Літаратурная сустрэча «На крылах мастацкага слова» сабрала ў зале архіва-музея прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Ліпскага — лаўрэата Дзяржаўнай прэміі і заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэата расійскай літаратурнай прэміі імя Аляксандра Грына, кавалера Ордэна Францыска Скарыны. Чытачы розных пакаленняў ведаюць яго, як рэдактара папулярнага дзіцячага часопіса «Вясёлка», ініцыятара і старшыню журы Усебеларускага фестывалю народнага гумару у Аўцюках.
Шмат кніг напісана Уладзімірам Ліпскім, яго творы ўвайшлі ў зборнікі, школьныя падручнікі, перакладзены на замежныя мовы. Найбольш вядомы, як пісьменнік для малодшага пакалення, ён плённа працуе ў галіне публіцыстыкі, дакументальных апавяданняў, крапатлівых архіўных пошукаў.
Галоўная ж нагода сустрэчы архівістаў, чытачоў і мовазнаўцаў з вядомым аўтарам — прэзентацыя яго новага аўтабіяграфічнага рамана «Цялец», абмен думкамі і разважаннямі аб ідэі стварэння твора. Галоўны герой рамана, Юрась Майскі, шчыра расказаў чытачам пра пошук сваёй сцяжыны, гартаванне характару, пра нязменную вернасць і веру, любоў да кожнага дня жыцця. Усё мастацкае палатно рамана поўніцца цікавінкамі з уласнага жыццёвага архіва аўтара, назіраннямі за навакольным жыццём.
Адметна, што галоўны ўдзельнік сустрэчы «На крылах мастацкага слова» пакінуў для архіва-музея не толькі свае друкаваныя творы і рукапісы, але і створаны ім уласны медаль — знак нязменнай павагі да верных чытачоў і калег па пяру.
Яўген ПЯСЕЦКІ