Top.Mail.Ru
241

Работніцы школьнай сталовай кралі ежу ў дзяцей — як іх пакаралі

Злачынная схема выглядала надзейнай, як швейцарскі гадзіннік, і эфектыўна працавала больш за паўгода. У Мазыры вынесены прыгавор па рэзананснай крымінальнай справе аб крадзяжы прадуктаў у школьнай сталовай. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «МОЗЫРЬ».



Загадчыца вытворчасці і дзве яе падначаленыя на працягу паўгода сістэматычна кралі ежу, прызначаную для дзяцей.

Як устанавіў суд, злачынная схема дзейнічала з верасня 2024-га па сакавік 2025 года. Абвінавачаныя рэгулярна закладвалі пры падрыхтоўцы страў меншую колькасць прадуктаў, чым належыць па нормах.

Акрамя таго, яны замянялі адны прадукты іншымі, відаць, таннейшымі, а таксама выдавалі школьнікам порцыі паменшанага аб’ёму і вагі.

Зэканомленыя такім несумленным спосабам прадукты харчавання саўдзельніцы дзялілі паміж сабой і забіралі. Агульная сума ўрону склала больш як Br750.

Каб схаваць нястачу, загадчыца ўносіла ў справаздачныя дакументы заведама ілжывыя звесткі аб поўным выкарыстанні ўсяго аб’ёму прадуктаў.

Прыгавор суда

Суд прызнаў усіх трох жанчын вінаватымі ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі па папярэдняй змове групай асоб.

Загадчыцы прызначана пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі са штрафам у 150 базавых велічынь. Таксама ёй забаронена займаць кіруючыя пасады на працягу 5 гадоў.

Дзве работніцы сталовай атрымалі па 2 гады пазбаўлення волі са штрафам у 70 «базавых» кожнай.

Суд пастанавіў не прыводзіць у выкананне рэальнае пазбаўленне волі, устанавіўшы для ўсіх асуджаных выпрабавальны тэрмін. Гэта азначае, што яны пазбягаюць калоніі, калі на працягу гэтага тэрміна не зробяць новых злачынстваў і будуць выконваць ускладзеныя судом абавязкі.

Прыгавор пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю