У Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася рабочая сустрэча з вядомым грамадскім і палітычным дзеячам, прафесарам, доктарам педагагічных навук, заслужаным дзеячам навукі Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Радзьковым.
Размова з кіраўніцтвам бібліятэкі ішла пра зацікаўленасць чытача беларускай кнігай, пра месца публіцыстычнай, асветніцкайлітаратуры ў выхаванні грамадства, моладзі. Дырэктар бібліятэкі Алена Стрыжэвіч звярнула ўвагу на тое, што ў брэсцкай кніжніцы праводзіцца велізарная праца па асэнсаванню месца і ролі кнігі ў агульным культурным, гуманітарным працэсе, расказала пра далучанасць да бібліятэкі аматараў музыкі, выяўленчага мастацтва. Бібліятэка ганарыцца велізарным зборам рэдкай кнігі. Зала, у якой знаходзіцца гэтая калекцыя старадрукаў, заўсёды запоўнена даследчыкамі, выкладчыкамі ўніверсітэтаў, навуковай моладдзю горада і вобласці.
Удзел у размове прынялі начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Тацяна Гагакава, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. У час сустрэчы дасягнута дамоўленасць пра прэзентацыю кніг Аляксандра Радзькова «Ректоры», «Вкрапления в официальные, научные и корпоративные доклады, а также — содержания бесед и разговоров», «О математике и математиках», «Дискретный подход к наблюдению жизни», якія пабачылі свет у розных выдавецтвах краіны («Мастацкая літаратура», Выдавецкі дом «Звязда», «Беларусь»), а таксама кнігі «Города. Личные впечатления», якая ў хуткім часе прыйдзе да чытача.
Мікола БЕРЛЕЖ