Top.Mail.Ru

Рабочы візіт Лукашэнкі ў Расію прадоўжыўся нефармальнай сустрэчай лідараў краін СНД у Эрмітажы

Рабочы візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Расію прадоўжыўся нефармальнай сустрэчай кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц СНД у Санкт-Пецярбургу, паведаміла БелТА.



Лідары краін Садружнасці сустрэліся ў Эрмітажы — адным з найбуйнейшых музеяў свету, які захоўвае больш за 3 млн помнікаў культуры розных краін і народаў. Тут сабраны творы жывапісу і графікі, скульптуры, манеты і медалі, археалагічныя матэрыялы. Помнікі эрмітажнага збору прадстаўлены ў больш чым 500 залах агульнай плошчай каля 100 тыс. кв. м.

Галоўны музейны комплекс Эрмітажа аб’ядноўвае пяць будынкаў: Зімовы палац, Малы Эрмітаж, Стары (Вялікі) Эрмітаж, Новы Эрмітаж і Эрмітажны тэатр.

Гасцям паказалі разнастайныя музейныя экспанаты, у ліку якіх — гадзіннік «Паўлін», які быў выраблены з пазалочанай бронзы і серабра яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя. Цяпер гэта адзіны ў свеце буйны аўтамат XVIII стагоддзя, які дайшоў да нашага часу без змен і ў дзейным стане. Работа механізмаў «Паўліна» нязменна выклікае захапленне гледачоў. Гэты гадзіннік заводзяць толькі па пятніцах, але для лідараў краін СНД зрабілі выключэнне.

Яшчэ адной кропкай экскурсійнага маршруту стала Ваенная галерэя 1812 года. На яе сценах змешчаны 329 партрэтаў генералаў — удзельнікаў Айчыннай вайны і замежных паходаў 1813-1814 гадоў.

Лідары краін СНД таксама ўбачылі работы галандскага мастака Рэмбранта ван Рэйна. У Эрмітажы прадстаўлена багатая калекцыя з больш як 20 работ знакамітага жывапісца.

На нефармальнай сустрэчы з прывітальным словам выступіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Расійскі лідар адзначыў, што за больш як тры дзесяцігоддзі Садружнасць зацвердзілася ў якасці аўтарытэтнага рэгіянальнага інтэграцыйнага аб’яднання, у якім краіны-ўдзельніцы выбудоўваюць адносіны на прынцыпах сапраўднага добрасуседства, раўнапраўнага партнёрства, узаемнай выгады і ўліку інтарэсаў адзін аднаго.


«У адыходзячым годзе шматпланавае ўзаемадзеянне нашых краін развівалася ў цэлым паспяхова. Аб гэтым сведчыць салідны аб’ём тавараабароту Расіі з удзельнікамі Садружнасці, які за дзесяць месяцаў гэтага года склаў амаль $90 млрд, — падкрэсліў Прэзідэнт Расіі. — Пашыраецца супрацоўніцтва дзяржаў СНД у валютна-фінансавай сферы. Для абслугоўвання ўзаемных эканамічных аперацый усё больш актыўна  выкарыстоўваюцца ўласныя, незалежныя ад замежных банкаўскіх сістэм, плацежныя інструменты. Доля нацыянальных валют у разліках па камерцыйных здзелках паміж краінамі Садружнасці ўжо перавышае 96 працэнтаў».

«Акрамя таго, хуткімі тэмпамі ідуць працэсы імпартазамяшчэння. Тым самым умацоўваецца тэхналагічны суверэнітэт нашых дзяржаў. Расце ўзаемная цікавасць краін-удзельніц да паглыблення практычнай кааперацыі ў прамысловасці, навуцы, тэхналогіях, лічбавізацыі і інавацыях», — дадаў Уладзімір Пуцін.

«Максімум дзясятак». Лукашэнка зноў заінтрыгаваў адказам на пытанне аб планах па пастаўках у Беларусь «Арэшніка»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц СНД адказаў на пытанне, колькі ракетных комплексаў «Арэшнік» атрымала Беларусь.

«Далі вам дзясятак (комплексаў „Арэшнік“. — Заўвага БЕЛТА), як вы прасілі ў Прэзідэнта (Расіі. — Заўв. БелТА)?» — спытаў журналіст.

«Дзясятак — гэта будзе максімум», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, суправадзіўшы адказ лёгкай усмешкай.

Пытанне журналіста пра дзясятак «Арэшнікаў» было адсылкай да ранейшай заявы Прэзідэнта Беларусі гадавой даўнасці. Тады на пытанне, колькі ў Беларусь плануецца паставіць гэтых ракетных комплексаў, кіраўнік дзяржавы сказаў: «Думаю, што пакуль дзясятак, а потым паглядзім. Калі ў расіян будзе жаданне больш іх размясціць, мы размесцім іх больш».

У момант той размовы з журналістамі міма праходзіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і пачуў словы беларускага калегі. «Не, ну дзесяць гэта...» — адзначыў расійскі лідар, падняўшы пры гэтым уверх абедзве рукі.

Праз месяц пасля той размовы, у студзені бягучага года, Аляксандр Лукашэнка патлумачыў сітуацыю: «Калі я сказаў „10 комплексаў“, я пажартаваў. Гэта шалёныя грошы. І прамысловасць Расіі не толькі ж „Арэшнікі“ выпускае. Я гэта разумею. Дастаткова аднаго комплексу „Арэшніка“, каб засцерагчы ад небяспекі Беларусь. Але яны патрэбны і ў Расіі».

Як паведамлялася БелТА, рабочы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Расію пачаўся 21 снежня. У гэты дзень кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Беларускі лідар акрэсліў прыярытэтныя кірункі работы ЕАЭС на бліжэйшую пяцігодку, а таксама паставіў пытанне аб выкананні ў саюзе ранейшых дамоўленасцяў і агульным настроі на інтэграцыю.

Напярэдадні саміту краін «пяцёркі» Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Размова на сустрэчы лідараў дзвюх краін ішла ў тым ліку аб адносінах Мінска і Масквы, інтэграцыйных працэсах на постсавецкай прасторы, выступленні Аляксандра Лукашэнкі на Усебеларускім народным сходзе і прамой лініі з Уладзімірам Пуціным.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю