Top.Mail.Ru

Галоўчанка: Да канца 2025 года ўдалося запаволіць дынаміку інфляцыйных працэсаў

Аб гэтым старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка паведаміў на пашыраным пасяджэнні Праўлення Нацыянальнага банка.


Галоўная мэта — абмеркаваць вынікі работы банкаўскага сектара ў 2025 годзе, вызначыць задачы на бягучы год і бліжэйшую перспектыву. 

Інфляцыя пад кантролем 

Па выніках года мэтавы паказчык інфляцыі ў 5 % дасягнуты не быў — фактычна яна склала 6,8 %. Але працэс, як адзначыў Раман Галоўчанка, знаходзіцца на пастаянным кантролі ў Нацыянальнага банка і ўрада: «Да канца 2025 года ўдалося запаволіць дынаміку інфляцыйных працэсаў і атрыманы вынік, з прычыны значнага ўплыву знешніх фактараў, можна лічыць у цэлым прымальным». 

Аналіз дынамікі па паўгоддзях паказвае, што планка ў 5 % была перавышана ўжо ў першай палове года. Як растлумачыў намеснік старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Андрэй КАРТУН, у гэтага ёсць шэраг аб’ектыўных прычын. Значны ўплыў аказалі знешнія фактары, у прыватнасці, «турбулентнасць» на рынку сезонных тавараў, такіх як агародніна і садавіна. Рост цэн закрануў і іншыя важкія пазіцыі спажывецкага кошыка. Напрыклад, кандытарскія вырабы даражэюць ужо другі год запар, што звязана з ажыятажам на сусветным рынку, дзе цэны на какава-бабы выраслі да паказчыка 200-300 %. Падаражанне таксама закранула мяса-малочную прадукцыю: «Калі раскласці гэту лічбу, 6,8 %, то 80 % усёй інфляцыі — гэта 20 таварных пазіцый. У сукупнасці яны і паўплывалі на выніковы паказчык».


Раман Галоўчанка, у сваю чаргу, адзначыў, што ўмовы для падтрымання базавай інфляцыі ў 2026 годзе каля 5 % ужо створаны, палічана прыкладная траекторыя руху гэтага паказчыка, а само пытанне знаходзіцца на кантролі. Гэта дасць магчымасць своечасова рэагаваць на змяненні і сумеснымі намаганнямі з урадам забяспечыць падтрыманне таго ўзроўню інфляцыі, які ўстаноўлены Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на бягучую пяцігодку: «Нізкія тэмпы інфляцыі нам неабходны для нармальнага планавання арганізацыямі доўгатэрміновых інвестыцый з улікам даступнасці сродкаў, якія прыцягваюцца эканомікай, для свайго развіцця. Гэта з’яўляецца базавай умовай для эканамічнага росту, павышэння ўзроўню жыцця і стымулявання зберажэнняў насельніцтва». 

Арыентацыя на сваё

Ключавым застаецца таксама забеспячэнне фінансавай стабільнасці на рынку. Як адзначыў першы намеснік старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЯГОРАЎ, гэта комплекснае паняцце, якое ахоплівае мноства аспектаў эканомікі:


— Перш за ўсё, гэта знешнія ўмовы, — падкрэсліў ён. — Тут можна адзначыць значны рост золатавалютных рэзерваў, які быў забяспечаны не толькі за кошт пераацэнкі золата, але і за кошт пакупкі Нацыянальным банкам валюты на ўнутраным рынку. Апошнім часам вялікую ўвагу мы таксама ўдзяляем паказчыкам міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі. Калі яе скарэкціраваць на прамыя замежныя інвестыцыі, то мы ўпершыню за ўсю гісторыю выйшлі на ўзровень меншы, чым мінус адзін мільярд. Нашы актывы практычна поўнасцю роўныя нашым абавязацельствам. Гэта добра характарызуе нашу фінансавую ўстойлівасць, сведчыць аб тым, што ў нас вялікая «падушка бяспекі», якая ў тым ліку будзе садзейнічаць правядзенню праактыўнай і незалежнай эканамічнай палітыкі.

Асаблівая ўвага, паводле слоў Аляксандра Ягорава, у 2026 годзе будзе ўдзелена лічбаваму суверэнітэту і ўкараненню IT-рашэнняў. «Або мы будзем укараняць гэтыя рашэнні самастойна, або нашы грамадзяне будуць карыстацца фінансавымі паслугамі ў іншых краінах. Таму асаблівая ўвага будзе ўдзелена, у тым ліку, і гэтаму пытанню». Ужо падпісана пастанова, якая абавязвае да сярэдзіны года ўсе сістэмаўтваральныя банкі падключыцца да плацежнага сэрвісу «КРОК», укараніць яе ў свае мабільныя дадаткі. Нацбанк плануе праводзіць шырокую кампанію для таго, каб як мага больш арганізацый гандлю і сэрвісаў мелі магчымасць прымаць падобныя плацяжы.

Гатовыя да новых выклікаў

Гаворачы аб інвестыцыйным крэдытаванні, Раман Галоўчанка адзначыў, што стаўкі былі на камфортным узроўні і складалі ў сярэднім на 2-2,5 % ніжэй за стаўкі па іншых крэдытах рэальнаму сектару. Поспехі былі дасягнуты і ў фарміраванні рэсурснай базы для крэдытавання эканомікі. Дзякуючы прынятым мерам стымулявання ўдалося стварыць умовы для росту тэрміновых укладаў насельніцтва. 

На пачатак 2026 года агульны аб’ём такіх дэпазітаў перавысіў 15 мільярдаў рублёў, што ў 1,4 раза больш за паказчык мінулага года. Пры гэтым доўгатэрміновыя безадзыўныя рублёвыя ўклады грамадзян наблізіліся да сумы 11 мільярдаў рублёў, склаўшы 73 % у агульным аб’ёме тэрміновых і ўмоўных укладаў насельніцтва. «Нягледзячы на рост пэўных ставак па ўкладах, удалося палепшыць умовы крэдытавання прадпрыемстваў. Сярэднія рынкавыя стаўкі па рублёвых крэдытах юрыдычных асоб у снежні 2025 года склалі 11,7 % гадавых, што ніжэй за снежань 2024 года», — адзначыў Раман Галоўчанка. 

Акрамя таго, павелічэнне рэсурснай базы дазволіла банкам поўнасцю задаволіць патрэбы эканомікі ў фінансах, а тэмпы крэдытавання перавысілі прагнозныя значэнні: «Пры мэтавым паказчыку ў памеры не менш за 16 % інвестыцыйнае фінансаванне за мінулы год фактычна павялічылася ў 1,5 раза. Спажывецкае крэдытаванне ўзрасло практычна на трэць — да 1,5 мільярда рублёў». 

Было таксама адзначана, што патрабаванні да банкаўскай сістэмы дакладна сфармуляваны кіраўніком дзяржавы і будуць няўхільна выконвацца. «За ўсё будзе спытана жорстка, але на прынцыпах аб’ектыўнасці і справядлівасц, — падкрэсліў Раман Галоўчанка. — Любы збой у сістэме, парушэнне ў яе элементах робіць яе больш уразлівай да знешняга ўздзеяння. Таму наша задача — своечасова вызначаць вузкія месцы, выяўляць праблемы і рабіць неабходную даналадку. Гэта дазволіць зрабіць нашу банкаўскую сістэму яшчэ больш устойлівай, адаптыўнай і гатовай да будучых выклікаў».

Аміна НАЗАРАВА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю