Прэзідэнт прыняў рашэнне прадоўжыць бязвізавы рэжым для грамадзян 38 еўрапейскіх краін да 31 снежня 2026 года. Беларусь была і застаецца адкрытай для гасцей. І нягледзячы на розныя выклікі і канфлікты, турысты прыязджаюць і знаёмяцца з Сінявокай. А паглядзець ёсць на што! Прычым не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах. Раёны таксама прывабліваюць цікавымі турыстычнымі прапановамі. Уласны карэспандэнт «Звязды» па Гродзенскай вобласці адправілася ў Смаргонскі раён даведацца, што ён можа прапанаваць турысту.
Прагулка каля сцен замка
Першае, што прыходзіць у галаву, калі гаворыш аб Смаргоні, — гэта Крэўскі замак. Тут на працягу апошняга дзясятка гадоў актыўна вядуцца работы па кансервацыі з рэстаўрацыяй. Сёлета ў замку завершана першая чарга такіх работ. Работы першай чаргі падзелены на 5 пускавых комплексаў, старт адбыўся ў 2018 годзе. Першая чарга ўключае ў сябе часовую кансервацыю Княжацкай вежы і паэтапную кансервацыю з рэстаўрацыяй чатырох сцен. У рамках другой чаргі будзе праводзіцца рэстаўрацыя Княжацкай вежы.
— Але для таго, каб прыступіць да наступнага этапу работ, неабходна правесці дадатковыя раскопкі. Пасля маштабных археалагічных даследаванняў будзе распрацаваны будаўнічы праект рэстаўрацыі Княжацкай вежы-данжона, якую затым будуць аднаўляць, — расказала начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражэва.
Завяршэнне работ у рамках першай чаргі ўжо значна пашырыла турыстычныя магчымасці аб'екта. Спынена разбурэнне ўнікальнага помніка. Актыўная работа з турыстамі пачалася ў 2021 годзе. У Крэве працуе сектар гісторыі Крэўскага замка Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея. Яго супрацоўнікі праводзяць экскурсіі, мерапрыемствы, квэсты, таксама ёсць кіёск, у якім можна купіць сувеніры на памяць.
Гістарычны ансамбль у 2022 годзе дапоўніла дазорная драўляная вежа. Падчас археалагічных работ былі знойдзены рэшткі падмуркаў на Юр'евай гары. Даследаванні паказалі, што гэта фрагменты дазорнай вежы. Так і з'явіўся новы аб'ект, які перадалі раёну, і ён прымае турыстаў. З вяршыні будынка адкрываецца неверагодны від на замак і Крэва.
— З красавіка ў нас было больш за 14 000 гасцей. Для параўнання: летась — крыху менш за 7 000. З'явілася больш арганізаваных груп. Да таго ж Крэва ўключаны ў рэспубліканскі турыстычны маршрут, і турфірмы без нашага ўдзелу прывозяць людзей, шмат індывідуальных наведвальнікаў, — расказвае Таццяна Ражэва.
Нягледзячы на тое, што ў замку няма пастаяннай музейнай экспазіцыі, тут усё роўна ёсць на што паглядзець. Летам праходзіць гістарычны фестываль «Крэва: на скрыжалях часу». Акрамя таго, Крэва славіцца радовішчамі гліны.
У былыя часы мястэчка было своеасаблівым цэнтрам керамічнага промыслу. З 2014-га штогод тут праходзіць фестываль «Кераміка Крэва», які збірае майстроў-керамістаў і аматараў традыцыйных рамёстваў.
Работы ў 2026 годзе будуць працягнуты. У планах — арганізацыя выставачных прастор на старых падмурках, у адным з іх запланавана ўстаноўка археалагічных вокнаў, у якіх можна будзе ўбачыць старыя падмуркі. Цяпер ідзе работа па праектаванні гэтага аб'екта. Калі ўсё складзецца ўдала, у бліжэйшыя 2 гады ён будзе пабудаваны. Асноўнае фінансаванне аднаўлення замка ідзе па лініі рэспубліканскага бюджэту, але таксама былі выкарыстаны сродкі з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва і сродкі мясцовага бюджэту. Раённая адміністрацыя таксама займаецца добраўпарадкаваннем прылеглых тэрыторый.
Запрашаем на баль
Не меншай папулярнасцю карыстаецца цудоўная сядзіба Агінскіх у Залессі. Сёлета яе наведала больш за 40000 чалавек. Аб'ект карыстаецца папулярнасцю круглы год. Прыязджаюць як арганізаваныя групы, так і самастойныя турысты, якіх прываблівае атмасфера гэтага месца. Вядома, асаблівую ўвагу прыцягваюць балы, якія тут арганізоўваюцца.
У апошнія гады ў сядзібе праведзены маштабныя рэстаўрацыйныя работы. Напрыклад, адноўлены дзве альтанкі, частка англійскага пейзажнага парку і сажалка. Музейная экспазіцыя ўвесь час развіваецца. Летась яна адзначыла сваё дзесяцігоддзе. Апроч асноўнай экспазіцыі ў сядзібе ёсць і іншыя невялікія выставы.
— Напрыклад, канюшня — гэта не проста гаспадарчае памяшканне, але і месца, дзе можна пазнаёміцца з невялікай экспазіцыяй аб гаспадарчым жыцці сядзібы
XІX стагоддзя. Тут жывуць коні, а турысты могуць пакатацца на іх па гістарычным парку. Акрамя таго, праводзяцца экскурсіі, якія расказваюць, як жылі і працавалі людзі ў XІX стагоддзі.
Адным з планаў на наступны год з'яўляецца аднаўленне апошняга архітэктурнага аб'екта сядзібы — будынка млына. Плануецца распрацаваць праект і пачаць яго рэалізацыю. Млын будзе пераўтвораны ў выставачную прастору, адкуль адкрываецца від на возера і гістарычны парк. Гэта дазволіць праводзіць тут разнастайныя выставы і мерапрыемствы.
Старонкі Першай сусветнай вайны
У мінулым годзе ў Смаргоні завяршылася будаўніцтва мемарыяльнага комплексу па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну.
З верасня 1915 па люты 1918 гг. лінія руска-германскага фронту праходзіла праз гэты раённы цэнтр, размешчаны недалёка ад літоўскай граніцы. Горад супраціўляўся ворагу на працягу 810 дзён. У баях загінулі дзясяткі тысяч салдат і афіцэраў. Горад, які да вайны налічваў 16 тысяч жыхароў, быў практычна разбураны. Пасля вайны ў яго вярнулася толькі каля 150 чалавек. Успаміны пра тыя падзеі пакінулі вядомыя людзі: Міхаіл Зошчанка, Валянцін Катаеў, Аляксандра Талстая (дачка Льва Талстога), Радыён Маліноўскі.
— Ваенна-патрыятычны, ці «паклонны», турызм у апошнія гады знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. Людзі жадаюць ведаць гісторыю, ушаноўваць памяць тых, хто загінуў у Першай сусветнай вайне. Сёлета мы адзначылі 110-годдзе пачатку абароны Смаргоні. У мемарыяльным комплексе прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце. Былі арганізаваны ваенна-гістарычныя рэканструкцыі эпізодаў вайны.
Ёсць усё для камфортнага адпачынку
Як расказала старшы інспектар аддзела спорту і турызму Смаргонскага райвыканкама Анастасія Арлоўская, з поўнай інфармацыяй аб турыстычным патэнцыяле можна пазнаёміцца ў Турыстычным інфармацыйным цэнтры. Смаргонскі раён прапануе разнастайныя віды турызму: водны, пешы, веласіпедны... Гасцей чакаюць камфортныя гасцініцы. Дарэчы, нядаўна адкрыўся новы гасцінічна-рэстаранны комплекс.
У планах на бліжэйшы год — абнаўленне знакаў навігацыі і інфармацыйных стэндаў на аўтамагістралях і дарогах мясцовага прызначэння. Таксама распрацоўваюцца новыя турыстычныя маршруты. Смаргонскі раён актыўна развівае турыстычную інфраструктуру, ствараючы ўмовы для камфортнага і разнастайнага адпачынку. А яшчэ ў Смаргоні абавязкова трэба пакаштаваць мясцовы пламбір, які, дарэчы, уваходзіць у спіс «100 рэчаў, якія трэба абавязкова зрабіць у Беларусі».
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ