Рэсурсы таннеюць
Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка перакананы: у банкаўскай сістэмы ёсць магчымасці ў далейшым зніжаць кошт пазыковых рэсурсаў. Са свайго боку, рэгулятар знізіў разліковую велічыню стандартнай рызыкі для інвестыцыйных крэдытаў да 10,69 %. Як адзначыў старшыня праўлення, гэта сігнал банка, што яны праводзяць правільную палітыку, зніжаючы кошт запазычанняў і не ўваходзячы ў зону рызыкі.

У першым паўгоддзі банкаўская сістэма выдала 3,6 мільярда рублёў інвестыцыйных крэдытаў. Для дасягнення мэтавых паказчыкаў у другім паўгоддзі трэба будзе выдаць яшчэ 4 мільярды рублёў інвестыцыйных крэдытаў. Працэнтная стаўка па такіх прадуктах знізілася з пачатку года на адзін працэнтны пункт і складае каля 10 % гадавых. На думку Рамана Галоўчанкі, у тых умовах, у якіх знаходзіцца беларуская эканоміка, кошт пазыковых рэсурсаў цалкам прымальны. «Адэкватныя бізнес-планы поўнасцю дазваляюць гэту стаўку «пераварыць», — адзначыў ён. Пазітыўным з’яўляецца тое, што прадпрыемствы актыўна ўкладваюць сродкі ў тэхналагічнае абнаўленне: па выніках першага паўгоддзя затраты менавіта на набыццё машын і абсталявання, гэта значыць актыўная частка інвестыцый, выраслі практычна на 9,5 %.
Са зніжэннем працэнтнай стаўкі ў многім звязана ажыўленне інвестыцыйнай актыўнасці, перакананы кіраўнік Нацбанка. У першым паўгоддзі рост укладанняў у асноўны капітал вырас на 4,1 %, у многім за кошт пашырэння банкаўскага крэдытавання. У эканоміцы краіны з сакавіка назіраецца пэўны аднаўленчы трэнд, што выяўляецца ў выхадзе ВУП у дадатнае значэнне на ўзроўні 1,5 %. «Лічу, што гэтаму спрыяла і наша работа па фарміраванні працэнтнай палітыкі, накіраванай на паступальнае зніжэнне працэнтных ставак у эканоміцы, што натуральным чынам павышае даступнасць крэдытных рэсурсаў. З мая аднаўляюцца інвестыцыі ў асноўны капітал — за першае паўгоддзе рост забяспечаны на 4,1 %, — сказаў Раман Галоўчанка. — Асноўны ўклад у гэты прырост па-ранейшаму забяспечваецца банкаўскім крэдытаваннем». За першае паўгоддзе беларускія банкі выдалі таксама каля мільярда рублёў на набыццё тавараў айчыннай вытворчасці. У тым ліку за кошт гэтага падсілкоўвання плацежаздольнага попыту назіраецца рост як тавараабароту ў цэлым, так і нехарчовых тавараў у прыватнасці. Значны прырост дэманструе продаж айчынных аўтамабіляў: на гэтыя мэты выдаецца значная доля мэтавых спажывецкіх крэдытаў.
Раман Галоўчанка звярнуў увагу і на фарміраванне ўстойлівай рэсурснай базы банкаў, дзе адзначаецца павелічэнне долі ўкладаў насельніцтва на тэрмін ад 1 да 3 гадоў. Прычым расце і доля ўкладаў на тэрмін звыш 3 гадоў — іх доля набліжаецца да 5 %. Такім чынам мэтавы паказчык перавыконваецца ўжо ў два разы. «Гэта добры сігнал даверу да банкаўскай сістэмы ў цэлым і да эканамічнай палітыкі, якая рэалізуецца ў дзяржаве», — канстатаваў кіраўнік Нацбанка.

«Паказчыкі напружаныя традыцыйна, але магу з задавальненнем адзначыць, што Нацыянальны банк і банкаўская сістэма выконваюць за першае паўгоддзе ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы, і не толькі выконваюць, але і перавыконваюць па ўсіх асноўных задачах. Сітуацыя палепшылася ў параўнанні з вынікамі першага квартала, банкаўская сістэма мабілізавалася ў адпаведнасці з даведзенымі мэтамі, і на сёння абстаноўка нас цалкам задавальняе, мы праглядаем пазітыўныя вынікі і да канца бягучага года», — сказаў Раман Галоўчанка. Ён запэўніў, што ўсе мэтавыя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2026 год, зацверджаныя ўказам кіраўніка дзяржавы, выконваюцца. Працягвае запавольвацца інфляцыя, яна знаходзіцца ніжэй за мэтавую траекторыю, і ў чэрвені гадавы прырост спажывецкіх цэн склаў 4,3 % супраць 6,8 % у снежні 2025 года. Прычым запаволенне мае структурны, а не сезонны характар, як гэта было ў папярэднія гады. «З улікам дынамікі гэтых працэсаў у чэрвені было прынята рашэнне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання на 50 базісных пунктаў, да 9,25 % гадавых», — растлумачыў пазіцыю Нацыянальнага банка яго кіраўнік.

Банкаўскай сістэмай у першым паўгоддзі аказана значная падтрымка экспарцёрам: аб’ём знешнеэканамічных плацяжоў за тавары і паслугі, праведзеныя беларускімі банкамі, склаў 49 мільярдаў долараў з ростам больш як на 3 мільярды да аналагічнага перыяду мінулага года. На валютным рынку краіны захоўваецца стабільная сітуацыя. Чыстая прапанова замежнай валюты ўсімі ўдзельнікамі склала 800 мільёнаў долараў. Міжнародныя рэзервовыя актывы на 1 ліпеня склалі 14,2 мільярда долараў, што забяспечвае пакрыццё трох месяцаў імпарту, з’яўляючыся міжнародна прызнаным паказчыкам бяспекі", — падкрэсліў Раман Галоўчанка. Паводле яго слоў, ва ўстаноўленых бяспечных значэннях знаходзяцца і асноўныя паказчыкі ўстойлівага функцыянавання банкаўскай і плацежнай сістэмы, улічваючы і долю актываў, якія не абслугоўваюцца ў банках, і паказчык дастатковасці нарматыўнага капіталу. Сукупны ж прыбытак банкаў, уключаючы Банк развіцця, за паўгоддзе склаў амаль 2 мільярды рублёў.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ