У бліжэйшыя выхадныя большасць беларусаў адправяцца на могілкі, дзе ўшануюць памяць памерлых продкаў. Масавы наплыў людзей у лясныя масівы ва ўмовах цяперашняга надвор’я павышае небяспеку ўзнікнення лясных пажараў, адзначаюць у Мінлясгасе.
Па гэтай прычыне для іх папярэджання, а таксама аператыўнага рэагавання на магчымыя пагрозы лясгасы перайшлі на ўзмоцненыя дзяжурствы. Такую задачу корпусу галоўных ляснічых галіны на днях паставіў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Драгун. З мінулай суботы леснікі прыступілі да выканання гэтай задачы.
— Мінімум адна група ў кожным лясгасе павінна ажыццяўляць палявыя мерапрыемствы: праводзіць тлумачальную працу з насельніцтвам. На працягу ўсяго светлавога дня дзяжурныя павінны ажыццяўляць відэаназіранне за лясным фондам. Гэта павінны быць найбольш вопытныя спецыялісты. Пры неабходнасці трэба аператыўна ўзмацніць людзьмі і тэхнікай лясніцтвы, якія кантралююць пажаранебяспечную абстаноўку ў зонах адчужэння, — даручыў першы намеснік міністра.
Ва ўзмоцненым рэжыме ў наступныя дні будуць працаваць і спецыялісты Міністэрства, ДВЛГА. Яны будуць кантраляваць ход ажыццяўлення дзяжурстваў на месцах.
Аляксандр Драгун адзначыў: людзі, якія будуць задзейнічаны на дзяжурствах і палявых мерапрыемствах у выхадныя дні, павінны атрымаць магчымасць з’ездзіць у іншыя дні на могілкі да блізкіх.
Першы намеснік міністра заклікаў выбудаваць і цеснае ўзаемадзеянне з мясцовымі органамі ўлады, РАУС і РАНС.
— Гэтыя выхадныя важна пратрымацца, — адзначыў на заканчэнне Аляксандр Драгун.