Top.Mail.Ru

Расказваем, чым займаюцца дзеці ў прышкольным лагеры

«Проста сядзець дома нецікава»


У Беларусі ў летні перыяд для школьнікаў ёсць шмат варыянтаў адпачынку. З году ў год сваёй папулярнасці не губляюць прышкольныя аздараўленчыя лагеры. Уласны карэспандэнт газеты «Звязда» адправілася ў СШ № 39 імя І. Д. Лебедзева горада Гродна, каб паглядзець, як там адпачываюць дзеці.

Два тыдні — як адзін дзень

Падышла да канца другая змена, але па адчуваннях яна толькі пачалася! Дзеці былі энергічныя і зацікаўленыя, цудоўна бавілі час. На другой змене ў лагеры адпачывалі 175 дзяцей, у тым ліку хлапчукі і дзяўчынкі з іншых школ Кастрычніцкага раёна. Як адзначыла кіраўнік лагера Моніка РАБЦАВА, многія бацькі аддаюць дзяцей на дзве змены. І гэта нядзіўна.

Праграма лагера ўключае розныя напрамкі, асноўны з якіх — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. Дзеці наведваюць экскурсіі, удзельнічаюць у мерапрыемствах і квэстах, сустракаюцца з цікавымі людзьмі. Лагер супрацоўнічае з рознымі дзяржаўнымі структурамі, напрыклад з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. Выхавальнікі арганізуюць інтэрактыўныя праграмы. У гэтым я на сто працэнтаў упэўнілася.

Магчымасць праявіць сябе

Пад канец змены заўсёды праходзіць конкурс «Беларус і Беларусачка». Кожная група рыхтуе творчы нумар у традыцыйных матывах. Маленькія гледачы шчыра падтрымлівалі ўдзельнікаў конкурсу, спявалі і танцавалі, паднімалі над галовамі плакаты. Адна з канкурсантак, вучаніца 4-га класа Эвеліна СЕРАК, з задавальненнем падзялілася ўражаннямі:

— Мне падабаецца праводзіць тут час, гэта лепш, чым проста сядзець дома. У лагеры мы ўвесь час нечым заняты. За змену паспяваем шмат дзе пабываць. А больш за ўсё мне падабаецца, што тут многа дзяцей, з якімі можна пасябраваць і весела правесці час! І ў конкурсе мне вельмі падабаецца ўдзельнічаць.

Рэжым працы лагера — з 9.00 да 17.00. Але ёсць дзяжурны гурт, які пачынае працу ў 8 раніцы. Змена доўжыцца 15 дзён. За час працы летніка не было негатыўных водгукаў з боку дзяцей і бацькоў, сведчыць Моніка Рабцава:

— Як кіраўнік я заўсёды цікаўлюся, наколькі дзецям падабаецца ў легеры, ці ёсць якія-небудзь пажаданні ў бацькоў. Штогод мы імкнёмся зрабіць усё, каб малым было камфортна і цікава. Бацькі высока ацэньваюць умовы знаходжання сваіх дзяцей у лагеры.

Атрымалася пагутарыць і з мамай, чые дзеці рэгулярна адпачываюць у прышкольным лагеры. Таццяна НІКІЦІНА са жніўня 2018 года працуе ў дзіцячым доме сямейнага тыпу ў якасці аднаго з бацькоў-выхавацеляў. Раней, на працягу сямі гадоў, яна займала пасаду прыёмнай маці:

— Нашы дзеці ходзяць у прышкольны лагер з велізарным задавальненнем. Для іх гэта месца, дзе можна класна правесці час, бо кожны дзень поўны цікавых заняткаў і мерапрыемстваў. З першага па восьмы клас нашы дзеці з нецярпеннем чакаюць кожнага дня ў лагеры. Тут яны могуць займацца ў розных гуртках, удзельнічаць у флэшмобах і наведваць кінатэатры. Аднак самае галоўнае — магчымасць праявіць сябе. Гэта не толькі весела, але і карысна для іх развіцця. Акрамя таго, для мяне як для маці гэта выдатная магчымасць крыху разгрузіцца і заняцца хатнімі справамі. Я ўпэўнена, што прышкольны лагер адыгрывае важную ролю ў жыцці нашых дзяцей, дапамагаючы ім развівацца, знаходзіць новых сяброў і атрымліваць шмат станоўчых эмоцый.

«Надзвычайныя» госці

Апроч конкурсу, у дзень майго візіту ў лагер у госці да школьнікаў прыехалі супрацоўнікі МНС, якія арганізавалі дзве лакацыі. Адна з іх размясцілася ў фае школы. Тут з’явілася інфармацыйна-гульнявая зона, дзякуючы якой дзеці маглі ўспомніць правілы бяспечных паводзін. Школьнікі з энтузіязмам уключыліся ў актыўнасці, прапанаваныя супрацоўнікам МНС.

Другая лакацыя размясцілася на вуліцы. Госці прывезлі з сабой тэхніку, якая выкарыстоўваецца пры выратаванні людзей. Гэта быў спецыяльны транспарт, а таксама інструменты. Ад пытанняў і каментарыяў не было адбою. Дзякуючы такім мерапрыемствам дзеці паўтараюць правілы бяспекі, атрымліваюць новыя карысныя веды.

З любоўю да беларускага слова

Але і гэта яшчэ не ўсё! У рамках праграмы лагера адбылася сустрэча з дзіцячай пісьменніцай і педагогам СШ № 39 Ірынай САЛАТА, якая ў маі 2026 года афіцыйна папоўніла рады Гродзенскага абласнога аддзялення 

Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яе творчыя сустрэчы са школьнікамі праходзяць у фармаце інтэрактыўных літаратурных падарожжаў і гульняў. Дзякуючы шматгадоваму педагагічнаму досведу аўтара гэтыя мерапрыемствы ператвараюцца ў жывыя ўрокі любові да беларускага слова і нацыянальнай культуры.

Бацькі і выхавальнікі адзначаюць, што лагер становіцца сапраўдным домам для дзяцей на час змены, дзе кожны дзень напоўнены яркімі падзеямі і новымі адкрыццямі. Летні адпачынак у прышкольных лагерах — гэта залог добрага настрою і здароўя, а таксама важны крок у фарміраванні асобы будучага пакалення.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю