Top.Mail.Ru

Ранняе выкарыстанне дзецьмі сацсетак прыводзіць да пагаршэння паспяховасці ў школе — даследаванне

Вынікі даследавання вучоных з Міланскага ўніверсітэта Бікока паказалі, што дзеці і падлеткі, якія з ранняга ўзросту актыўна карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі, паказваюць горшыя вынікі ў школе ў далейшым. Пра гэта піша БелТА са спасылкай на Der Spiegel.

Для свайго даследавання спецыялісты апыталі больш за 5 тыс. школьнікаў у італьянскім рэгіёне Ламбардыя. Ім задавалі пытанне, у якім узросце яны стварылі свой першы акаўнт у сацсетках, а затым параўналі гэтую інфармацыю з вынікамі тэстаў на паспяховасць. Каб выключыць скажэнні, каманда ўлічыла такія фактары, як узровень адукацыі бацькоў і сацыяльна-эканамічнае становішча сем’яў.

Вынікі даследавання былі апублікаваныя ў часопісе Nature Human Behaviour. Яны прадэманстравалі, што тыя, хто ўжо меў акаўнт у сацыяльных сетках на якой-небудзь платформе ў шостым, сёмым ці восьмым класе, у сярэднім паказвалі горшыя вынікі на тэстах, чым тыя, хто стварыў акаўнт не раней за дзявяты клас, гэта значыць да таго часу ім было не менш за 14 або 15 гадоў. Раннія карыстальнікі сацсетак таксама часцей заставаліся на другі год.

Сярод фактараў зніжэння паспяховасці вучрныя называюць не сам факт валодання акаўнтам у сацсетках, а адцягненне ўвагі, частату праверкі апавяшчэнняў на працягу дня і ночы. Таксама значэнне можа мець кагнітыўная перагрузка: мозг вучняў проста не можа апрацаваць велізарны аб’ём інфармацыі.

Пры гэтым ёсць выключэнне: у англійскай мове дзеці, якія мелі акаўнт у сацыяльных сетках з ранняга ўзросту, паказалі добрыя вынікі. Аўтары даследавання мяркуюць, што гэта можа быць звязана з «паўсюднай прысутнасцю англамоўнага кантэнту на платформах сацыяльных сетак». Яны адзначаюць, што сацсеткі могуць дапамагчы навучэнцам вывучаць замежную мову ў нефармальнай абстаноўцы.

Пытанне аб тым, ці варта дазваляць дзецям доступ да сацыяльных сетак толькі з пэўнага ўзросту, у цяперашні час абмяркоўваецца ва ўсім свеце. Францыя стане першай краінай у Еўрапейскім саюзе, якая ўвядзе забарону на доступ да сацыяльных сетак для асоб, маладзейшых за 15 гадоў. Германія, Іспанія, Грэцыя і Аўстрыя таксама маюць намер заканадаўча замацаваць забарону на выкарыстанне сацсетак дзецьмі да пэўнага ўзросту.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю