Першая экскурсія пасля цырымоніі інаўгарацыі прайшла ў Палацы Незалежнасці 2 красавіка. Штогод у чацвёртую нядзелю сакавіка ў краіне адзначаецца прафесійнае свята работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. І вось у якасці падарунка 120 прадстаўнікоў галіны з Мінска і Любані змаглі на свае вочы ўбачыць рэзідэнцыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі.
Большасць гасцей бачылі Палац Незалежнасці толькі па тэлевізары. Ці супалі іх чаканні з рэальнасцю? Мы заспелі намесніка дырэктара па сацыяльных пытаннях і рабоце з насельніцтвам КУП ЖКГ Ленінскага раёна горада Мінска Вікторыю Саўлевіч за напісаннем цёплых слоў у гасцявой кнізе. Яна таксама з задавальненнем падзялілася і з намі сваімі ўражаннямі.
— Рэзідэнцыя проста грандыёзная! Усё зроблена на вельмі высокім узроўні рукамі нашых беларускіх умельцаў, таму я лічу, што такія экскурсіі — гэта магчымасць далучыцца да культуры, творчасці, рукадзелля нашых майстроў. Сапраўдны цуд тое, што ўся гэтая прыгажосць акумуляваная ў адным будынку! — падзялілася яна.
З цікавасцю інтэр’ер Палаца Незалежнасці аглядала і намеснік дырэктара па сацыяльных пытаннях і рабоце з насельніцтвам КУП ЖКГ Партызанскага раёна горада Мінска Таццяна Осікава. Паводле яе слоў, іх арганізацыя даўно чакала магчымасці патрапіць сюды на экскурсію.
— Такі падарунак нас вельмі ўзрадаваў. Прыемныя эмоцыі ад наведвання Палаца Незалежнасці складана перадаць словамі. Гонар за краіну перапаўняе. Мы вельмі ўдзячныя за тое, што нам пашчасціла ўбачыць усю гэтую прыгажосць на свае вочы, — адзначыла яна.
Падзяліўся ўражаннямі і начальнік аддзела эканомікі прадпрыемства «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама», дэлегат УНС Дзмітрый Гайдук. Паводле яго слоў, уся атмасфера Палаца Незалежнасці прасякнута веліччу.
— Гэта не можа перадаць тэлевізійны малюнак. Калі трапляеш у гэтую прастору перад вачыма праносяцца розныя важныя падзеі, якія адбываліся ў гэтых сценах і гэта неверагодна, бо ў такія моманты адчуваеш сваё дачыненне да ўсяго гэтага, — сказаў ён.
Госці з задавальненнем пагружаліся ў апавяданні аб гісторыі стварэння Палаца Незалежнасці, аб тых грандыёзных падзеях і сустрэчах, якія праходзілі ў гэтых сценах, разглядалі розныя экспанаты і, вядома ж, рабілі фота на памяць. Дакладна кажуць, што лепшы падарунак — гэта добрыя эмоцыі, а яны з гасцямі рэзідэнцыі сапраўды застануцца надоўга.
Фота аўтара