У Гродзенскай вобласці заўсёды ўдзялялася вялікая ўвага навуцы і распрацоўкам. Развіццю ў гэтай сферы садзейнічаюць розныя фактары, у тым ліку і наяўнасць у абласным цэнтры трох універсітэтаў. На базе ГрДУ імя Янкі Купалы працуе Навукова-тэхналагічны парк, які стаў цэнтрам інавацыйнага развіцця ў рэгіёне. Тут адбыўся семінар-нарада «Ад ідэі да бізнесу», прымеркаваны да Дня беларускай навукі. У яго рамках былі прадстаўлены навуковыя распрацоўкі, якія ўжо ўкаранёны ў вытворчы працэс. Расказваем, што цікавага было прадстаўлена ўніверсітэцкімі вучонымі.
Якасць і дакладнасць
Сярод распрацовак, прадстаўленых выкладчыкамі ГрДУ імя Янкі Купалы, былі самыя розныя вынаходкі. Паспяхова прымяняецца сістэма кантролю якасці прадукцыі на аснове тэхналогій машыннага зроку. Яна распрацавана магістрантам факультэта матэматыкі і інфарматыкі Мацвеем Бачко пад кіраўніцтвам кандыдата фізіка-матэматычных навук Андрэя Германа. Машынны зрок — гэта тэхналогія, у якой камп’ютар з падключанымі камерамі аналізуе выявы аб’ектаў у рэальным часе.
А дасягаецца з дапамогай штучнага інтэлекту і складаных матэматычных алгарытмаў. Такая сістэма дае магчымасць імгненна ацэньваць якасць прадукцыі, выключаючы чалавечы фактар.
— Дадзены апаратна-праграмны комплекс ужо паспяхова працуе на прадпрыемствах. Напрыклад, на ТАА «Медлен», дзе Мацвей Бачко стварыў сістэму кантролю якасці ўстаноўкі ліпучак на падгузніках. Гэта крытычны элемент, які ўплывае на зручнасць і камфорт выкарыстання. У працэсе вытворчасці ліпучкі могуць быць устаноўлены няправільна або адсутнічаць зусім. Сістэма машыннага зроку на тэхналагічнай лініі аналізуе малюнак ліпучкі і правярае яе размяшчэнне. У выпадку неадпаведнасці брак аўтаматычна адпраўляецца ў спецыяльны кошык. Раней гэтую задачу выконвалі кантралёры, але з-за высокай інтэнсіўнасці вытворчасці чалавечае вока хутка стамляецца, што зніжае якасць кантролю. Дарэчы, тэхналогія акупіла сябе за два месяцы.
Тэхналогію можна выкарыстоўваць для кантролю любых аб’ектаў, дзе важныя параметры якасці, якія вызначаюцца візуальна: колер, форма, памеры. Напрыклад, аўтар распрацаваў сістэму кантролю шырыні і колеру палотнаў тканіны ў тэкстыльнай вытворчасці. Калі на палатне выяўляецца дэфект, сістэма аўтаматычна знаходзіць яго і падае сігнал аператару ці тэхналагічнай лініі. Стварэнне такіх сістэм патрабуе індывідуальнага падыходу. Для простых аб’ектаў дастаткова матэматычных алгарытмаў, а для складаных задач, дзе важная варыятыўнасць, выкарыстоўваюцца нейронныя сеткі, навучаныя на рэальных выявах.
Дарэчы, работа Мацвея Бачко была ўдастоена прэміі Дзяржстандарта — ён стаў пераможцам конкурсу «Лепшая дыпломная работа ў галіне кантролю якасці».

Інавацыі ў адукацыі
Навуковыя распрацоўкі не менш важныя і для адукацыйнага працэсу. Свет імкліва мяняецца, і вучыць моладзь старымі метадамі становіцца неэфектыўна. Выкладчык факультэта матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Іван Ярмак пазнаёміў удзельнікаў семінара з віртуальнымі трэнажорамі ваеннага абсталявання і ўзбраення.
Гэты інавацыйны комплекс адкрывае новыя гарызонты ў галіне ваеннай адукацыі. Віртуальныя сімулятары і інтэрактыўныя лічбавыя мадэлі ўзбраення, прадстаўленыя ў дапоўненай рэальнасці, дазваляюць студэнтам пагрузіцца ў свет сучасных тэхналогій. Сімулятар, створаны ў ВНУ, ужо стаў неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу ўніверсітэта і актыўна ўкараняецца ў іншыя навучальныя ўстановы Беларусі. Такія тэхналогіі не толькі павышаюць узровень падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, але і рыхтуюць іх да выклікаў сучаснасці, робячы адукацыю больш актуальнай і эфектыўнай.

— Наша каманда ўкараніла сістэмны падыход да стварэння сімулятараў і гейміфікацыі ў сферы адукацыі. Мы працуем не толькі над праектамі ў галіне ваеннага навучання, але і над гістарычнымі сімулятарамі. Праект, прысвечаны аперацыі «Баграціён», удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў. Ён выйшаў у фінал і быў удастоены перамогі ў спецыяльнай намінацыі, — адзначыў Іван Ярмак.
Што характэрна, навуковы падыход прымяняльны не толькі ў галіне дакладных навук. Аўдыторыі была прэзентавана канцэпцыя смарт-інтэр’ера. Гэта распрацоўка адаптыўнага інтэр’еру з выкарыстаннем сучасных тэхналогій і разумных сістэм для стварэння зручнай, функцыянальнай і энергаэфектыўнай прасторы. Павелічэнне колькасці інфармацыі на працоўных месцах і ў зонах абслугоўвання з дапамогай QR-кодаў і дапоўненай рэальнасці дазваляюць палегчыць успрыманне і знізіць перагружанасць інфармацыйных стэндаў.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота прэс-службы ГрГДУ імя Я. Купалы