Расія і ЗША дамовіліся аб сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа ў найбліжэйшы час. Пра гэта заявіў журналістам памочнік Прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў, паведамляе ТАСС.
Ушакоў удакладніў, што як арыенцір для сустрэчы прэзідэнтаў быў пазначаны наступны тыдзень. «Варыянт правядзення сустрэчы на працягу наступнага тыдня разглядаўся, і мы да гэтага варыянту ставімся цалкам станоўча», — сказаў ён. Паводле яго слоў, бакі ўжо прыступаюць да падрыхтоўкі сустрэчы, аднак пакуль складана сказаць, колькі часу на гэта спатрэбіцца.
Прадстаўнік Крамля паведаміў, што месца правядзення сустрэчы ўжо ўзгоднена, пра яго праінфармуюць пазней.
Гаворачы аб магчымасці правядзення трохбаковай сустрэчы з удзелам Уладзіміра Зяленскага, якая згадвалася амерыканскім прадстаўніком падчас сустрэчы ў Крамлі, Ушакоў адзначыў, што «расійскі бок гэты варыянт пакінуў зусім, цалкам без каментарыя». «Мы прапануем перш за ўсё сканцэнтраваць увагу на падрыхтоўцы двухбаковай сустрэчы з Трампам і лічым галоўным, каб гэта сустрэча была паспяховай і выніковай», — сказаў ён.
Ушакоў таксама падвёў вынікі сустрэчы Прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна са спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам 6 жніўня, заявіўшы, што яна прайшла канструктыўна. У прыватнасці, абмяркоўвалася далейшая сумесная работа па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне.
Раней Трамп заявіў, што ёсць добрыя перспектывы завяршэння канфлікту і правядзення сустрэчы з Пуціным. Як пісала газета The New York Times, Трамп хацеў бы ўжо на наступным тыдні правесці асабістую сустрэчу з Пуціным, а неўзабаве пасля гэтага — трохбаковую сустрэчу з удзелам Уладзіміра Зяленскага.