Top.Mail.Ru

Раман Галоўчанка: Эканоміка захоўвае тэндэнцыю росту

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, выступаючы сёння на пасяджэнні Саўміна падкрэсліў, што ў 2024 годзе ўдалося вырашыць важнейшыя задачы, пастаўленыя Кіраўніком дзяржавы і прадугледжаныя праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця.


— У студзені (2025 года – заўв.аўт.) эканоміка захоўвала тэндэнцыю росту, — адзначыў ён і канкрэтызаваў. — Паказчык ВУП — 103,7%. Добрыя тэмпы назіраем у будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, інфармацыі і сувязі. 

Паводле яго слоў, захоўваецца дастаткова высокая спажывецкая актыўнасць насельніцтва: 

— Істотна дадаў рознічны таваразварот, пры захаванні ўмеранага ўзроўню інфляцыі. Прамысловасць вырасла амаль на 3%. 

Старт нядрэнны, упэўнены Прэм’ер-міністр, але трэба дадаваць: 

— Да мэтавай задачы на 1 квартал, нагадаю, гэта 103,7%. 

Гаворачы аб выніках 2024 года, Раман Галоўчанка падкрэсліў: ураду ўдалося вырашыць важнейшыя задачы, пастаўленыя Кіраўніком дзяржавы і прадугледжаныя праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця: 

— Забяспечаны рост дабрабыту нашых грамадзян: рэальныя даходы насельніцтва (гэта значыць вычышчаныя ад уплыву інфляцыі) выраслі на 9,7% пры прагнозе 103,5%. На працягу года ўстойліва расла заработная плата (у снежні яна дасягнула без малога 2 тысяч 700 рублёў). Пенсіі ў рэальным выражэнні павялічыліся на 9,7%. Як і ў папярэднія гады, забяспечана падтрымка бюджэтнікаў і нізкааплатных катэгорый работнікаў. 

Таксама Прэм’ер-міністр нагадаў, што прымаліся кропкавыя рашэнні па ўстанаўленні дадатковых выплат настаўнікам, урачам, работнікам сацыяльнай сферы: 

— На гэтыя мэты летась накіравана больш за 1 мільярд 700 млн рублёў.

Раман Галоўчанка акцэнтаваў увагу на дасягнутых выніках: 

— Захаваная макраэканамічная стабільнасць. Золатавалютныя рэзервы за год павялічыліся амаль на 800 млн долараў і на 1 студзеня (2025 года — заўв.аўт.) склалі амаль 9 мільярдаў долараў. У эканоміку прыцягнуты 1 млрд 700 млн долараў прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Прырост у параўнанні з 2023 годам 3,5% (больш за 70% ад аб’ёму інвестыцый укладзены ў рэальны сектар). 

Прэм’ер-міністр таксама адзначыў збалансаванасць валютнага рынку: 

— Насельніцтва выступіла чыстым прадаўцом валюты. 

Таксама кіраўнік урада акцэнтаваў увагу на ўмацаванні даверу насельніцтва да нацыянальнай валюты: 

— З пачатку года тэрміновыя банкаўскія ўклады ў беларускіх рублях выраслі амаль на 3 мільярды рублёў або на 35%. 

Адзначыў ён і невысокі ўзровень індэкса спажывецкіх цэн, дасягнутага па выніках 2024-га: 

— Інфляцыя на рэкордна нізкім узроўні 5,2% пры задачы не больш за 6-ць. 

Што тычыцца паказчыка па інвестыцыях, Раман Галоўчанка адзначыў: 

— Летась усе вы ў гэтым удзельнічалі (у той ці іншай меры), працягнулі актыўна інвеставаць у інфраструктуру ў рэгіёнах. Усяго на гэтыя мэты накіравана 6 млрд 600 млн руб, у тым ліку па асобных рашэннях Кіраўніка дзяржавы. 

Прэм’ер-міністр таксама акцэнтаваў увагу на тым, што два год запар беларуская эканоміка паказвае рост вышэй мэтавых параметраў і сярэднесусветных значэнняў: 

— Тэмп росту валавога ўнутранага прадукту за 2024 год склаў 104% пры заданні 103,8%. Асноўнымі драйверамі сталі прамысловасць, будаўніцтва, гандаль і транспартная дзейнасць. 

Раман Галоўчанка канстатаваў: прынятыя сістэмныя рашэнні па забеспячэнні ўстойлівай работы галін дазволілі выйсці і на станоўчы фінансавы вынік працы эканомік: 

— Аб’ём атрыманага чыстага прыбытку склаў больш за 16 мільярдаў рублёў пры росце да 2023 года на 8,8%.

Таксама ён адзначыў той факт, што колькасць стратных арганізацый скарацілася да мінімальных значэнняў за апошнія 10 гадоў. 

— Калі казаць увогуле, зыходзячы з гэтых лічбаў, то сітуацыя ў эканоміцы стабільная і кіруемая. Адзіны паказчык, па якім мы не дасягнулі планкі задання — экспарт. Нягледзячы на тое, што аб’ём паставак вырас на 1 мільярд 700 млн долараў (або на 3,5 %). Гэта ніжэй, чым ставілася задача (як вы памятаеце, гэта 107,6%).

Вольга АЛЯКСАНДРАВА

Фота БелТА

У тэму

Рэзервы для росту ёсць

Міністр эканомікі Юрый Чабатар падвёў вынікі 2024 года ў гутарцы з журналістамі перад пасяджэннем Савета Міністраў аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі за 2024 год.

— ВУП Беларусі ў 2024 годзе вырас на 4 %. Гэта, безумоўна, дзякуючы тым мерам на працягу года, якія прымаліся з боку кіраўніка дзяржавы, урада. Але нас, вядома, турбуе не толькі колькасць, але і якасць, — падкрэсліў Юрый Чабатар. — Сёння мы абмяркоўваем, якія якасныя паказчыкі эканомікі прыраслі летась. Трэба адзначыць змены ў лепшы бок у сферы інвестыцый. Прадпрыемствы абнаўляюць больш абсталявання, а гэта спрыяе павышэнню канкурэнтаздольнасці.

Ён звярнуў увагу, што інвестыцыі ў Беларусі другі год запар растуць тэмпамі ў два разы большымі, чым ВУП. І гэта, падкрэсліў профільны міністр, сведчыць аб якасці развіцця эканомікі.

Ён таксама звярнуў увагу на добрыя паказчыкі і па росце заработнай платы:

— На гэта мы глядзім ва ўвязцы з выдаткамі, з інфляцыяй. Два гады запар у нас адны з самых нізкіх паказчыкаў інфляцыі ў рэгіёне. На бягучы год задача не выходзіць за 5 %.

Юрый Чабатар падкрэсліў: тром праграмам — вытворчай, экспартнай і інвестыцыйнай — надаецца асноўная ўвага:

— Плюс чацвёрты кірунак — кантроль за збалансаванасцю эканомікі: даходы, інфляцыя, выдаткі.

Профільны міністр адзначыў, што рэзервы для росту ёсць і вось якія:

— Перш за ўсё за кошт продажаў, экспарту. Мы ставілі вельмі вялікія, амбіцыйныя задачы па нарошчванні экспарту ў краіны «далёкай дугі», у Афрыканскі рэгіён.

Паводле яго слоў, вынікі ёсць: пастаўкі ў Афрыку выраслі ў тры разы:

— Але сёлета мы прынялі рашэнне больш кантраляваць сумесна з нашымі калегамі напаўненне экспартнай праграмы кантрактамі. Разам працуем над тым, каб фарміраваць зборныя партыі адгрузкі ў далёкія рэгіёны, бо гэта лагістычна больш эфектыўна. Прапрацоўваецца пытанне магчымай кампенсацыі лагістычных паставак у краіны «далёкай дугі».

Акрамя таго, у рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» рэалізавана 70 інвестыцыйных праектаў. Работа ў гэтым годзе працягваецца.

— Мы яшчэ запусцілі «рэгіянальную ініцыятыву». Можна праз сайт звярнуцца і накіраваць свае інвестыцыйныя прапановы.

Профільны міністр дадаў, што днямі было прынята рашэнне аб напаўненні «рэгіянальнай ініцыятывы» першымі чатырма праектамі. Яшчэ тры — на разглядзе.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю