Top.Mail.Ru

Расказваем пра сям'ю, якая знайшла сваё шчасце ў вёсцы будучыні

Саюз родных сэрцаў

За апошнія дзесяць гадоў колькасць сем’яў, дзе выхоўваецца трое і больш дзяцей, у краіне ўзрасла на 70 працэнтаў. У шматдзетных сем’ях выхоўваецца кожнае чацвёртае дзіця. Маладыя шчаслівыя сем’і ствараюць нашу будучыню, а таму з боку дзяржавы ім аказваецца ўсебаковая падтрымка. Так, шматдзетныя бацькі аплочваюць толькі харчаванне ў перыяд наведвання дзіцяці ўстановы дашкольнай адукацыі, а ўсё астатняе субсідзіруецца дзяржавай. Для сем’яў з двума дзецьмі дашкольнага ўзросту плата за знаходжанне ва ўстанове яшчэ ніжэй, для шматдзетных сем’яў зніжана на 50 працэнтаў. Прадугледжана таксама бясплатнае харчаванне ў школах, пуцёўкі ў дзіцячыя аздараўленчыя лагеры субсідзіруюцца дзяржавай. І гэта далёка не ўвесь пералік ільгот, якія дзейнічаюць у нашай краіне для шматдзетных сем’яў.

Сям’я Пракошыных жыве ў вёсцы Домжарыцы Лепельскага раёна, якую нядаўна Прэзідэнт назваў вёскай будучыні. Размешчаная сярод непаўторных маляўнічых мясцін, у сэрцы Бярэзінскага біясфернага запаведніка, вёска ўражвае сваёй казачнай прыгажосцю і мясцовых жыхароў, і шматлікіх гасцей.

У сэрцы запаведніка

— Паколькі я была адзіным дзіцяці ў бацькоў, я заўсёды марыла мець вялікую сям’ю, быць шматдзетнай матуляй, і маё жаданне падтрымаў муж, — расказвае маці пяцярых дзяцей Дзіяна Пракошына. — У тым, што зможам задаволіць усе патрэбы сям’і, мы ніколькі не сумняваліся, паколькі ведаем, што заўсёды можам разлічваць на падтрымку дзяржавы. Мы пабудавалі вялікі дом, дзе ёсць электрычнае ацяпленне, вадаправод. Паколькі я шмат часу праводжу на кухні, мне вельмі хацелася абсталяваць яе так, каб я магла бачыць сваіх дзяцей у час гульняў. Мае пажаданні былі ўлічаны, — з усмешкай дзеліцца гаспадыня.

Усе пакоі дома абсталяваны з асаблівым густам, у адпаведнай каляровай гаме.

— Акрамя кухні-гасцінай у доме ёсць спальня і дзіцячы пакой. Хутка будзе завершана будаўніцтва другога паверха, дзе размесцяцца нашы хлопчыкі, а Лізачка пераедзе ў пакой брацікаў, — расказвае Дзіяна. — У доме ёсць вялікі падвал, дзе захоўваюцца нарыхтоўкі на зіму, ёсць падвальнае памяшканне і ў двары. Практычна ўсімі будаўнічымі работамі займаўся муж.

— Я лічу падарункам лёсу тое, што ў нас ёсць магчымасць жыць і гадаваць дзяцей сярод такога хараства, — адзначае Дзіяна. — Вёска размешчана ў прыродаахоўнай зоне, але разам з тым тут створана сучасная інфраструктура: працуюць школа, дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін, дзе можна набыць прадукты і прамысловыя тавары. Дзеці маюць магчымасць развіваць свае творчыя здольнасці ў дзіцячай школе мастацтваў. І кожны раз, праходзячы ўздоўж ляснога гушчару, мы адчуваем яднанне з прыродай. Уявіце сабе, што летам у двары за 500-700 метраў ад нашай агароджы гуляюць мядведзі, пад дрэвамі ў нас начуюць алені і казулі... Такія з’явы, вядома, заўсёды пакідаюць шмат уражанняў.

Незабыўнай падзеяй для жыхароў Домжарыц стаў прыезд Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, які адзначыў, што вёска Домжарыцы павінна стаць узорам для развіцця аграгарадкоў ва ўсёй краіне.

Сям’я — найдаражэйшы скарб

— Дарагія муж і дзеці — гэта самае каштоўнае, што ёсць у маім жыцці, самы дарагі падарунак лёсу, — кажа Дзіяна.

Старэйшаму сыну Алегу ўжо 26 год. Ён скончыў Віцебскі дзяржаўны каледж электратэхнікі, прайшоў службу ў арміі і знайшоў сваю дарогу ў жыцці, зараз жыве і працуе ў Віцебску. Другі сынок Максім — чацверакласнік. Хлопчык добра вучыцца , развівае свае здольнасці на мастацкім, музычным аддзяленнях дзіцячай школы мастацтваў і ўжо не першы год займаецца каратэ. Добра вучыцца ў школе і трэці сынок Мікіта. Ён ва ўсім бярэ прыклад са свайго брата, наведвае школу мастацтваў, займаецца каратэ, а яшчэ цудоўна іграе на цымбалах і спявае. Абодва хлопчыкі актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных творчых конкурсах. Максім і Мікіта на дваіх заваявалі трынаццаць медалёў на разнастайных спаборніцтвах. 

Чацвёртаму сыночку Мікалаю споўнілася шэсць год. Ён пакуль наведвае дзіцячы сад і на будучы год рыхтуецца пайсці ў першы клас. Коля — вельмі артыстычны хлопчык, цікавіцца ўсім новым і добра малюе. Па прыкладзе сваіх братоў ён таксама жадае займацца ў школе мастацтваў і асвойваць тэхніку каратэ. А вось маленькай дачушцы Лізачцы ў сакавіку наступнага года споўніцца тры гады. Дзяўчынка расце жвавай, цікаўнай, вельмі любіць маляваць, ляпіць фігуркі з пластыліну і ўмее ўзняць настрой усім членам сям’і.

— Сваіх дзяцей мы змалку вучым самастойнасці і адказнасці, — адзначае Дзіяна. — Яны растуць сур’ёзнымі, працавітымі і паслухмянымі. Нягледзячы на тое, што ў нас ёсць і бульбасаджалка, і бульбакапалка, і трактар, сёлета сыночкі разам з татам «пад рыдлёўку» пасадзілі і выкапалі 12 градак бульбы. Муж вучыць сыночкаў касіць. Яны ахвотна дапамагаюць нам спраўляцца па гаспадарцы. На падворку мы трымаем свіней, трусоў і курэй.

Добра быць заўсёды разам!

Выхадныя дні шчаслівая сям’я прысвячае сумеснаму адпачынку. Летам бацькі з дзецьмі едуць у лес, збіраюць ягады і грыбы. Дзеці разам з татам займаюцца рыбалкай, любяць пакатацца на маторнай лодцы. Добрай сямейнай традыцыяй сталі выезды на начную рыбалку на азёры Домжарыцкае, Бярэшча і іншыя. Як правіла, уся сям’я размяшчаецца ва ўтульным доміку, а потым тата разам з сынамі ўстанаўліваюць снасці. Гатуюць юшку, шашлыкі, і ўсе стравы на свежым паветры вельмі апетытныя.

— Наша мамачка самая прыгожая, мілая, шчырая і ласкавая, яна самая лепшая ў свеце! — кажа Максім.

— А наш тата самы адказны, сур’ёзны і надзейны! Ён — сапраўдны галава сям’і! — працягвае Мікіта.

— Мы вельмі любім сваіх маму і тату! — дадае сынок Коля, а маленькая Лізачка пяшчотна абдымае бацькоў. Вось яно, светлае і чыстае бацькоўскае шчасце! Менавіта такія светлыя хвіліны працягваюць наша жыццё і напаўняюць яго асаблівым сэнсам.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

Фота з сямейнага архіва

Чытайце таксама: Не вам казаць: чым болей гадоў, тым меней аднакласнікаў ды сяброў з дзяцінства


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю