎ, намеснік дырэктара арганізацыі лётнай работы авіякампаніі «Трансавіяэкспарт» — легенда нашай грамадзянскай авіяцыі. Доўгія гады ён кіраваў цяжкавагавымі грузавымі лайнерамі, быў камандзірам авіяцыйнага атрада. Сёння ён не толькі член камісіі, які ацэньвае веды курсантаў. Ён, па сутнасці, прымае ў калектыў новага члена каманды — выпускніка Максіма Русецкага. Пасля атрымання дыплома юнак таксама будзе кіраваць паветранымі «цяжкавагавікамі».

— У нашай кампаніі адразу ідзе перавучванне, — расказвае Сяргей Марозаў. — Але я думаю, цяжкасцяў не будзе — у Акадэміі курсанты праходзяць вельмі грунтоўнае навучанне. Акрамя таго, у нас з імі былі дадатковыя заняткі яшчэ да выпуску, спецыялісты «Трансавіяэкспарта» прымалі ўдзел у складанні розных праграм, праводзілі кансультацыі. А што да адаптацыі Максіма ў нашым калектыве, то яго чакае самы цёплы прыём, дапамога, падтрымка. Па-іншаму ў лётчыкаў не бывае.

Алена ВІНАГРАДАВА.
Фота Лізаветы ГОЛАД.

Чытайце таксама: Па высокім стандарце

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю